В Ушачах прошла ещё одна осенняя ярмарка

Общество

Кірмаш у мінулую суботу аказаўся яшчэ больш ажыўлены, чым папярэдні. Яно і не дзіўна – загадзя ведаўшы пра даты правядзення, ушачане планавалі пакупкі, а набыццё агародніны на захоўванне спецыяльна адцягвалі на больш позні тэрмін, каб не псавалася. Немалаважным аказалася і рэклама тавару – патэнцыйныя пакупнікі ведалі, на што разлічваць і колькі накапіць грошай. Ды і традыцыйны час квашання капусты – аднаго з самых бойкіх тавараў восеньскіх кірмашоў, яшчэ таксама наперадзе.

Мінула ўсяго гадзіна гандлю, а машына КУСГП “Арэхаўна” ўжо пакідала кірмаш… Каб вярнуцца загружанай чарговай партыяй. Першыя 2,5 тоны пшаніцы разышліся імгненна, і хаця па такім жа кошце – 22 капейкі яна яшчэ заставалася ў “Вялікадолецкім”, група ўшачан не разышлася, а чакала вяртання машыны. “У нас свая кліентура”, – усміхнулася галоўны бухгалтар сельгаспрадпрыемства Жанна Пятроўна Федарэнка, а пакупнік Валянціна Уладзіміраўна Крахотка пацвердзіла. “Мы заўсёды ў іх купляем, правераная якасць, нас задавальняе”. Чарговыя 3,5 тоны таксама хутка разышліся па дварах ушачан.

Яшчэ раней распрадала пшаніцу ААТ “Агра­Селішча”. Кошт як на мінулым кірмашы – па 20 капеек, расфасаваная па мяхах, яна разыходзілася імгненна, тым больш што людзі бралі на корм жывёле нават па пятнаццаць мяхоў. Вялікая сям’я ва Уладзіміра Мікалаевіча Качко, вялікая падсобная гаспадарка, зерневыя на ўчастку ва Ушачы не сее, таму і задаволены, што на кірмашах можна набыць яго па такім дэмакратычным кошце – на трэць танней, чым прадаецца на рынку.

Аб тым, што зерне было самым хадавым таварам, сведчыла і самая вялікая чарга ля машыны “Ільюшынскага”. Па­першае, тут быў ячмень, якім гандлявалі яшчэ хіба толькі “Глыбачаны”, па­другое, ён меў і самы нізкі кошт – 18 капеек. Вось і хапіла работы ўдзельніку “Дажынак” Аляксандру Пятровічу Крысёнку, які вёдрамі выгружаў у мяхі свой пяцітоннік.

КУСГП “Глыбачаны” пер­шым прадало авёс, які ў іх, а таксама “Арэхаўне” працягвалі пытацца не толькі ўладальнікі коней, але і прыхільнікі здаровага харчавання. Была тут пшаніца і ячмень.

А вось бульбачка прадавалася павольна. Урадзіла сёлета яна ва ўшачан, ды і аб’явы ў газеце пярэсцяць рознымі цэнамі, таму патэнцыйныя пакупнікі пераборліва цікавіліся – адкуль, які сорт, ці пашкоджана драцянікам. І хоць і была ў “Кублічах” па 23 капейкі за кілаграм, распрадалася толькі невялікая частка.

Па 2 рублі 50 капеек гандляваў грэчкай “Дземенец”. Ажыятажу вакол ядрыцы не было, аднак больш тоны экалагічна чыстай крупы тым не менш ужо стаіць на кухнях ушачан. Ці нават у кладоўках, паколькі бралі яе таксама не па кілаграме, і нават не пяць, як былі пафасаваны пакеты, а напрыклад, сорак, практычна мех, як Людміла Мікалаеўна Фінагеева. “Набываю крупу “Дземенца” не першы раз. Хутка разварваецца, смачная, у мяне ўсе любяць. Вось і зараз брала не толькі для сябе, але і для сямей сыноў”. Дарэчы, сустракала ўшачан, якія яшчэ не ведалі, што на палетках “Дземенца” росцяць грэчку, таму яшчэ раз нагадваем, што гандлюе ёй на месцы “Дземенец” практычна круглы год.

Вельмі бойка вёўся гандаль літаральна ля ўсіх палатак ці машын райспажыўтаварыства. Парадавала багатая і прыгожая выкладка тавару, на якім абавязкова вылучалася акцыйная група. І хоць была чарга ля палатак з мясам (там было літаральна ўсё, вельмі вялікі выбар свежай свініны ад нырак да паляндвіцы), рыбай – жывой, марожанай і вяленай, садавінай і агароднінай, рухалася яна хутка, паколькі паўсюдна гандлявала па два прадаўцы. І калі свініны было многа, то ялавічына ў “Вялікадолецкім” і “Райаграсэрвісе” таксама пайшла “з малатка”. Праз гадзіну актыўнага гандлю заставаліся не самыя мясныя кускі, на якія, праўда, “Райаграсэрвіс” напалову скінуў цэны. Трэба зазначыць, што спрабавалі гаспадаркі зрабіць канкурэнцыю і грамадскаму харчаванню. Той жа “Райаграсэрвіс” прыгатаваў нават гарачыя клёцкі, ну а паколькі работа была ручная – то і каштавала амаль удвая даражэй, чым у палатцы райспажаўтаварыства. Ды на тое і кірмаш, каб хадзіць, прыцэньвацца, збіваць цану. Вось і кошт на капусту, якой гандлявала арэхаўская школа, фермеры з Глыбокага, райспажыўтаварыства і ўшацкія прадпрымальнікі, зніжаўся, падстройваючыся пад самы нізкі – 35 капеек. А вось канкурэнцыі памідорам з полацкага агракамбіната “Вясна” не было, закончыліся яны таксама хутка. Ды і рыба з азёраў, якія арандуе П.І.Герасімёнак, асабліва тая, што танней, таксама карысталася попытам.

Былі на кірмашы забавы, латарэі, гульні, песні. Чаго, на мой погляд, не хапала, дык гэта гукавой рэкламы, каб лепш арыентавацца ў тавары, як гэта рабілі, рэкламуючы грэчку, работнікі “Дземенца”. А то нехта звярнуў увагу, а нехта не на стульчык “Райаграсэрвіса” з невялікай шыльдай “гной”, 9 тон – сто рублёў. Паглядзеўшы на ялавічыну, пыталіся, а дзе ж свініна. А набыўшы мяхі з бульбай ці капустай, шукалі транспарт, каб давезці дадому. А такая паслуга таксама была – яе аказвала райспажыўтаварыства і па вельмі прымальным кошце – 3 рублі па гарпасёлку.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *