Ушачское райпо заготавливает яблоки и клюкву. В лидерах — магазин деревни Слобода

Общество

Хоць на двары халаднаватае восеньскае надвор’е, аднак сезон нарыхтовак яшчэ працягваецца. Сёлета райспажыўтаварыства паставіла перад сабой задачу нарыхтаваць каля 700 тон яблыкаў толькі для прамысловай перапрацоўкі. Гэты год выдаўся вельмі ўраджайным на іх, а таму кааператары ўжо блізкія да намечанай мэты – у насельніцтва прынята 660 тон пладоў на суму больш за 26400 рублёў. Ва ўсіх магазінах добра адладжана нарыхтоўка, а там, дзе няма гандлёвых кропак, райспажыўтаварыства, як і ў папярэднія гады, працуе па заяўках. Лідарам жа яблычнай нарыхтоўкі ў гэтым сезоне з’яўляецца магазін вёскі Слабада. Даведзены план у 20 тон яны перавыканалі ў некалькі разоў, нарыхтаваўшы ўжо больш за 70 тон!

– Людзі актыўна здаюць яблыкі, нягледзячы на тое, што кошт на іх невысокі – 4 капейкі за кілаграм. Тым не менш, для многіх гэта дадатковы заробак, а іншыя проста здаюць лішкі са сваіх садоў, каб не прападалі. Вязуць яблыкі на машынах, конях, веласіпедах і тачках. Не адразу, але вяртаем усім мяшкі. Ёсць сярод нашых здатчыкаў і абсалютныя рэкардсмены, напрыклад, А.Курбака здаў ужо каля шасці тон, Р.Красько – каля трох. Часцей на атрыманую суму грамадзяне адразу выбіраюць у магазіне для сябе пэўны тавар, – расказвае прадавец названага магазіна Юлія Пятроўна Лёля (на здымку).

Акрамя яблыкаў райспажыўтаварыствам зараз вядзецца таксама і нарыхтоўка журавін і брусніц. Але ўраджай ягад не надта радуе. Журавін нарыхтавана ўсяго каля 150 кілаграмаў. З іх 100 прыходзіцца зноў жа на слабадскі магазін. Прымаюцца яны зараз па 2 рублі 50 капеек за кілаграм. Паколькі аб’ёмы нарыхтовак ягад невялікія, то выкарыстоўваць журавіны кааператары плануюць у сваёй сістэме грамадскага харчавання, для продажу ў гандлёвых кропках, а таксама на кірмашах, у тым ліку гэтымі днямі і ў сталіцы.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *