День пожилых людей в Ушачах и Ильюшино

Общество

Хай будзе восень жыцця залатой!

Пад такім дэвізам прайшоў у пятніцу ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці канцэрт, прысвечаны цёпламу і сардэчнаму святу – Дню пажылых людзей.

Але называць усіх тых, хто прыйшоў разам правесці час, пажылымі людзьмі не хочацца. Вельмі трапна назвалі іх работнікі маладымі людзьмі сталага ўзросту.

У першай частцы канцэрта прысутных віншавалі і разагравалі сваімі вясёлымі песнямі работнікі раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, дзіцячы калектыў “Акварэлькі”.

Другую ж частку мерапрыемства ўзялі ў свае рукі віноўнікі ўрачыстасці – удзельнікі хору народнага клуба “Ветэран”. Як лірычныя, так і вясёлыя песні ў іх выкананні суправаджаліся цёплымі і працяглымі апладысментамі гледачоў. Дарэчы, парадавалі яны не толькі песнямі. Усім спадабалася вясёлая гумарэска пра паход у бальніцу, якую расказала З.Хвошч. А.Курбака прачытаў верш Ніла Гілевіча – якраз у гэты дзень народнаму паэту Беларусі споўнілася б 85 гадоў. Некалькі сольных нумароў выканала В.Лукашонак і іншыя ўдзельніцы калектыву.

Падзяліліся яны з прысутнымі і сакрэтамі сваёй бадзёрасці: “Наш калектыў заўсёды ў страі, мы пяём, а таму і доўга жывём!” А нязменны кіраўнік хору І.Клімава ў сваім віншаванні зазначыла, што не важна, якая лічба ў пашпарце, галоўнае – што ў чалавека ў душы.

Канцэрт атрымаўся насычаным і шчырым. Пажылыя людзі пачулі шмат прыемных слоў, якія прымусілі ў чарговы раз задумацца аб сэнсе існавання на зямлі, зразумець, што ў восені жыцця ёсць нямала сваіх радасцей. А яшчэ для многіх гэта была цудоўная магчымасць сустрэцца разам.

Вольга КАМАРКОВА.

Дзень пажылых людзей разам адсвяткавалі ветэраны працы былога калгаса “Дружба”, сабраўшыся з Рагуцкіх і Звоні, Вашкова і Ільюшына. І калі жыхары аграгарадка дабраліся на святкаванне самастойна, то для падвозу жыхароў іншых вёсак кіраўніцтва ААТ “Ільюшынскі” выдзеліла транспарт. Як і сродкі, каб арганізаваць для ветэранаў салодкі стол, а юбіляраў павіншаваць невялікімі падарункамі. Сёлета 12 работнікаў “Дружбы” адзначаюць круглыя даты. Усіх іх, як і астатніх ветэранаў галіны, запрашала на свята старшыня ветэранскай пярвічкі Т.В.Аўтух. Паколькі 55 ветэранаў старэй 70 гадоў, то не ўсе юбіляры здолелі прыехаць на свята, ім падарункі ўручаць на доме. А вось былога галоўнага бухгалтара і загадчыцу жывёлагадоўчага комплексу Алену Міронаўну Апёнак віншавалі на мерапрыемстве ўсе прысутныя. Для жанчыны год наогул багаты на юбілеі – у маі яны з мужам Пятром Раманавічам сустрэлі залатое вяселле. Песнямі, танцамі і, галоўнае, успамінамі была насычана культурная праграма свята, за якое арганізатары шчыра ўдзячны дырэктару ААТ ”Ільюшынскі” С.А.Халімоненку.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *