У Беларусі па ініцыятыве Міністэрства па надзвычайных сітуацыях праходзіць рэспубліканская акцыя “Моладзь за бяспеку”. Прысвечана яна ўтварэнню ў краіне маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных, якой сёлета споўнілася 15 гадоў. Ушацкі раён далучыўся да прафілактычных мерапрыемстваў.
Ветэраны вайны, адзінокія і адзінокапражываючыя пажылыя людзі, інваліды, а таксама сем’і, дзе выхоўваецца трое і больш дзяцей, заўсёды пад увагай работнікаў МНС. Яшчэ да пачатку названай акцыі, адным з этапаў якой з’яўляецца дапамога менавіта такім катэгорыям грамадзян, ушацкія выратавальнікі правялі вялікую работу па ўстаноўцы ў домаўладаннях аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. Прыборы са святлогукавым устройствам былі набыты за кошт сродкаў, выдзеленых у рамках “Дзяржаўнай праграмы аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва на 2016-2020 гады” і ўстаноўлены ў 36 дамах.
На мінулым тыдні юныя выратавальнікі-пажарныя сумесна з супрацоўнікамі МНС аказалі пасільную дапамогу пенсіянерам, ветэранам, інвалідам па вядзенні хатняй гаспадаркі, а таксама перадалі прадметы асабістай гігіены і прадукты харчавання ад раённай арганізацыі “Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа”. Для пажылых людзей вельмі важныя клопат і ўвага ад падрастаючага пакалення. Так, напрыклад, ветэран вайны В.М.Казачонак з Завыдрына не толькі прыгадаў пра ваенныя часы, а і нават з задавальненнем праспяваў песні і сыграў на гармоніку. У дамах мнагадзетных сямей вяліся размовы аб выкананні правіл пажарнай бяспекі, дарослым і дзецям уручаны кнігі і памяткі па названай тэме.
В.КАРЭЙША, інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.