Геннадий Савицкий — педагог, которого очень любят дети и уважают коллеги

Общество Экономика и малый бизнес

У перапынку паміж заняткамі Генадзя Пятровіча Савіцкага ўсё роўна застаў за інструментамі. Не музычнымі – спецыяльнымі, з дапамогай якіх выкладчык дзіцячай школы мастацтваў рамантаваў цымбалы. І хаця ён не вучыць дзяцей валоданню гэтым народным інструментам, але за гады працы давялося асвоіць асновы “рэанімацыі” многіх. Ды і іграць умее амаль на ўсіх, і не толькі струнных. Ушачанам жа пры правядзенні розных мерапрыемстваў, дзе выступаюць выкладчыкі дзіцячай школы мастацтваў, часцей за ўсё даводзіцца бачыць яго з кантрабасам. “Вялікаму чалавеку – вялікую балалайку” – усміхаецца педагог з вялікай літары.

Так яго можна без перабольшвання назваць за адносіны да дзяцей, выхаваннем якіх займаецца амаль усю прафесійную дзейнасць.

– Нават у арміі быў у нейкім сэнсе педагогам, – успамінае Генадзь Пятровіч. – служыў у Валгаградзе ў вучэбным палку інструктарам па ваджэнні аўтамабіля. Гэта быў адзіны перыяд у свядомым жыцці, калі не трымаў у руках музычны інструмент. Прапаноўвалі застацца, ды дзе там, адразу рвануў да дому: я ж кубліцкі, вырас, можна сказаць, у лесе, а там адны стэпы! У роднай вёсцы некалькі месяцаў да арміі працаваў “мастацкім кіраўніком” – у клубе пласцінкі мяняў на танцах. Вось і ўвесь мой вопыт працы з дарослымі.

Упершыню ж Гена Савіцкі крануў струны балалайкі і пачаў ездзіць з Кубліч у музычную школу на заняткі ў чацвёртым класе. Папярэднічалі гэтаму праслухоўванне і адбор вясковых дзяцей. Генадзь паказаў добрыя здольнасці, зацікавіўся новай, незнаёмай для яго справай, бо ніхто з блізкіх родных да гэтага з музыкай звязаны не быў. Займаўся па класе балалайкі, дадатковым інструментам стаў баян. Вучоба зацягнула, таму пасля заканчэння васьмігодкі і музычнай школы юнак паступіў у Наваполацкае музычнае вучылішча, куды пасля арміі вярнуўся ўжо на працу. Але здольны хлопец запомніўся дырэктару Ушацкай музычнай школы Леаніду Аляксандравічу Власенку, які пры фарміраванні педагагічнага калектыву заўсёды аддаваў перавагу сваім былым выпускнікам і “перацягнуў” маладога педагога-­музыканта на радзіму.

Вось ужо без малога трыццаць гадоў Генадзь Пятровіч працуе на Ушаччыне. У дзіцячай школе мастацтваў педагогамі ўжо сталі яго вучні (Галіна Уладзіміраўна Хвошч). На рэспубліканскі конкурс выканаўцаў на народных інструментах імя І.Жыновіча, у якім калісьці прымаў удзел, ездзяць яго выхаванцы. Марат Клачок, якога застаў падчас заняткаў, – пяцікласнік музычнай школы і адзін з лепшых вучняў Г.П.Савіцкага. А мог бы ўжо і не вучыцца.

– Быў час, калі сын заўпарціўся і не хацеў працягваць заняткі музыкай: “Хачу пасля школы адпачыць, у камп’ютар гуляць, як усе!”, – расказвае маці хлопчыка Ірына Сяргееўна. – Я ўжо практычна змірылася, але дзякуй Генадзю Пятровічу – ён знайшоў патрэбныя словы і Марат працягвае навучанне.

З вопыту Г.П.Савіцкі ведае, што большасць з дзяцей на нейкім этапе, праходзіць праз крытычны перыяд, калі гатовы кінуць заняткі музыкай. Ён упэўнены – дапамагчы пераадолець гэту слабасць, выхаваць пачуццё адказнасці за распачатую справу павінны не толькі бацькі, а і педагогі.

І як бачна, у Генадзя Пятровіча гэта атрымліваецца выдатна. Для любога са сваіх вучняў ён знойдзе добрыя словы. Магчыма з­за таго, што сам з’яўляецца сельскім ураджэнцам, яму лёгка працаваць з вясковымі дзецьмі, якія, па словах педагога, вызначаюцца працавітасцю, дысцыплінаванасцю, няспешчанасцю. Двойчы на тыдзень выкладчык накіроўваецца ў Арэхаўна, дзякуючы чаму мясцовыя дзеці маюць магчымасць займацца музыкай на месцы. “Няхай яны не стануць Бетховенамі або Рахманінавымі, але музыка рана ці позна абавязкова возьме таленавітае дзіця ў палон, дапаможа развіцца гарманічна. А валоданне той жа гітарай часам з’яўляецца адной з састаўляючых аўтарытэта для маладога чалавека”, – разважае Генадзь Пятровіч.

У большай ступені сваім ён лічыць свята настаўнікаў, а канцэртная дзейнасць – яна больш дадатак да асноўнай, хоць таксама важны. У ансамблі педагогаў Г.П.Савіцкі выступаў яшчэ ў Наваполацку. А іх трыа з Вольгай Чумаковай і Ірынай Коршун, якія выдатна валодаюць баянам і цымбаламі, упрыгожыць мерапрыемства любога ўзроўню. Генадзю Пятровічу прыходзілася іграць і на барабанах, і нават на кларнеце. Кажа, што чалавек, абраўшы прафесію музыканта, пры жаданні можа сыграць практычна на любым інструменце, бо ведае нотную грамату, адчувае рытм.

Зразумела, што ў музычнай сям’і Г.П.Савіцкага не адзін інструмент – фартэпіяна, балалайка, гітара. Дома, праўда, Генадзь Пятровіч бярэ яе ў рукі рэдка. Хочацца цішыні, таму і хобі ў яго ціхія – збор грыбоў ды рыбалка. Зрэшты, за час водпуску паспявае засумаваць па музыцы і своеасаблівай атмасферы сваёй навучальнай установы, дзе яго шчырая і добразычлівая ўсмешка ўзнімае настрой калегам і нібы магніт прыцягвае дзяцей.

Ён цэніць сваіх калег, называе калектыў, у якім не толькі самарэалізаваўся, але і знайшоў сваю другую палавінку, выдатным. У сваю чаргу і ад педагогаў школы чуеш аб ім толькі добрыя словы. Падслухаў і адну цікавую гісторыю – аднаму з першакласнікаў настолькі спадабаўся Генадзь Пятровіч, што ён прыходзіў да яго пасля ўрокаў у школе кожны дзень і нават збягаў з іншых заняткаў: “З дзецьмі ты абавязаны быць добрым чалавекам”, – не абвяргае пачутае мужчына і шчыра ўсміхаецца.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *