Её дом надолго не пустеет. Четырёх детей вырастила и воспитала Евгения Николаевна Ушакова

Общество

“Пасля смерці мужа ўжо амаль трыццаць год жыву адна”, – кажа Яўгенія Мікалаеўна Ушакова. Але на самой справе гэта не зусім так – адна яна толькі па прапісцы, бо хата ветэрана працы, маці і бабулі надоўга ніколі не пусцее. Сюды, у Цялічына, разам са сваімі сем’ямі імкнуцца дзеці, каб аблегчыць жыццё пенсіянеркі, якое яна прысвяціла ім.

Двух сыноў і двух дачок выгадавала Яўгенія Мікалаеўна. Выхаванне малых заўсёды было на ёй. З боку свекрыві дапамогі амаль не было, а ад бацькоў Яўгенія Мікалаеўна стала жыць асобна, як толькі дасягнула паўналецця. Зрэшты, у шасці­дзесятыя гэта было нармальнай з’явай. Нарадзіліся ўсе чацвёра ў Какчэтаўскай вобласці Казахстана, куды сям’я жанчыны пераехала з Украіны. Бацькі неўзабаве вярнуліся назад, а Яўгенія выйшла замуж, уладкавалася на працу даяркай, бо яшчэ з 17 год працавала ў жывёлагадоўлі. Даводзілася і маленькіх цялят даглядаць, і вялікіх быкоў на адкорме. Усе работы выконваліся ўручную, памятае, што валоў у спецыяльны механізм запрагалі толькі для таго, каб наліць у ёмістасць вады. У Казахстане 50 галоў было замацавана за кожнай даяркай. У дзве гадзіны ночы падымалася, каб усё паспець, бо дома таксама трымала вялікую гаспадарку – дзве каровы, у хлеўчуку заўсёды рохкалі парсюкі, гадавала цялят, разводзіла трусоў. Палову работы па хатняй гаспадарцы паспявала зрабіць да працы, а заканчвала, калі ўжо вярталася дадому.

Працавала сумленна, і калі сям’я збіралася пераязджаць у Беларусь, дзе ва Ушацкім раёне працаваў брат мужа, Яўгенію Мікалаеўну з калгаса не адпускалі, не разлічвалі. Прыйшлося нават адбіць тэлеграму бацькам ва Украіну, каб прыслалі выклік. Запомніла жанчына і словы старшыні гаспадаркі на развітанне: “Надумаеце вярнуцца назад – у любы момант прымем з задавальненнем”.

Ды з таго часу як вялікая сям’я перабралася ва Ушацкі раён, жадання зноў вярнуцца ў Казахстан у Яўгеніі Мікалаеўны не ўзнікала.

– У Цялічыне, дзе набылі дом, зноў стала цялятніцай, – успамінае жанчына. – На мясцовай ферме саўгаса “Ушацкі” адпрацавала 20 гадоў, у 50 выйшла на заслужаны адпачынак.

Здаецца, нічога асаблівага, але жыццё складалася няпроста. Малодшай дачцэ Ларысе на момант пераезду было толькі тры гады. А калі сыны вучыліся ў школе, а старэйшая Таццяна неўзабаве паехала на вучобу ў Полацк, меншую не было з кім пакінуць.

– Брала з сабой на ферму, – з невясёлай усмешкай прыгадвае Я.М.Ушакова. – Пакладу ў чыстыя яселькі на стайні: знізу халат, халатамі чыстымі накрыю – яна і спіць, пакуль я спраўляюся з жывёлай.

У Цялічыне таксама трымала вялікую гаспадарку – трэба было паднімаць дзяцей. У лік зарплаты брала ў сельгаспрадпрыемстве цялят, гадавала і здавала назад, па 300 і нават па 400 кілаграмаў вырасталі за лета. Дзеці дапамагалі, але ж на тое яны і малыя, асабліва хлопчыкі – ім трэба было пабегаць, зімой на каньках пакатацца.

Цікава, што гаворачы пра старэйшую дачку, Яўгенія Мікалаеўна дабаўляе да імя і імя па бацьку – Таццяна Мікалаеўна. Магчыма, гэта прызнанне яе заслуг у дапамозе выхавання меншых братоў і сястры. Дзеці рана станавіліся самастойнымі. “Яшчэ ў Казахстане паедуць з бітонам да калодзежа, той з санак зваліцца… Дарослыя дапамогуць яго назад паставіць, так дадому і цягнуць” – з малых гадоў дачка і хлопчыкі Яўгеніі Мікалаеўны выконвалі пасільную і не вельмі справу.

Жанчына сцвярджае, што і цяпер, у семдзесят з гакам, ёй не вялікі цяжар трымаць дзве казы, траіх в’етнамскіх парасят, курэй – дапамагаюць родныя.

– Зараз ва ўсіх маіх хлопчыкаў і дзяўчат свае дзеці, усе жывуць і працуюць у нашым раёне, – з задавальненнем кажа Я.М.Ушакова. – У мяне шасцёра ўнукаў, чацвёра, а хутка будзе і пяцёра праўнукаў. Не забываюць, збіраюцца на выхадныя, калі якую работу трэба зрабіць. Цяжкую мужчынскую справу дапамагалі выконваць і зяці. Віктар, на жаль, пайшоў з жыцця…

Матчына сэрца балела і баліць за ўсіх. Рознае здаралася ў няпростым жыцці – і трагічнае, і камічнае, усё ў памяці маці:

– У немцаў, якія ў Казахстане пражывалі па­суседстве, было нейкае свята, дык мае малыя за паветраным шарыкам пабеглі басанож. А перад гэтым вуліцу будавалі – палілі дарогу смалой – ледзь іх адтуль выцягнула і адмыла. Таня зусім маленькай пад машыну трапіла – слава Богу, усё скончылася добра, але ж чаго мне гэта каштавала…

Хоць і правяла Яўгенія Мікалаеўна большую частку жыцця ў Беларусі, гаворка адразу выдае яе ўкраінскія карані. Затое як і большасць ураджэнак гэтай краіны­суседкі, валодае добрымі вакальнымі данымі, таму 16 гадоў таму па “патрабаванні” аднавяскоўцаў уступіла ў хор ветэранаў. Раней на рэпетыцыі ў райцэнтр ездзіла два разы ў тыдзень, зараз толькі адзін – адмянілі аўтобус і дабірацца зручна толькі ў пятніцу. “Але калі канцэрт які, не падвяду, – запэўніла жанчына. – Патэлефаную, зяць або ўнукі падвязуць!”

Магчыма, жыццё магло б скласціся і па­іншаму – каб вучылася, пайшла на прэстыжную працу. Але Яўгенія Мікалаеўна ахвяравала гэтым дзеля сям’і, сваіх дзяцей, у якіх бяздонныя крыніцы яе ласкі і спагады. Вось толькі сапраўды – не месца красіць чалавека. У гэтым яшчэ раз упэўніўся, калі пасля размовы гаспадыня пайшла пераапрануцца для фотаздымка. Калі б першапачаткова не ведаў, што дома яна знаходзіцца адна, запытаўся б у жанчыны, якая праз некалькі хвілін выйшла насустрач: “Ці хутка там Яўгенія Мікалаеўна?”

Гэта абаяльная жанчына глядзіцца як сама высакароднасць, як чысты сімвал мацярынства.

Д.Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *