Коллектив Ореховской школы в последнее время значительно омолодился

К профессиональному празднику

Арэхаўская школа звычайна прыгадваецца на старонках “Патрыёта” ў сувязі з важкімі дасягненнямі яе вопытных педагогаў, удзелам установы ў маштабных даследчых праектах. Але нагодай нашага візіту напярэдадні прафесійнага свята стаў іншы, не менш прыемны аспект – у апошні час выкладчыцкі калектыў установы істотна амаладзіўся.

Толькі летась пасля заканчэння Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Машэрава ў Арэхаўскую школу прыйшлі чатыры маладыя спецыялісты: выкладчык рускай мовы і літаратуры Таццяна Аляксандраўна Селезень, беларускай – Алёна Сяргееўна Жалейка, а таксама сямейная пара Сяргей Уладзіміравіч і Вольга Юр’еўна Аглушэвічы, якія выкладаюць адпаведна фізіку з інфарматыкай і матэматыку. Сёлета ж школа атрымала чарговае маладое папаўненне ў асобе выпускнікоў Полацкага дзяржуніверсітэта Аляксандра Анатольевіча Грысюка, які вядзе тэхнічную працу, фізіку і астраномію, а таксама настаўніцы англійскай мовы Вольгі Мікалаеўны Вацьковіч.

На пытанне, якім для іх быў працоўны старт, маладыя педагогі адказалі абсалютна аднадушна – выдатным! “Хвалявалася толькі падчас першага ўроку, а таксама калі даведалася, што адразу буду класным кіраўніком. Ну а зараз адчуваю сябе як рыба ў вадзе! – канстатуе Таццяна Селезень. – Асабліва дадаў упэўненасці паспяховы ўдзел у раённай Дэкадзе маладога спецыяліста, падчас якой трэба было правесці адкрыты ўрок, падрыхтаваць выступленне па тэме самаадукацыі”.

А яшчэ ўсе як адзін “навічкі” выказалі вялікую падзяку дырэктару школы Ларысе Аляксандраўне Булаўка, усяму педкалектыву за пастаянную дапамогу і выключную добразычлівасць. “А вось гэта мой калега, да якога магу звярнуцца па любым пытанні”, – адрэкамендавала Вольга Аглушэвіч увайшоўшага падчас нашай бяседы ў настаўніцкую Васіля Ігнатавіча Карчэўскага. “Ну, гэта яшчэ невядома, хто каму больш дапамагае: я дзялюся з імі вопытам, а яны са мной – ведамі!” – адказаў кампліментам у адрас маладых спецыялістаў настаўнік. Дарэчы, Вольга і яе муж Сяргей – віцябчане, і калі яны даведаліся, што па размеркаванні будуць працаваць у вясковай школе, рыхтаваліся ўбачыць зусім іншы антураж. А прыехаўшы ў Арэхаўна, адразу не паверылі сваім вачам – зусім не чакалі, што ў глыбінцы маюцца навучальныя ўстановы, якія дадуць фору многім гарадскім.

У адрозненне ад іх, Аляксандр Грысюк добра ведаў, у якіх умовах будзе працаваць: з былога вучня Арэхаўскай школы малады чалавек плаўна перакваліфікаваўся ў яе настаўніка. “Мінуў толькі месяц, як ён прыйшоў да нас, але за гэты час паспелі ацаніць яго стараннасць і адказнасць: Аляксандр Анатольевіч выкладае некалькі прадметаў, а таксама вядзе на базе школы турыстычны гурток ад раённага цэнтра дзяцей і моладзі і нават ужо паспеў звазіць нашу каманду на раённы злёт!” – расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Яўгенія Юр’еўна Пацэйка.

“Штодня ідзём на працу з радасцю!” – кажуць героі гэтага артыкула, і бачна, што гэта не дзяжурная фраза. Прынамсі, маладыя настаўнікі сталі не толькі калегамі, але і сябрамі, часта разам праводзяць вольны час. “Нам пашанцавала з пачаткам працоўнай кар’еры. А яшчэ хачу падкрэсліць, што быць педагогам у нашым раёне – гэта ганарова!” – з меркаваннем маладога філолага Т.Селезень цяжка не пагадзіцца.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

На здымку: Аляксандр Грысюк, Таццяна Селезень, Вольга і Сяргей Аглушэвічы, Алёна Жалейка, Вольга Вацьковіч.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *