Пришла осень, а с ней и деперессия. На Витебщине ежегодно к психиатрам обращается более 40 тысяч человек

Здравоохранение

Усе беды – ад нерваў…

У прайшоўшыя выхадныя краіну страсянула трагічная навіна: у адным з буйнейшых сталічных гандлёвых цэнтраў 17­гадовы наведвальнік з бензапілой і сякерай напаў на людзей. У выніку адна жанчына загінула, яшчэ адна з сур’ёзнымі траўмамі дастаўлена ў бальніцу. Пэўныя адхіленні ў яго псіхічным стане, па словах спецыялістаў, відавочныя.

На сённяшні дзень у свеце налічваецца каля 500 мільёнаў людзей, якія пакутуюць на пэўныя псіхічныя захворванні. У заходніх краінах кожны сёмы грамадзянін мае нейкі псіхіятрычны дыягназ, у тым ліку схільнасць да дэпрэсіі і алкагалізму. Росту захворванняў спрыяюць інфармацыйныя перагрузкі, палітычныя і эканамічныя катаклізмы, а іх прадвеснікам з’яўляюцца стрэсы. Калі чалавек пачынае з імі мірыцца, у яго развіваецца дэпрэсія.

Па словах урача псіхіятра­нарколага Ушацкай цэнтральнай раённай бальніцы Т.І.Жылко, першая псіхалагічная дапамога не заўсёды патрабуе прыцягнення спецыялістаў. Бывае дастаткова выслухаць чалавека, дапамагчы разабрацца ў сваіх перажываннях. Важна, каб той адчуваў бяспеку і спакой пры зносінах з вамі. Біць жа трывогу трэба ў выпадку, калі чалавек знаходзіцца ў стане, што не дазваляе яму самастойна клапаціцца пра сябе і блізкіх, ці можа нанесці ім шкоду.

Калі не лячыць дэпрэсію, гэта прывядзе да зніжэння працаздольнасці, псіхічнага і фізічнага знясілення, злоўжывання алкаголем, наркатычнай залежнасці, а ў цяжкіх выпадках – да самазабойства. Прыкладна 15 працэнтаў дэпрэсіўных хворых, якія не звяртаюцца за дапамогай да спецыялістаў, заканчваюць жыццё самагубствам.

На жаль, нашы людзі часта пачынаюць лячыцца, калі зусім “прыцісне”, а ўжо пра псіхалагічныя праблемы і казаць няма чаго. Візіт да псіхатэрапеўта, а тым больш да псіхіятра лічыцца ў нас чымсьці экстранеардынарным. Між тым, ва ўсім свеце такая практыка існуе даўно і зарэкамендавала сябе. На Каўказе ёсць прымаўка: “Чалавека лечыць чалавек”. Часта менавіта псіхатэрапія – і ёсць адзіна дакладны шлях лячэння ад дэпрэсіі.

Асобы, якія аказаліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, могуць атрымаць экстранную псіхалагічную дапамогу па “тэлефонах даверу” Віцебскага абласнога клінічнага цэнтра псіхіятрыі і наркалогіі 8­(0212)­61­60­60 і Ушацкай ЦРБ 2­03­44 (з 8.00 да 15.00). Ананімнасць і бясплатнасць гарантуюцца.

Прыйшла восень, а з ёй – дэпрэсія

У Віцебскай вобласці да псіхіятраў штогод звяртаецца больш за 40 тысяч чалавек, каля паўтары тысячы з іх пакутуюць ад дэпрэсіі. Дарэчы, розныя формы апошняй зараз паддаюцца лячэнню. Прычым, часта можна абысціся і без антыдэпрэсантаў – дастаткова змяніць рэжым працы і адпачынку, перагледзець харчаванне.

Справа ў тым, што ў нашым арганізме цыклічна адбываецца змена сну і няспання. Калі свеціць сонца, арганізм актыўны, поўны сіл – і тады ў нас добры настрой. Калі наступае ноч, у арганізме выпрацоўваецца “гармон сну” мелатанін, які аказвае супакойваючае дзеянне. Восенню і зімой дзень кароткі, таму людзі часта адчуваюць санлівасць і дэпрэсію. Але падмануць арганізм можна: насіце вопратку светлых тонаў, уключайце яркае святло ў кватэры, кладзіцеся спаць не пазней 22 гадзін (больш за ўсё сератаніну – гармону радасці – выпрацоўваецца з 23.00 да 01.00).

Калі чалавек ужывае салодкае, канцэнтрацыя сератаніну павялічваецца, але гэты эфект вельмі нядоўгі. У крыві рэзка ўзнімаецца ўзровень глюкозы і гэтак жа рэзка падае ўжо праз гадзіну, таму зноў хочацца есці. Адмоўцеся ад булачак і пірожных, ешце на працягу дня садавіну і агародніну, багатыя на грубыя валокны, а таксама вырабы з мукі грубага памолу. Тады ўзровень глюкозы будзе ўзнімацца паступова і гэтак жа павольна зніжацца – і настрой будзе роўным.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *