Тема недели: Встреча Президента Беларуси с парламентариями

Общество

У Авальнай зале Дома ўрада 7 кастрычніка Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў і членамі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі пятага і шостага скліканняў. Кіраўнік дзяржавы выступіў са зваротам і ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды парламентарыям Нацыянальнага сходу пятага склікання.

Аб эканоміцы

Гаворачы аб напрамках дзейнасці парламентарыяў і ўсёй дзяржавы на перспектыву, Прэзідэнт падкрэсліў, што работа чакаецца складаная і адказная: “Краіна павінна пераадолець негатыўныя тэндэнцыі ў эканоміцы і выйсці на ўстойлівыя дынамічныя тэмпы развіцця”.

Бізнес у Беларусі павінен атрымаць магутны імпульс для развіцця, лічыць Прэзідэнт. З гэтай мэтай трэба прапрацаваць заканадаўчую базу, сфарміраваць спрыяльныя ўмовы без фармальных абмежаванняў, надуманых патрабаванняў і залішняй перастрахоўкі.

Для рэгулявання працэсаў у сферы цэнаўтварэння было створана Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. «Міністр павінен несці за гэта адказнасць, залішне не ўмешвацца, не перашкаджаць працаваць ні гандлю, ні вытворцам, ні спажыўцам. Але калі бачыць нейкую манапольную змову, або ёсць манапаліст, мы яго будзем кантраляваць. Як ва ўсім свеце. Мы нічога не выдумляем», – сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы закрануў пытанне кошту паслуг у ЖКГ. «Так, трэба да 100 працэнтаў даводзіць аплату. Кожны павінен плаціць за сваё. Але ў людзей павінна быць магчымасць заплаціць». Што ж датычыцца ўзроўню зарплат, А.Лукашэнка падкрэсліў захаванне іх прывязкі выключна да прадукцыйнасці працы. «Будзе магчымасць – вырабім, прададзім, атрымаем грошы – будзем павышаць зарплату. Хоць, вядома, дзесьці мы крыху адсталі. Дамовіліся, што трэба пенсіянераў і іншых падтрымаць».

Аб выбарах

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, праведзеныя парламенцкія выбары сталі для Беларусі сур’ёзным выпрабаваннем. Увесь выбарчы працэс быў пад пільным наглядам замежных наглядальнікаў як з Захаду, так і з Усходу.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: выбары пацвердзілі той факт, што ўзрастае роля парламента ў выпрацоўцы важнейшых напрамкаў развіцця дзяржавы, пашыраецца яго палітычная база. Прэзідэнт лічыць, што аб гэтым сведчыць удзел у выбарчай кампаніі палітычных партый і грамадскіх арганізацый, а таксама заваяванне іх прадстаўнікамі дэпутацкіх мандатаў.

Аб рабоце парламента

У Нацыянальны сход Беларусі шостага склікання ўвайшлі дастойныя прадстаўнікі народа. Такі пункт гледжання выказаў А.Лукашэнка. Ён адзначыў, што ў бліжэйшыя чатыры гады ім трэба будзе ўдасканальваць дзеючыя і прымаць новыя законы, накіраваныя на павышэнне эфектыўнасці эканомікі, выключэнне бар’ераў для бізнесу, прыцягненне інвестыцый у краіну, стварэнне рабочых месцаў і развіццё рэгіёнаў. Паводле слоў Прэзідэнта, многае давядзецца зрабіць для далейшага паляпшэння сацыяльнай сферы, падтрымкі малазабяспечаных грамадзян, удасканалення сістэмы адукацыі, а таксама жыллёвага і працоўнага заканадаўства.

Звяртаючыся да парламентарыяў, Прэзідэнт адзначыў, што яны павінны шмат зрабіць для таго, каб «шырэй расчыніць вароты ў Беларусь для іншых дзяржаў». «Вы павінны выкарыстоўваць разнастайную інфармацыю па эканоміцы, геаграфіі, культуры, гісторыі роднай краіны, каб умець прадставіць яе ва ўсёй красе, зацікавіць патэнцыяльных інвестараў, бізнесменаў, турыстаў», – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аб знешняй палітыцы

Беларусі неабходна праводзіць узважаную знешнюю палітыку, лічыць А.Лукашэнка. Беларускія дэпутаты традыцыйна актыўна ўзаемадзейнічаюць з калегамі па лініі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, парламенцкіх структур СНД і АДКБ. Гэта асноўны напрамак. У нас вельмі шмат агульнага, – адзначыў Прэзідэнт.

«Беларуская армія аснашчана самай сучаснай зброяй і здольна даць адпор любому агрэсару. Але вы павінны разумець, што ўсё, што я гавару, – гэта каб не было вайны. Наша задача – зберагчы мір, даць людзям магчымасць спакойна жыць, працаваць, выхоўваць дзяцей», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што Беларусь выступала і выступае з ініцыятывамі па спыненні любых баявых дзеянняў і вырашэнні ўсіх пытанняў за сталом перагавораў.

Па матэрыялах БелТА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *