От души и для души. Профессиональный праздник отмечают работники культуры

К профессиональному празднику

У акадэміях мастацтваў навучаць разбірацца ў стылях, у майстэрнях мастакоў паставяць руку, ну а работнікамі культуры ўсе тыя, хто прайшоў праз акадэміі, каледжы, харэаграфічныя студыі, становяцца намнога раней. Гэта дакладна тая прафесія, пра якую можна з перакананасцю сказаць – імі не становяцца, імі нараджаюцца. І прафесійны стаж у галіне ў рэжысёраў, мастакоў, спевакоў заўсёды намнога большы, чым стаж па працоўнай кніжцы. Менавіта так, як у Марыі Аляксееўны Шаўчэнкі – намесніка начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ушацкага райвыканкама. У 1994 годзе яна вярнулася дыпламаваным спецыялістам у раён, на сцэне якога выступала ў складзе агітбрыгады “Трубачы” яшчэ дзевяцікласніцай. Пра перамены ў культуры, новае і традыцыі мы гутарылі з ёй напярэдадні прафесійнага свята.

– Што змянілася за два дзесяцігоддзі ў культуры раёна?

– Колькі жыве і працуе чалавек, столькі ён чытае, спявае, наведвае музеі – развіваецца. Таму і наша галіна з аднаго боку – стабільная. Народныя святы, абрады, перавагі народа падчас адпачынку істотна не мяняюцца, аднак трансфармуюцца. Святы на сцэне РДК ці адкрытых пляцоўках праводзіліся заўсёды. Толькі калі раней на сцэне былі практычна работнікі культуры ці народныя прызнаныя калектывы, то зараз мы прыцягваем да ўдзелу ўсіх, хто мае здольнасці. Разнастайнасць удзельнікаў гледачам падабаецца, робіць мерапрыемствы больш цікавымі, ды і масавымі, паколькі на сваіх артыстаў прыйдуць паглядзець родныя, знаёмыя, калегі. Памяняліся і артысты падчас масавых свят – яны зараз праходзяць з удзелам працоўных калектываў практычна ўсяго раёна і менавіта таму атрымліваюцца жывымі і цікавымі. Такім было святкаванне 90­годдзя раёна, Дня Незалежнасці і 9 Мая, шэсце Дзедаў Марозаў і Снягурак. Хочацца падзякаваць ушачанам за актыўнасць і крэатыў. Культура і складаецца з маленькіх пялёсткаў талентаў народа, якія праяўляюцца ў выставах калектываў, у нумарах мастацкай самадзейнасці. Задача ж прафесійных работнікаў культуры заключаецца ў тым, каб зацікавіць, аб’яднаць, дапамагчы зрабіць адпачынак змястоўным.

– У работнікаў культуры самыя напружаныя рабочыя дні – у выхадныя. Ва ўсялякім выпадку менавіта такая задача перад вамі стаіць.

– Такія ўстановы культуры, як бібліятэкі, музеі працавалі па выхадных заўсёды. Масавыя народныя святы прыпадалі таксама на чырвоны дзень календара. Апошнім жа часам мы імкнёмся праводзіць больш мерапрыемстваў без прывязкі да дат. Напрыклад, свята бардаўскай песні на мемарыяльным комплексе “Прарыў”, фальклорнае свята ў скверы гарпасёлка. Апошнія становяцца адкрытымі пляцоўкамі для правядзення канцэртаў і мерапрыемстваў з удзелам ушачан. Самая асноўная праблема – слабая актыўнасць нашых людзей, для якіх выхадныя – гэта “адпачынак” на дачах, агародах. Тым не менш 2260 мерапрыемстваў, праведзеных сёлета са студзеня па верасень, праходзіла не пры пустых залах.

Па выхадных працуюць гурткі, а развіццё творчых здольнасцей, стварэнне ўмоў для групавога адпачынку па інтарэсах – адна з галоўных задач культработнікаў.

– Асабліва на вёсцы, дзе ў людзей абмежаваны выбар куды пайсці і ў чым сябе праявіць.

– Так. І пры кожным з сельскіх Дамоў культуры існуюць калектывы самадзейнасці, гурткі. А ў некаторых такія, што іх плады не сорамна паказаць не толькі на раённай, але і на абласной сцэне. Гэта перш за ўсё Арэхаўскі СДК, тут і моцны вакальны калектыў, і драматычны гурток. Сёлета яны, а таксама Галіна Рудзёнак падчас святкаванняў на сядзібе Васіля Быкава так спявалі і ігралі ўрыўкі з вядомых твораў аб вайне, што нашы госці не адзін раз перапыталіся, адкуль у нас такія артысты. Хачу сказаць, што калі кіраўнік сам артыст, як загадчыца прыгаданага клуба Вольга Аляксееўна Мацулевіч, якая сёлета стала лаўрэатам конкурсу прыпевачнікаў, то ўмее праявіць, запаліць астатніх. Добрыя мерапрыемствы праводзіць таксама кіраўнік Вялікадолецкага клуба Валянціна Дзмітрыеўна Смаляк. Дарэчы, аб іх узроўні сведчыць і той факт, што жыхары аграгарадка актыўна наведваюць нават платныя мерапрыемствы. Вялікадолецкі, а таксама Вяркудскі Дамы культуры (Таццяна Віктараўна Казлова) – два сельскія, якія з’яўляюцца філарманічнымі пляцоўкамі. Умее зацікавіць карысным баўленнем часу ў розных гуртках кіраўнік Дубраўскага СДК Іна Генадзьеўна Паўловіч.

– У Год культуры вы ставілі перад сабой павышаныя задачы?

– Канечне. Год культуры прад’яўляе да нас павышаныя патрабаванні, паколькі служыць прыцягненню да музеяў, бібліятэк, на сцэнічныя пляцоўкі як мага больш членаў грамадства, а зрабіць гэта можна толькі праз цікавыя мерапрыемствы. І мы як заўсёды шукалі новыя тэмы, формы, больш разнастайнае напаўненне мерапрыемстваў пад розныя густы гледачоў. Асабліва памятныя сёлетняга года: свята­прэзентацыя народных калектываў “Скарбонка талентаў Ушацкай зямлі”, канцэрт, прысвечаны землякам­літаратарам П.Броўку і В.Быкаву, 75­годдзю У.Мулявіна, выязны канцэрт у Лепелі “Таленты ўшацкай зямлі”, прэзентацыя рэгіянальнага касцюма ў Віцебску, а таксама прысвечаныя 71­годдзю Вялікай Перамогі і многія іншыя. Сёлета высокае званне Народны пацвердзілі клубы “Ветэран”, нацыянальных культур “Дружба”, “Прысмакі”, творчых сустрэч “Муза”, народны фальклорны калектыў “Матырынская спадчына”.

Мы прымалі актыўны ўдзел у рэспубліканскіх і абласных конкурсах, фестывалях і вярталіся з дыпломамі. Так, лаўрэатамі ІІІ ступені турніру беларускіх танцаў у рамках міжнароднага свята традыцыйных культур “Браслаўскія зарніцы” сталі ўдзельнікі дзіцячага фальклорнага калектыву “Спадчына” Ілья Макрыдзін і Алівія Балаган. З дыпломам з міжнароднага фестывалю “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне” вярнуўся клуб нацыянальнай кухні “Прысмакі”, з рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур у Гродне “Нас з’яднала зямля Беларусі” – клуб “Дружба”, калектыў Дома рамёстваў – за ўдзел у конкурсе народнага касцюма, а раённага цэнтра культуры і народнай творчасці – у конкурсе майстэрства культарганізатараў “Вясёлкавы карагод” у межах “Славянскага базару ў Віцебску”. Марына Андзіна стала дыпламантам абласнога конкурсу патрыятычнай песні. На пляцоўкі самага высокага ўзроўню запрашаецца народны квартэт “Натхненне”, сёлета, напрыклад, на сцэне Летняга амфітэатра выступалі ў канцэрце вядучых калектываў вобласці, пяць гадоў запар удзельнічаюць у міжнародных святах духоўнай музыкі, у іх скарбонцы першае месца на конкурсе “Магутны Божа”.

– Культработнікамі нараджаюцца ці становяцца?

– У агітбрыгаду “Трубачы”, якая ў дзевяностыя гастралявала па вобласці, я трапіла з драматычнага гуртка раённага Дома культуры. Ну а туды прыйшла, таму што падабалася ўдзельнічаць у пастаноўках. Так практычна кожны, хто сёння ў сферы культуры. Захапленне становіцца прафесіяй. А яна ў нас самая лепшая. І прыемна, што калектыў культработнікаў штогод маладзее. У музей народнай славы сёлета прыйшоў малады супрацоўнік Васіль Наумаў, у дзіцячую школу мастацтваў выкладчыкі Ірына Дубовік, Лізавета Лукашэвіч і Анжэла Краснова, метадыстам у цэнтр народнай культуры і творчасці Кацярына Зелянік. Упэўнена, што ўсе яны затрымаюцца і будуць расці, станавіцца спецыялістамі, як, напрыклад, Яўген Зуеў, якога мы хутка праводзім у рады Узброеных Сіл. У школе ён быў дзі­джэем, да нас прыйшоў пасля першага курса каледжа і завочна закончыў вучобу. Зараз гукарэжысёр цэнтра, якому дзякуюць за ўдалы гук артысты, якія выступаюць на лепшых сцэнах не толькі Беларусі.

– Нельга не заўважыць, што спяваць, танцаваць пачынаюць нават вашы тэхнічныя работнікі.

– У кожнага чалавека ёсць здольнасці і таленты, якія ў спрыяльным асяроддзі раскрываюцца. Так і адбываецца ў нас. Спецыяліст тэхнічнага профілю Мікалай Пруднікаў, вадзіцель Васіль Алексяёнак сталі ўдзельнікамі многіх мерапрыемстваў. Культура зацягвае. Мы не можам пахваліцца высокімі заробкамі, і менавіта гэта лепшае сведчанне таго, што ўсе работнікі культуры працуюць ад душы і для душы. Сваёй і гледачоў. І напярэдадні прафесійнага свята хочацца павіншаваць наш вялікі калектыў супрацоўнікаў з прафесійным святам, пажадаць ім, канечне, здароўя і бадзёрасці, нястомнасці ў пошуках новых ідэй і актыўных гледачоў і ўдзельнікаў.

Гутарыла В.ольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *