В зимовку — с уверенностью. Урожай кукурузы радует ильюшинских аграриев

Сельское хозяйство

“Зімова-­стойлавы перыяд па­вінны правесці без праблем, кармоў хопіць”, – гледзячы, як здробненая маса запаўняе чарговы прычэп, разважаў галоўны аграном ААТ “Ільюшынскі” Аляксандр Сяргеевіч Селівёнак. Гэтыя словы падмацаваны добрымі па сёлетнім годзе ўраджайнасцю і належнай арганізацыяй работ на корманарыхтоўцы.

352 гектары кукурузы неабходна ўбраць ільюшынскім механізатарам. Плошчы значныя, а ўлічваючы тое, што не ўсюды тэхніка можа заехаць на палі без праблем, то задача своечасовай уборкі яшчэ больш ускладняецца. Яе паспяховаму вырашэнню дапамагае наяўнасць двух кормаўборачных агрэгатаў КВК-­800 і вопытнасць механізатараў атрада. У мінулую пятніцу Мікалай Ступко на вялікім 60­гектарным полі пасля прайшоўшага дажджу ўбіраў кукурузу на першы погляд нейкімі мудрагелістымі заездамі. Як высветлілася, такі рух агрэгата быў абумоўлены вымачкамі, на якіх буксаваў нават трохвосевы МАЗ з ПУП “Ляснеўшчына”, заняты ў гаспадарцы на адвозцы зялёнай масы. Акрамя яго ў гэты дзень здробненую кукурузу на траншэю ля комплексу ў Ільюшына дастаўлялі Раман Шопа і малады механізатар Антон Коўшаль, які ў гаспадарцы працуе першы сезон, але ля працаўнікоў са стажам не губляецца. “Талковы хлопец” – коратка характарызаваў яго А.С.Селівёнак.

Мікалай Ступко на той момант працаваў адзін, а калі на поле выязджае яшчэ і КВК-­800 Уладзіміра Лёлі, то колькасць адзінак на адвозцы ўзрастае да шасці. Вялікі мехатрад за дзень нарыхтоўвае 500­600 тон зялёнай масы. Каб зменшыць “плячо” на адвозцы і не дапусціць прастою тэхнікі, кукурузу сеяць імкнуліся непадалёк ад комплексу, дзе вялася закладка.

У вялікай гаспадарцы не забываюць і пра іншыя восеньскія работы, вядуць узворванне глебы і сяўбу, і пры кадравым дэфіцыце заклікалі на дапамогу ветэранаў – Мікалаю Ляхоўскаму на трамбоўцы зялёнай масы дапамагае Аляксандр Плігаўка – за рулём “Амкадора” мужчыны змяняюць адзін аднаго праз суткі.

Двухразовым харчаваннем удзельнікаў корманарыхтоўкі забяспечвае “сталовая” на колах.

У “Ільюшынскім” скошана амаль палова плошчаў кукурузы, пры ўраджайнасці 312 цэнтнераў з гектара нарыхтавана каля 5 тысяч тон зялёнай масы. Частка яе, праўда, у траншэю не трапляе, а адразу ідзе на корм жывёле – прысутнічаў пры загрузцы свежай зялёнкай кормараздатчыка Анатоля Спірыдзёнка, які адвозіў яе на ферму ў Сержанах.

У гаспадарцы яшчэ не завяршылі сёлетнюю корманарыхтоўку, а ўжо думаюць пра наступную. 100 гектараў алейнай рэдзькі, якой былі перасеяны пасевы азімага рапсу, вырашана абмалаціць на насенне.

– Культура цэнная тым, што з яе можна атрымаць два ўраджаі за вегетацыйны перыяд, – тлумачыць такое рашэнне А.С.Селівёнак. – Расліну на зялёную масу можна ўбіраць праз 60 дзён пасля пасеву. У наступным годзе будзем глядзець, як складзецца абстаноўка з травянымі кармамі. Пры неабходнасці будзем сеяць рэдзьку на зялёны корм.

Кукуруза на сілас стане дадаткам да нарыхтаваных раней 7250 тон сенажу і 1120 тон зернесенажу, 400 тон сена. Па стане на 27 верасня “Ільюшынскі” плюсуе на нарыхтоўцы травяных кармоў да адпаведнага ўзроўню мінулага года на 2,16 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. У “плюсе” і астатнія гаспадаркі, за выключэннем КУСГП “Вялікадолецкае”, але тут самая высокая ўраджайнасць кукурузы і да канца ўборкі становішча плануюць выправіць.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *