Их щедрость добром отзовётся. Семья Папельских из агрогородка Глыбочка конкретными делали завоевала авторитет у своих односельчан

Общество

У сельскай мясцовасці ўсе жыхары як на далоні –  іх паводзіны, учынкі і жыццё. Менавіта таму заваяваць аўтарытэт на вёсцы няпроста. Сям’і ж Папельскіх з аграградка Глыбачка гэта цалкам удаецца. Тут, пэўна, не знойдзеш ніводнага чалавека, які б сказаў пра іх дрэнна, бо яны падаюць прыклад ва ўсім.

Верныя свайму калектыву

Яны разам закончылі геаграфічны факультэт мінскага педінстытута. Марыя Фёдараўна не толькі добра вучылася, але і была старастам групы, займалася камсамольскай работай, таму па заканчэнні ў яе была магчымасць застацца ў сталіцы. Аднак вярнулася на радзіму: на Ушаччыне адна засталася бабуля, якая стала для яе самым родным чалавекам пасля таго, як рана памерла маці. Раман Дзмітрыевіч накіраваўся ва Ушацкі раён услед за другой палавінкай.

І.С.Кулага, які на той час узначальваў раённы аддзел народнай адукацыі, накіраваў маладых настаўнікаў у Глыбачку і Турасполле. Крыху пазней яны сталі ра­зам працаваць у Глыбачанскай школе. Як прызнаецца Марыя Фёдараўна, спачатку планавалі правесці тут некалькі гадоў і паехаць на радзіму Рамана Дзмітрыевіча ў Смалявічы, аднак не змаглі здрадзіць добраму калектыву і кінуць абжыты куток. На той момант сям’і ўжо выдзелілі жыллё побач са школай. Марыя Фёдараўна не толькі выкладала вучням геаграфію, а і актыўна займалася пазашкольнай дзейнасцю.

– Канец 70­-х быў вельмі прадуктыўным часам, у нас было наладжана цеснае супрацоўніцтва з мясцовай гаспадаркай. Напрыклад, мы апрацоўвалі саўгасныя буракі, а школе дапамагалі з набыццём пуцёвак у розныя гарады. Так мы разам з вучнямі пабывалі ў Брэсце, Ульянаўску, Петразаводску, Закарпацці і іншых цікавых месцах. Памятаю, як у 1986-­м, якраз калі адбылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС, мы пазнаёміліся з Ленінградам.

У 1987-­м Марыя Фёдараўна стала дырэктарам школы, а Раман Дзмітрыевіч быў сапраўдным дарадцам, калегам, надзейным тылам і памочнікам. І хоць зараз знаходзяцца на заслужаным адпачынку, пастаянна цікавяцца школьнымі справамі, радуюцца поспехам сённяшніх вучняў і настаўнікаў.

– Вельмі прыемна бачыць тыя змены, якія адбыліся ў школе за апошнія гады. У гэтым немалая заслуга і  маладога дырэктара Віктара Котава: папрыгажэла тэрыторыя, зроблены рамонт, каб дзеці маглі вучыцца ў добрых умовах, і ведаем не па чутках, што на высокім узроўні арганізаваны і вучэбны працэс,  – гаворыць Марыя Фёдараўна.

“Быць прыёмнымі бацькамі – надзвычай адказна!”

– Пазнаёмцеся, гэта наша Лерачка, вось якая прыгажуня вырасла, хутка школу скончыць, – з гонарам гавораць Раман Дзмітрыевіч і Марыя Фёдараўна пра сваю дачку, якая на перапынку паміж урокамі забегла на хвілінку дадому.

Хоць Лера і прыёмная іх дачка, але адносяцца да яе як да роднай. У 2003­м годзе Папельскія прынялі важнае і абдуманае рашэнне – узяць у сям’ю прыёмных дзяцей. Якраз у той час яны разам з Надзеяй Ігнатаўнай Трэмбач, якая яшчэ нядаўна працавала ў доме сямейнага тыпу ў Арэхаўне, сталі прыёмнымі сем’ямі­першаадкрывальнікамі і прыкладам для многіх іншых у Глыбачцы.

Іх “першынцам” Сашу і Ігару было 13 і 10 гадоў. Гэта былі ўжо дзеці са сваімі звычкамі і характарамі. Калі яны выраслі, сям’я выбрала Андрэя. Пакуль жа рыхтаваліся неабходныя дакументы і яны ездзілі ў Лётцы ў дзіцячы дом наведваць хлопчыка, вельмі запаў у душу погляд трохгадовай дзяўчынкі з вялікімі карымі вачыма. Гэта была Лера.

– Быць прыёмнымі бацькамі нялёгка і надзвычай адказна. Хапала ўсяго, але мы стараліся, прывучалі да працы, педагагічная адукацыя дапамагала справіцца з праблемамі і знайсці падыход. Не проста адпраўлялі з дому, калі яны станавіліся дарослымі, а аказвалі дапамогу падчас адаптацыі ў новым жыцці. Так, самы старэйшы Саша працуе інжынерам у інстытуце “Белгіпразем”, Ігар добры зваршчык на “Нафтане”, Андрэй вучыўся ў наваполацкім політэхнічным каледжы і зараз пад наглядам нашых родных працуе ў Маскоўскай вобласці. З усімі падтрымліваем сувязь, яны да нас прыязджаюць. Зараз дапамагаем вызначыцца з будучай прафесіяй і Валерыі, яна ў нас захапляецца спортам,  – расказваюць прыёмныя бацькі

Ёсць у герояў нашага аповеду і свае родныя дзеці: Дзмітрый і Зінаіда пайшлі па слядах бацькоў. Але ў сям’і не дзеляць дзяцей на сваіх і чужых.

“Не для піяру!”

Сёлета сям’я Папельскіх вырасціла нядрэнны ўраджай бульбы і бясплатна падзялілася з Глыбачанскай бальніцай сястрынскага догляду. Працаўнікі медустановы былі вельмі ўдзячны ім за такі падарунак. Дарэчы, такую дапамогу Папельскія аказваюць ужо не першы раз.

– Не бачым у гэтым нічога звышнатуральнага. Гэты факт нават не заслугоўвае ўвагі. Мы робім  гэта не для піяру, а проста каб аказаць дапамогу больш слабым людзям. Засталося лішняе вядро морквы – чаму б ім не падзяліцца? Вырасла бульбы больш, чым планавалі – чаму ёй прападаць? Ды і з нас не ўбудзе, а пажылым людзям прыемна і карысна,  – тлумачаць свой учынак муж і жонка.

Яны чым могуць, тым дапамагаюць адзінокім людзям. Напрыклад, адной сваёй аднавяскоўцы рамантавалі падлогу – знайшлі і замянілі дошкі, а калі ў яе зламаўся тэлевізар, не пашкадавалі свайго. Ніколі не адмовяць сваім землякам і ў просьбе дапамагчы з агародам.

Амаль год Марыя Фёдараўна з’яўляецца старэйшынам аграгарадка. “Што змагу, тое абавязкова зраблю”, – так яна адказала на аказаны ёй давер. І першае, за што ўзялася – гэта добраўпарадкаванне населенага пункта. Вясной арганізавалі некалькі суботнікаў. Нямала прыйшлося папрацаваць на ўборцы каля помніка. Разумеючы, што ў мясцовай гаспадарцы тэхніка занята, а людзей не хапае, на ўласным мотаблоку Раман Дзмітрыевіч падчас толькі гэтага суботніка вывез пяць прычэпаў смецця.

У іх планах яшчэ ні адзін такі суботнік, бо мала адзін раз навесці парадак – трэба падтрымліваць яго пастаянна.

* * *

– Мы ўжо 45 гадоў адзін аднаго трываем, – гаворыць Раман Дзмітрыевіч, а Марыя Фёдараўна толькі ўсміхаецца яму ў адказ. Але гучаць гэтыя словы з такой цеплынёй, што адразу бачыш, што акрамя чуласці, дабрыні, гатоўнасці прыйсці на дапамогу іншым, яны яшчэ і прыклад сапраўднага кахання, узаемаразумення, трывалай сям’і, а ўсё ж з яе пачынаецца…

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *