Здаецца зусім нядаўна, у лютым гэтага года, у Віцебскай абласной філармоніі сабраліся прадстаўнікі ўстаноў культуры з розных раёнаў – кіраўнікі школ мастацтваў і цэнтраў народнай творчасці, бібліятэк і дамоў рамёстваў, спецыялісты аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, каб акрэсліць задачы на 2016 – Год культуры. Рабочая калегія прайшла тады нетрадыцыйна – з выступленнямі лепшых калектываў, паказам здабыткаў ва ўсіх галінах праз прэзентацыі. І вось на мінулым тыдні адбылася выніковая, прымеркаваная да Дня работнікаў культуры. На сцэну таксама падымаліся прадстаўнікі самых розных устаноў, аднак на гэты раз – за ўзнагародамі.
Ганаровыя граматы Міністэрства культуры ўручыў намеснік міністра Васілій Мечаслававіч Чэрнік, які зразумела, павіншаваў работнікаў галіны і прыгадаў самыя яркія мерапрыемствы Віцебшчыны – юбілейны “Славянскі базар у Віцебску”, абласныя “Дажынкі” ў Сянно, фестывалі ў Паставах, Браславе і іншыя.
Дыпламантаў віншаваў начальнік упраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Генадзь Міхайлавіч Ягораў. За высокія творчыя дасягненні ў галіне мастацтва і культуры ў намінацыі “Лепшы майстар традыцыйных рамёстваў” дыплом атрымаў дырэктар Ушацкага народнага Дома рамёстваў Міхаіл Аляксандравіч Багдановіч (на здымку).
Была і яшчэ адна ўзнагарода прадстаўніку Ушаччыны. Ганаровы знак за значны асабісты ўнёсак у развіццё і прапаганду аматарскай народнай творчасці атрымала кіраўнік народнага фальклорнага калектыву “Матырынская спадчына” Аляксандра Іванаўна Рудзёнак. Дарэчы, менавіта лаўрэаты і дэманстравалі сваё майстэрства на сцэне: пераможцы конкурсаў – выхаванцы музычнага каледжа імя Івана Салярцінскага, дзе і праходзіла ўрачыстасць, калектыў народнага тэатра “Лялька”, які сёлета адзначыў трыццацігадовы юбілей, прадстаўнікі сямейных дынастый з Глыбокага (была і такая намінацыя), юнак, які заняў першае месца за верш аб культуры і многіямногія іншыя.
А Год культуры яшчэ не завершаны, як невычэрпная крыніца народнай творчасці і таленту. Наш дыпламант М.Багдановіч, напрыклад, рыхтуе акварэлі і графіку да выставы “Зімовыя краявіды”, якая адкрыецца на Каляды ў Полацкім цэнтры рамёстваў.
Вольга КАРАЛЕНКА.