Выслоўе пра тое, што бясконца можна назіраць, як гарыць агонь, цячэ вада і працуе іншы чалавек, мае рацыю. Асабліва калі чалавек той – разьбяр па дрэве. Упэўнілася ў гэтым, пабываўшы на занятку адпаведнага гуртка ва Ушацкім доме рамёстваў. Літаральна на вачах разец ва ўмелых руках шасцікласніка Дзімы Федарэнкі ператвараў звычайны кавалак дрэва ў мастацкі выраб з саліднай назвай барэльефнае пано. Не адрываючыся ад выразання выявы куніцы, якая сядзіць на галінцы, маленькі майстар заўважыў, што ў гуртку яго не задавольвае толькі адна акалічнасць – што ён праводзіцца тройчы на тыдзень, а на заняткі да Андрэя Аляксеевіча Казіцкага ён хацеў бы хадзіць штодня.
“Дзіма займаецца ў доме рамёстваў другі год, і відавочна, што ў яго выдатныя здольнасці”, – адказвае зваротным кампліментам настаўнік. Па яго словах, хлопчык валодае ўсімі неабходнымі разьбяру якасцямі: уседлівасцю, цярплівасцю, акуратнасцю. У самога ж Андрэя Аляксеевіча схільнасць да творчасці – рыса сямейная. Далёка за межамі раёна вядома прозвішча яго дзядзькі Міхаіла Антонавіча Казіцкага, які ў свой час таксама вучыў дзяцей разьбярству ў доме рамёстваў. Мастака ўжо няма з намі, але яго карціны, іконы і іншыя работы ўпрыгожваюць храмы, галерэі, прыватныя калекцыі. Выдатным сталяром і цесляром з’яўляецца бацька Андрэя Аляксей Антонавіч. Мужчына прыгадвае выпадак, як аднойчы тата ехаў па раёне на рэйсавым аўтобусе і прыкмеціў на адной з хат незвычайныя налічнікі. Гадоў праз 10 бацьку давялося майстраваць падобны выраб і ён у падрабязнасцях аднавіў захаваны ў памяці ўзор. Рознымі творчымі талентамі валодаюць і ўсе яго сямёра дзяцей.
Андрэй Аляксеевіч зазначае, што разьбярствам займаўся ўсё жыццё. Пастаянна браў у рукі інструмент, нават калі працаваў у іншых сферах. Закончыўшы прафтэхвучылішча па спецыяльнасці закройшчыка-шаўца мужчынскага і верхняга адзення, у якасці дыпломнай работы малады чалавек пашыў арыгінальную куртку з жоўтай балоні, якую ўзяў для сваіх паказаў Тэатр мод. Дырэктар швейнага аб’яднання “Світанак” запрасіў таленавітага маладога майстра на работу ў цэнтральнае атэлье віцебскага Дома быту. Хто ведае, магчыма зараз Андрэя Казіцкага, а не Івана Айтплатава мы б лічылі самым знакамітым дызайнерам Беларусі, але праз пэўны час малады чалавек зразумеў, што гэтае рамяство не захапляе яго настолькі, каб прысвяціць яму жыццё. Некалькі год таму Андрэй вярнуўся на радзіму ва Ушачы, уладкаваўся на прамкамбінат. Але яму заўсёды хацелася мець справу з дрэвам, і калі ў доме рамёстваў з’явілася адпаведная вакансія, мужчына з задавальненнем прыняў прапанову.
Як адзначае дырэктар установы М.А.Багдановіч, далёка не кожны дом рамёстваў можа пахваліцца добрым рэзчыкам. “Нам жа ў гэтым плане пашанцавала, бо Андрэй Аляксеевіч вельмі творчы, апантаны сваёй справай майстар, таленавіты педагог і проста добры чалавек”. У яго творчым арсенале самыя розныя вырабы – ад мэблі да драўляных міні-скульптур. Якой дакладнасцю і цярплівасцю трэба валодаць, каб вырабіць мініяцюрныя вядзерцы на каромысле, фігуркі фальклорных персанажаў, якія майстар умоўна называе “драўлянымі беларускімі нэцкэ”. Уласцівыя нашаму народу гаспадарлівасць і добразычлівасць увасоблены ў міні-скульптурах дамавіка і яго брата дваравіка, а выява філіна, па славянскіх традыцыях, з’яўлялася сімвалам мудрасці і празорлівасці. “Нашы продкі ставілі драўляную фігурку гэтай птушкі ў пакой, дзе дзеці рабілі ўрокі, калі хацелі, каб ім лёгка давалася навука”, – расказвае майстар.
Па ўсім бачна, што справа, якой займаецца гэты чалавек, прыносіць яму сапраўднае задавальненне. Ды і сам Андрэй Аляксеевіч гэтага не хавае: “Нехта з мудрых людзей сказаў: знайдзі любімую работу – і не будзеш працаваць ні дня. Гэта якраз мой выпадак!”
Наталля БАГДАНОВІЧ.