Раніца ў аддзяленні паштовай сувязі Вяркуды для яго начальніка Ларысы Васільеўны Клопавай пасапраўднаму гарачая. Маладая жанчына прыйшла за пасылкай з кнігамі, маці з сынам набылі пральны парашок, хтосьці забег пакласці грошы на рахунак мабільнага тэлефона і зняць наяўныя з карткі. Практычна заўсёды чарга. Прытым, яшчэ і часта тэлефануюць. Займаюцца супрацоўнікі і павелічэннем падпіскі на перыядычныя выданні. На “Патрыёт”, напрыклад, падпісалася на момант размовы 88 сямей пры плане ў 91. У асноўным, гэта робіцца на доме ў жыхароў. Аднак заходзяць выпісаць ці набыць газеты з часопісамі і ў аддзяленне. Сапраўдны ж ажыятаж тут у дні выплаты пенсій. Тым больш што атрымаць яе можна і не па месцы рэгістрацыі, а азёрны вяркудскі бок вельмі багаты на дачнікаў.
Абслугоўванне на некалькі хвілін прыпыняецца адгрузкай перыёдыкі і тавару. З райцэнтра прыехала паштовая машына, і паштальён Л.У.Шэўчанка атрымлівае часопісы і газеты, складвае ў каробкі пернікі, пячэнне, сродкі гігіены. За рулём яе чакае вадзіцель В.У.Шэндзель. Яны аб’едуць усе вёскі вяркудскай акругі і тыя віды паслуг, якія даступны ў аддзяленні, акажуць вяскоўцам на доме. Ларыса Васільеўна ж накіруецца да жыхароў аграгарадка пасля абеду.
Дзякуючы іх сумеснай рабоце аддзяленне Вяркуды за мінулы месяц зарабіла 4151 рубель, выручка за паўгоддзе склала 104,6 працэнта да плана, падпіска перыядычных выданняў – 113,4, а рэнтабельнасць аддзялення – 77,6 працэнта.
І ніякімі лічбамі не змерыць даверу да паштальёна з боку вяскоўцаў. Для старэйшага пакалення супрацоўнікі сувязі – сапраўдныя таварышы. Тым больш калі яны свае, нязменныя на працягу двух дзесяцігоддзяў як Ларыса Васільеўна Клопава, якая, не пытаючыся, ведае, колькі кілават аплаціць за святло, колькі за тэлефон і якую газету выпісаць.
Вольга СЕВЕРЫНА.
***
Узнагароды паштавікам
Напярэдадні Сусветнага дня пошты званне “Ветэран працы РУП “Белпошта” прысвоена начальніку аддзялення сувязі Мосар Наталлі Антонаўне Магілінай.
А Ганаровымі граматамі Полацкага вузла паштовай сувязі за высокія вытворчыя паказчыкі і асабісты ўклад у развіццё паштовай сувязі ўзнагароджаны начальнікі аддзяленняў Вяркуды і Кублічы Ларыса Васільеўна Клопава і Ірына Васільеўна Таміян.
Спалучаюць гэта свята паштавікі традыцыйна і з Днём пажылых людзей, каб сабрацца разам за салодкім сталом і павіншаваць ветэранаў галіны, якія атрымаюць і дапамогу ў памеры адной базавай велічыні.