Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас дзяржаўнага візіту 28-30 верасня ў Кітайскую Народную Рэспубліку. Па яго праграме адбыліся перагаворы кіраўніка беларускай дзяржавы са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам. Аляксандр Лукашэнка і члены беларускай дэлегацыі ў Пекіне правялі шэраг плённых рабочых сустрэч і перагавораў з кітайскімі партнёрамі. Падпісана каля 30 міжнародных дакументаў аб развіцці супрацоўніцтва ў палітычнай, эканамічнай і сацыяльнай сферах.
Беларускі лідар адзначыў, што ў Беларусі цэняць высокі ўзровень супрацоўніцтва з Кітаем, і запэўніў у тым, што ў асобе Беларусі кітайскі бок заўсёды зможа знайсці самага надзейнага сябра і партнёра. У сваю чаргу кітайскі бок адзначыў, што дзякуючы дружалюбнаму стаўленню беларускага лідара да Кітая ўносіцца вялікі ўклад у развіццё двухбаковых адносін: «Пад вашым моцным кіраўніцтвам у Беларусі захоўваецца палітычная стабільнасць і з’яднанасць грамадства».
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Кітай можа разлічваць на Беларусь у пашырэнні сваіх інтарэсаў у Еўропе, бо гэта краіна заўсёды падтрымлівала намаганні Беларусі, накіраваныя на забеспячэнне сацыяльна-палітычнай стабільнасці і эканамічнага развіцця, выступала супраць знешняга ўмяшання ва ўнутраныя справы Беларусі пад любой маркай, прызнае важную ролю нашай краіны ва ўмацаванні рэгіянальнай бяспекі.
У эканамічным супрацоўніцтве абедзве краіны маюць намер фарміраваць архітэктуру ўзаемнай выгады. Аб гэтым гаворыцца ў сумеснай дэкларацыі, падпісанай Аляксандрам Лукашэнкам і Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам. Бакі гатовы пашыраць гандаль і вытворчасць прадукцыі машынабудавання, высокіх і новых тэхналогій, электронікі, сельскагаспадарчых прадуктаў, хімічных, тэкстыльных і іншых канкурэнтаздольных тавараў, разам спрашчаць умовы ўзаемнага гандлю, разглядаць яго новыя формы.
Заяўлена аб гатоўнасці прыцягнення буйных кітайскіх кампаній у праекты па развіцці кааперацыі і ўваходжанні ў акцыянерны капітал беларускіх прадпрыемстваў. Краіны дамовіліся ўмацоўваць інвестыцыйнае і тэхніка-эканамічнае супрацоўніцтва ў галіне будаўніцтва інфраструктуры, машынабудавання, зборкі аўтамабіляў, сельскагаспадарчай вытворчасці, энергетыкі, электраэнергіі, асваення і глыбокай апрацоўкі карысных выкапняў, біяфармацэўтыкі, нерухомай маёмасці, цэлюлозна-папяровай прамысловасці і іншых сферах, удасканальваць сістэму функцыянавання і кіравання Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка, забяспечаць спрыяльны палітычны і інвестыцыйны клімат. У цэлым у дакуменце адлюстраваны намеры развіваць узаемнае супрацоўніцтва па самым шырокім спектры напрамкаў – ад адукацыі і турызму да міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння, лагістыкі і авіязносін. Асобнае адлюстраванне знайшлі палажэнні аб сумесным процістаянні розным відам злачыннасці, узаемадзеянні ў галіне папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый.
Лідары Беларусі і Кітая ўскладаюць надзеі на развіццё маладзёжнага і студэнцкага беларуска-кітайскага супрацоўніцтва. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі ў сваім выступленні перад студэнтамі Пекінскага ўніверсітэта. “Шчырая зацікаўленасць і ўсведамленне ўзаемнай выгады далі магчымасць нам рэалізаваць буйныя і высокатэхналагічныя сумесныя праекты. У іх ліку запуск беларускага спадарожніка з касмадрома «Січан», мадэрнізацыя электрастанцый, рэканструкцыя аўтамабільных дарог і электрыфікацыя чыгунак», – сказаў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік нашай дзяржавы запрасіў студэнтаў і выкладчыкаў наведаць Беларусь – краіну блакітных рэк, азёр і сярэдневяковых замкаў. «Да таго ж літаральна напярэдадні мы вырашылі шэраг візавых фармальнасцей. Беларусь адкрыта для вас», – дадаў беларускі лідар.
Узровень усебаковага стратэгічнага партнёрства ў Кітая ўстаноўлены прыкладна з двума дзясяткамі краін. Да гэтага часу ў гэтай групе знаходзілася і Беларусь. Яшчэ больш высокі, асаблівы ўзровень адносін існуе толькі з невялікай колькасцю дзяржаў. Эксперты адносяць да іх ліку Вялікабрытанію, Расію і Пакістан. Цяпер якасна новы партнёрскі статус набылі і беларуска-кітайскія адносіны.
Па матэрыялах БелТА.