Адны ўбіраюць – другія смецяць
Навядзенне парадку на зямлі – важны накірунак айчыннай дзяржаўнай палітыкі: тым больш актуальны ён у Год культуры, якім абвешчаны 2016-ы. Актыўна садзейнічаць гэтаму закліканы і эколагі. Так, сёлета супрацоўнікамі раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя праведзена 480 абследаванняў розных аб’ектаў, падчас якіх выяўлена 184 парушэнні, складзена 43 адміністрацыйныя пратаколы. Сярод іх значная частка датычылася менавіта звароту з адходамі. Адметна, што калі раней рублём караліся ў асноўным арганізацыі і іх пасадныя асобы за неналежны стан тэрыторый, якія знаходзяцца ў іх карыстанні, то нядаўні выпадак пацвердзіў, што выкінутае “пад куст” смецце можа дорага каштаваць і звычайнаму грамадзяніну. Надоўга запомніць кастрычніцкі дзень жыхар Арэхаўна, які, нагрузіўшы ў прычэп бытавыя адходы, павёз іх чамусьці не на мініпалігон, што маецца ля аграгарадка, а на поле ля вёскі Канцавыя (на здымку). Па ўсім відаць, такі ваяж ён ажыццявіў не ў першыню, і быў вельмі здзіўлены з’яўленню інспектараў, якія паведамілі, што за парушэнне заканадаўства аб звароце з адходамі мужчыну давядзецца заплаціць 105 рублёў.
–У адпаведнасці з часткай 2 артыкула 15.63 КоАП Рэспублікі Беларусь, размяшчэнне адходаў карыстання ў несанкцыянаваным месцы цягне за сабой штраф ад 5 да 50 базавых велічынь для фізічных асоб, да 200 для індывідуальных прадпрымальнікаў і да 1000 для юрыдычных асоб, – тлумачыць сітуацыю начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя М.А.Шук. – Мяркуем і надалей прыпыняць тых, хто бруднымі кучамі псуе ўшацкія краявіды. Згадзіцеся, гэта няправільна, калі адны ўбіраюць, а другія смецяць: так справа не пойдзе! Прывяду нядаўні прыклад: жыхары Сарочына падчас адной з “прамых ліній” звярнуліся з просьбай ліквідаваць несанкцыянаваны сметнік на ўскрайку вёскі. Сіламі работнікаў ЖКГ гэта было зроблена, аднак наведаўшы днямі гэтае месца, мы ўбачылі там новую кучу: відавочна, што хтосьці з жыхароў не захацеў мяняць свае звычкі – і гэта прытым, што побач з вёскай таксама маецца мініпалігон для цвёрдых бытавых адходаў! Я ўжо не кажу пра тое, што ў абодвух прыгаданых населеных пунктах устаноўлены кантэйнеры для смецця. Будзем актыўна высвятляць асобы такіх несвядомых грамадзян і прыцягваць іх да адказнасці.
Да цывілізаванай сістэмы
У працяг тэмы забяспечанасці кантэйнерамі варта адзначыць, што на цяперашні момант у населеных пунктах раёна іх устаноўлена 420. Толькі сёлета ўшацкім камунальным прадпрыемствам было набыта каля 50 кантэйнераў (пры заданні 20), на некалькіх вуліцах гарпасёлка з’явіліся новыя пляцоўкі са скрынямі (у тым ліку для раздзельнага збору смецця), жыхары шэрагу вёсак далучыліся да цывілізаванай сістэмы цэнтралізаванага збору камунальных адходаў.
Дарэчы, у сувязі з такой тэндэнцыяй прынята рашэнне аб скарачэнні ў раёне колькасці мініпалігонаў. Да апошняга часу іх было 18, аднак хутка 4 будуць закрыты – у Вяркудах, Дубраўцы, Селішчы і Вацлавове. Вывучэнне запатрабаванасці гэтых аб’ектаў паказала, што іх існаванне немэтазгодна. Мясцовае насельніцтва амаль не вывозіць сюды смецце, у той час як камунальная служба нясе выдаткі па іх абслугоўванні. На карысць змяншэння колькасці вясковых палігонаў кажа і тое, што з адходаў тут не вымаюцца другасныя матэрыяльныя рэсурсы, тады як на цэнтральным у вёсцы Лутава такая работа наладжана. І трэба адзначыць, што практыка закрыцця мініпалігонаў будзе працягвацца, дарэчы, падобныя рашэнні прымаюцца і ў іншых рэгіёнах краіны.
Землі можна аднавіць
Неабыякавых да экалогіі людзей турбуе далейшы лёс зямельных участкаў пасля закрыцця размешчаных на іх мініпалігонаў. Існуе практыка правядзення на падобных землях спецыяльных “рэабілітацыйных” мерапрыемстваў. Пасля рэкультывацыі на ўчастках высаджваюць устойлівыя да забруджваючых рэчываў расліны і так званыя культурымеліяранты. Паступова за кошт натуральных працэсаў самаачышчэння ў выніку вынасу элементаў раслінамі і вымывання іх за межы верхняга пласта глебы ўзровень яе забруджанасці знізіцца. Такім чынам, з цягам часу гэтыя тэрыторыі можна будзе зноў далучыць у гаспадарчы абарот.
Наталля БАГДАНОВІЧ.