Что тянет животных на дорогу? На дороге нужно быть осторожным и соблюдать скоростной режим

Экология

Сёлета напрыканцы мая давялося каля поўначы ехаць з Віцебска ва Ушачы. Калі першая частка падарожжа прайшла звычайна, то пасля павароту на Улу пачало адбывацца нешта неверагоднае: на дарогу то і справа выскоквала і вылятала самая розная жыўнасць – на шляху да Ушач цудам пазбеглі сутыкнення з некалькімі зайцамі і совамі, лісой, казуляй, дзіком, іншымі звярамі і птушкамі. Падарожжа ператварылася ў сапраўдны трылер, а стрэлка спідометра вагалася на мінімальных хуткасных паказчыках…

Што справакавала такія паводзіны жывёлы? Магчыма, нейкія асаблівыя прыродныя з’явы – агульнавядома, што браты нашы меншыя куды больш востра, чым чалавек, адчуваюць атмасферныя змяненні, набліжэнне небяспекі. Заолагі вылучаюць шэраг прычын, па якіх звяры і птушкі аказваюцца на дарогах. Часцей за ўсё яны проста накіроўваюцца да месцаў кармлення ці, наадварот, вяртаюцца дамоў пасля “трапезы”. Узімку некаторых звяроў прыцягвае раскінутая дарожнымі службамі салявая сумесь, а птушкі збіраюць дробныя каменьчыкі, неабходныя ім для стрававання. Жывёлы выходзяць на асфальт пагрэцца і абсохнуць ад расы, выбягаюць на шашу, уцякаючы ад драпежнікаў ці паляўнічых сабак.

Для прадстаўнікоў фаўны сутыкненне з аўтамабілем як правіла становіцца смяротным, а ДТЗ з ласём, аленем, кабаном, казуляй могуць мець самыя сур’ёзныя наступствы і для вадзіцеля. Таму варта ведаць, як сябе паводзіць у падобнай сітуацыі. Звычайна дзікая жывёла ўспрымае едучы аўтамабіль як драпежніка, які спрабуе адрэзаць шляхі адступлення, таму ў апошні момант кідаецца праз дарогу, каб “выскачыць з асяроддзя”. Аднак ацаніць хуткасць “праціўніка” яна не ў стане, у выніку адбываецца сутыкненне. Таму, калі на дарозе ці абочыне з’явілася жывёла, неабходна максімальна знізіць хуткасць, каб можна было імгненна спыніцца. А вось рэзка сігналіць не рэкамендуецца, бо гэта напалохае звера і выкліча яго непрадказальныя паводзіны.

Яшчэ больш небяспечна, калі жывёла выскоквае на трасу ноччу і яе асляпляюць фары. Цемру за межамі пучка святла яна ўспрымае як сцяну і пачынае кідацца, не бачачы нічога, акрамя асветленага ўчастка дарогі. У такой сітуацыі вадзіцелю варта спыніцца, выключыць фары (але пакінуць габарытныя агні), уключыць аварыйную светлавую сігналізацыю, тым самым даць жывёле час адаптавацца да цемры і пакінуць дарогу.

Вядома ж, раптоўнае з’яўленне перад аўто звяроў і птушак нельга прадбачыць. Аднак захаванне вадзіцелямі хуткаснага рэжыму на трасах уздоўж лясоў і надзвычайная асцярожнасць у зоне дзеяння папераджальнага знака “Дзікія жывёлы” істотна знізіць рызыку непрыемнасцяў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *