Первый звонок для Николая Владимировича Анискевича в этом году прозвенел в сороковой раз

К профессиональному празднику

“Першы званок” для Мікалая Уладзіміравіча Аніскевіча прагучаў сёлета ў саракавы раз. І нязменна ў Вялікадолецкай сярэдняй школе. Дзесяць з іх карэнны вялікадальчанін чуў вучнем і вось ужо трыццаць – у якасці настаўніка сваёй роднай установы адукацыі, з якой звязана ўсё жыццё.

Ён з’яўляецца прадаўжальнікам слаўнай дынастыі вясковых педагогаў – бацька, Уладзімір Іосіфавіч Аніскевіч, працаваў гісторыкам, а маці, Марыя Рыгораўна, вучыла дзяцей беларускай мове і літаратуры. Вось толькі прафесійную дзейнасць Мікалай выбраў хутчэй выпадкова, чым па прыкладзе бацькоў. Прадметы, якія неабходна было здаваць пры паступленні ў Віцебскі педагагічны інстытут імя Кірава на настаўніка фізікі, былі такімі ж, як і для набыцця прафесіі кадравага ваеннага, да якой выпускнік 1981 года сур’ёзна рыхтаваўся. Але з­за дробязі не прайшоў медкамісію.

Пра нерэалізаваную мару стаць афіцэрам настаўнік вышэйшай катэгорыі, якую ён атрымаў даўно і з цягам часу паспяхова пацвярджае, успамінае без жалю – ён выдатна рэалізаваў сябе ў адукацыі і працягвае вучыць дзяцей з усяго сельсавета. На пачатку ж педагагічнага шляху ў Вялікадолецкай школе хоць і не было ўжо паралелей, але класы налічвалі вялікую колькасць дзяцей. Мікалай Уладзіміравіч памятае практычна ўсіх, кажа, што многа было талковых вучняў, але некаторыя выдзяляліся асабліва:

– Зараз на алімпіядах даюць дыпломы розных ступеней умоўна 15 удзельнікам са 100, расказвае настаўнік. – Раней жа прызавых месцаў было толькі тры. Выпускнік 1996 года Аляксандр Качан тры гады запар удзельнічаў у абласной алімпіядзе па фізіцы, і калі першы раз вярнуўся без дыплома, то ў 10 класе заняў “чыстае” другое месца, а ў 11­м заваяваў абсалютнае першае!

Таленавітага хлопца бралі без экзаменаў у любую вышэйшую навучальную ўстанову краіны, але ён выбраў Полацкі дзяржуніверсітэт – вучыць яго ў сталіцы было некаму, бо рос без бацькі. А свае здольнасці і плады дадатковых заняткаў па прадмеце выкарыстоўваў яшчэ падчас вучобы ў школе – тэарэтычных і практычных ведаў хапала нават для таго, каб рамантаваць вяскоўцам тэлевізары! Асновы іх закладаліся ў тым ліку і падчас наведвання радыётэхнічнага гуртка, які вёў, канечне, М.У.Аніскевіч.

Даваць веды з практычным накірункам, для прымянення ў жыцці – адзін з яго прынцыпаў. За гады працы Мікалай Уладзіміравіч накапіў багаты вопыт, уласныя метады выкладання. Нягледзячы на гэта, вучыцца і прырастае кожны год.

– У 1988­м у нашай школе з’явіліся першыя персанальныя камп’ютары – “Карветы” айчыннай вытворчасці, – працягвае М.У.Аніскевіч. –  Прыйшлося асвойваць іх, весці інфарматыку. Жыццё не стаіць на месцы, асабліва ў маёй сферы, таму каб ісці ў нагу з тэхнічным прагрэсам, пастаянна працую над самаўдасканаленнем і згодзен са словамі Сакрата: “Чым больш я спазнаю, тым больш разумею, што нічога не ведаю”.

На працягу многіх гадоў Мікалай Уладзіміравіч з’яўляецца кіраўніком раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў фізікі, каля двух дзесяцігоддзяў – членам абласной камісіі па правядзенні алімпіяд па гэтым прадмеце. Прызнаннем яго кваліфікацыі і высокага ўзроўню з’яўляецца і той факт, што ён адзіны настаўнік з сельскай школы, якога так доўга не мянялі, хаця звычайна прадметнікі падлягаюць ратацыі праз тры гады.

Алімпіяднікаў за гады прафесійнай дзейнасці М.У.Аніскевіч падрыхтаваў шмат. Адзначае, што зараз мала вучняў у сельскай школе: “Для ўдзелу ў алімпіядах настаўнікі літаральна “вырываюць” іх адзін у аднаго”. Ён жа выклікае інта­рэс да прадмета праз эксперыментальныя навыкі, і вучні Вялікадолецкай школы заўсёды прымаюць удзел не толькі ў алімпіядах, але і ў навукова­практычных канферэнцыях. За апошнія 5 гадоў першае месца ў вобласці займаў Уладзіслаў Грак, сканструяваўшы са звычайнага лабараторнага омметра прыбор для вызначэння забруджвання воднага асяроддзя. Гэта работа заняла шостае месца ў рэспубліцы. Другой на абласным узроўні станавілася работа Кірыла Ляхоўскага, прычым гэта менавіта навуковыя працы, а не звычайныя рэфераты.

Разам з М.У.Аніскевічам удзельнікі канферэнцый выбіраюць цікавыя тэмы, выкарыстоўваюць сучасныя тэхналогіі:

– Я не выконваю работы за вучняў, не бачу сэнсу ў такім удзеле, – адзначае Мікалай Уладзіміравіч. – Накірую, падкажу, у якім напрамку рухацца. Антон Ардынскі вывеў каэфіцыент празрыстасці асяроддзя, дзе даследуецца залежнасць ад шчыльнасці, памераў, віду матэрыялаў. Магчыма ёсць метады і больш сучасныя, але мы стварылі свой. Яшчэ адна цікавая праца – вызначэнне запасу трываласці лямпачак напальвання як айчынных, так і замежных вытворцаў па мадэлях, гадах выпуску. Для разлікаў ствараецца мадэль, а праводзіць іх дапамагае камп’ютар.

Вялікадолецкія школьнікі, якія асэнсавана выбіраюць для паступлення цэнтралізаванае тэсціраванне па фізіцы, паказваюць добрыя вынікі, бо заўсёды атрымліваюць дапамогу настаўніка. Гаворка не ідзе аб рэпетытарстве. Ён займаецца з жадаючымі дадаткова ў выхадныя, свабодны час, якога часта для сябе не застаецца – на працягу многіх гадоў Мікалай Уладзіміравіч вядзе ў школе яшчэ і турыстычны гурток, адказвае за тэхнічнае забеспячэнне ўсіх мерапрыемстваў. Працуе не толькі на педагагічнай, але і на звычайнай ніве – на ўласнай тэхніцы апрацоўвае прышкольны ўчастак з агароднінай.

Сёлета з 12 адзінаццацікласнікаў Вялікадолецкай школы, якія з’яўляюцца чарговым выпускным класам М.У.Аніскевіча, двое вучняў ужо выбралі фізіку ў якасці прадмета для цэнтралізаванага тэсціравання. “Хлопцы талковыя, будзем працаваць!” – кажа педагог. І веру, што выпускнікі вытрымаюць іспыты з гонарам – маючы такога настаўніка, іншага выніку проста не можа быць.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *