Зручней праз масток
стала перапраўляцца жыхарам вёскі Двор Пліна, якія і да гэтага з завулка Паркавага да вуліцы НіжнеНабярэжнай хадзілі напрамкі, пераадольваючы штодня паласу перашкод: скакалі па купінах ці па рэштках былога насцілу. Так, пераправа была і раней, паколькі ў школу, магазін, дзіцячы сад і іншыя сацыяльныя аб’екты, што размешчаны на правабярэжным узгорку – былым панскім маёнтку, з новага спальнага мікрараёна на супрацьлеглым баку так карацей практычна на кіламетр.
Зараз масток мае жалезабетонную аснову, пакласці яе на топкім месцы, як і зрабіць усе бульдозерныя работы бязвыплатна дапамог прадпрымальнік, заснавальнік фірмы “Меналайн” Віктар Анатольевіч Прашкевіч. Некалькі суботнікаў правёў Ушацкі сельвыканкам, у якіх прымалі ўдзел як работнікі арганізацый, так і жыхары вялікай вёскі. Падсыпаны пясок, укладзены драўляны насціл. Былі пажаданні, каб ён быў даўжэй. Але калі зроблена вялікае, за малым справа не стане, у вёсцы бойкі старэйшына і дэпутат сельвыканкама Надзея Восіпаўна Дунец, ды і мужчын хапае, каб укласці на пясок дошкі.
Зносяць старыя дамы
У Жарскім сельсавеце вядзецца планамерная работа па выкананні мерапрыемстваў, акрэсленых указам Прэзідэнта краіны №100 “Аб мерах па ўдасканаленні ўліку і скарачэнні колькасці пустуючых і трухлявых дамоў у сельскай мясцовасці”. Сёлета ўжо знесены дом у вёсцы Петухі, у цяперашні час ідзе разборка трох старых пабудоў у Двор Жарах, а таксама дамоў у Памялкове і Наваселлі. Гэтыя работы, якія плануецца завяршыць да канца месяца, выконваюцца за сродкі сельвыканкама супрацоўнікамі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.
Аднавілі рэліквію
А менавіта так называюць мясцовую крыніцу з гаючай вадой жыхары вёскі Новае Сяло Ушацкага сельсавета. З просьбай добраўпарадкаваць яе да старшыні Ушацкага сельскага Савета дэпутатаў В.І.Шнітко звярнулася Ніна Міхайлаўна Дук. Васіль Іванавіч арганізаваў работы. Прадпрыемства меліярацыйных сістэм устанавіла жалезабетоннае кальцо, прадпрымальнік Пётр Герасімёнак прывёз камяні і зрабіў дах над крынічкай, які пафарбаваў Мікалай Афанасьевіч Дук. Як кажуць мясцовыя жыхары, крынічка ва ўсе часы карысталася попытам і да ста гадоў жылі бабулі, дамы якіх стаялі побач з ёй.
Святы праводзяць разам
Цёплым вераснёўскім днём у двары сядзібы Аляксандра Антонавіча і Марыі Васільеўны Ляхоўскіх было надзвычай ажыўлена – ціхія Лясіны, дзе зараз пражывае менш дзесяці чалавек, абудзілі звонкія песні работнікаў культуры, якія праводзілі чарговае свята вёскі. Такая форма работы з насельніцтвам прыжылася, падабаецца жыхарам невялікіх населеных пунктаў, якія з’яўляюцца пераважна ветэранамі працы і не часта маюць магчымасць наведаць мерапрыемствы ў сельскіх установах культуры. Таму яны актыўна ўдзельнічаюць у святах сваіх вёсак, тым больш што культработнікі і супрацоўнікі сельвыканкама знойдуць добрыя словы і музычныя віншаванні літаральна для кожнага, прыгадаюць гісторыю населенага пункта, адзначаць заслужаных працаўнікоў, лепшых гаспадароў. У верасні такія мерапрыемствы адбыліся ў чатырох вёсках Вялікадолецкага сельсавета: Касарскі сельскі клуб разам з работнікамі раённага цэнтра культуры і народнай творчасці акрамя Лясін зладзіў свята ў Касарах, а Вялікадолецкі сельскі Дом культуры – у аграгарадку і Пораўне.