За плечами Тамары Игнатовны Карчевской 34 года педагогического стажа

К профессиональному празднику

За плячыма ў Тамары Ігнатаўны Карчэўскай 34 гады педагагічнага стажу. Сотні вучняў на яе ўроках засвоілі правілы пісьма, адкрылі для сябе прыцягальны свет класічных літаратурных твораў.

Паўвека назад, калі Тамара выбірала будучую прафесію, ваганняў не было: настаўніцтва ў іх лічылася справай сямейнай. Загадчыкам пачатковай школы ў родным Пораўне быў тата Ігнат Данілавіч Карчэўскі, выкладанне фізікі і матэматыкі стала справай жыцця для брата Васіля Ігнатавіча. Сама ж Тамара абрала лінгвістычны напрамак: скончыўшы Аршанскае педвучылішча, а пазней Магілёўскі педінстытут, пачала працоўны шлях у Старынкоўскай васьмігодцы, потым настаўнічала ў Вялікіх Дольцах, большая ж частка яе педагагічнай кар’еры прысвечана Глыбачанскай школе. Таксама некалькі год давялося папрацаваць у бібліятэцы. Тамара Ігнатаўна заўсёды захаплялася чытаннем. Сярод любімых аўтараў – Някрасаў, Тургенеў, Маякоўскі, Цвятаева.

– Мне вельмі хацелася зацікавіць школьнікаў, каб яны чыталі класічныя творы цалкам, не па хрэстаматыі. Памятаю, як перагарнуўшы апошнюю старонку “Вайны і міра”, з гонарам паведаміла мне пра гэта Іна Брыцік. “Ніколі не забуду, як Вы ставілі мне пяцёркі. Магчыма, яны былі крыху “з авансам”, але ж стымулявалі мяне займацца”, – прызнаўся пры сустрэчы вучань аднаго з маіх першых выпускаў Лёня Севярын. Увогуле заўсёды вельмі прыемна сустракаць былых школьнікаў, чуць, што іх жыццё складваецца паспяхова.

Лёс жа самой настаўніцы не быў вельмі гладкім, але яна імкнулася стойка пераадольваць усе выпрабаванні. Так сталася, што ўвесь час даводзіцца клапаціцца пра сына, які ў дзяцінстве перанёс цяжкую хваробу і застаўся жыць толькі дзякуючы прамому пераліванню крыві ад мамы. Ну а дачка стала прадаўжальніцай педагагічнай дынастыі – вось ужо амаль 20 год вучыць малодшых школьнікаў у абласным цэнтры.

Тамара Ігнатаўна ніколі не сядзіць без справы. Апрацоўвае некалькі ўчасткаў зямлі, вырошчвае шмат агародніны. І, канечне, па­ранейшаму шмат чытае. Дарэчы, менавіта за гэтым заняткам убачылі мы яе ў дзень нашага візіту ў Глыбачку: уладкаваўшыся на ганку шматкватэрнага дома (у аграгарадку яго называюць “настаўніцкім”), жанчына праглядвала свежы нумар “Патрыёта”.

– Колькі жыву, столькі і выпісваю “раёнку”, – патлумачыла яна. – А як жа інакш? Тут усё пра наша жыццё, пра знаёмых людзей! Напрыклад, зараз рэдка бываю на роднай Далеччыне, а дзякуючы газеце ведаю тутэйшыя навіны. А як прыемна іншы раз прачытаць інфармацыю пра сваіх былых вучняў – у такія моманты разумею, што не памылілася ў выбары справы свайго жыцця.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *