Назвалі дачку вашым імем
Паважаная рэдакцыя. Вельмі спадзяюся, што праз вашу газету я змагу выказаць словы падзякі жанчыне, якая, па нашых даных, павінна пражываць у вёсцы Вяркуды Ушацкага раёна.
17 чэрвеня мая цяжарная жонка познім вечарам вярталася ад бацькоў, якія жывуць у Мінску. На прыпынку на чыгуначным вакзале (Кірава, 3) ёй стала дрэнна і яна страціла прытомнасць. Адкрыўся матачны крывацёк і паўстала пагроза выкідыша. Гэта жанчына выклікала “хуткую дапамогу” і была з жонкай у бальніцы да таго часу, пакуль не прыехалі родныя. У паніцы мы нават не падзякавалі ёй, не спыталіся, як яе клічуць, і толькі пазней праз прыёмны пакой даведаліся, хто выклікаў медыкаў і быў побач. Гэта Наталля Мікалаеўна Янкойць.
А 18 чэрвеня ў нас нарадзілася дачушка. Мы загадзя падрыхтавалі ёй імя – Марына, у гонар маёй маці. Але пасля таго, што адбылося, назвалі імем жанчыны, якая выратавала маю жонку, маю дачушку.
Дарагая Наталля Мікалаеўна! Вялікі Вам дзякуй ад нас за тое, што нарадзілася наша Наташка, за выратаванае жыццё жонкі. Я кланяюся Вам у ногі, бо калі б у той позні вечар вас не аказалася побач, хутчэй за ўсё закончылася б усё трагічна. Як мне сказалі ўрачы-рэаніматолагі: лік ішоў на мінуты.
Аляксей, Валянціна Петкевічы і наша дачушка Наташа, г.Заслаўль.