Дети активно помогают Нине Иосфовне Грак из деревне Загорье благоустраивать свою усадьбу

Благоустройство

У вёсцы Загор’е, што ў Вяркудскім сельсавеце, нямала акуратных ся­дзіб. У гэтым маляўнічым месцы побач з  возерам Оталава жыве многа дачнікаў. І, канечне, карэнныя жыхары, сярод якіх Ніна Іосіфаўна Грак, дагледжаны падворак якой прыцягвае ўвагу з дарогі.

– У мяне ж нічога такога асаблівага на падворку няма, а трымаць свой участак дагледжаным – гэта ж натуральна, так і павінна быць, – сціпла зазначыла Ніна Іосіфаўна.

Каля дома ўжо даўно расце вялікая пальма, большая за рост чалавека. Праўда, несапраўдная, а зробленая з пластыкавых бутэлек. Але нягледзячы на гэта яна вельмі ўпрыгожыла падворак. Пасяліліся тут і буслы на дрэве. На вялікай клумбе ад вясны да восені зацвітаюць адны за другімі розныя кветкі. Якраз перад пахаладаннем радавалі яркімі фарбамі апошнія гладыёлусы, вяргіні, аксаміткі.

Канечне, справіцца адной з навядзеннем парадку 86­гадовай жанчыне ўжо не пад сілу. Ва ўсім ёй дапамагаюць яе працавітыя дзеці.

– Двое ў мяне дзетак, – так ласкава называе іх Ніна Іосі­фаўна. – Людміла і Анатоль са сваімі сем’ямі жывуць у Наваполацку, але кожныя выхадныя прыязджаюць да мяне. Робяць тут усё, апрацоўваюць участак, садзяць агародніну, а вось ужо ўзяліся і непасрэдна за дом, – расказвае Н.І.Грак, стоячы на парозе свайго жылля.

Простая вясковая  хата сапраўды зараз паступова набывае выгляд сучаснага будынка – “пераапранаецца” ў навамодны блок­-хаус, новыя вокны, у планах зрабіць і новы дах. “А вось тут будзе так званая тэраса, дзеці сказалі, што на ёй будуць са мной  каву і чай піць   па святах і выхадных!”

Ёсць у Ніны Іосіфаўны тры ўнучкі і чатыры праўнукі, пра якіх яна таксама расказвае з цеплынёй. Яны ў вёсцы частыя госці, што і не дзіўна – прыроду і чыстае паветра не параўнаць з гарадскімі выгодамі, а колькі месца – ёсць дзе разгуляцца! Для малых тут нават змайстраваны спецыяльны домік пад яблыняй.

У Загор’і Н.І.Грак жыве ўжо каля 60 гадоў, усю сваю працоўную дзейнасць прысвяціла мясцовай гаспадарцы. Яна і зараз ніколі не сядзіць, склаўшы рукі, – такі ўжо склад характару і ўклад жыцця. Ну а прыклад яе дзяцей, якія  не забываюць маці, дапамагаюць, займаюцца добраўпарадкаваннем, не чакаючы, калі гэта хтосьці зробіць, дастойны пераймання.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *