Сёлета кукурузу сеялі ў шасці гаспадарках раёна. Няма яе ў ААТ “Дземенец”, дзе свой невялікі статак кармамі забяспечылі яшчэ ўлетку, і ў КУСГП “Кублічы”. З шасці астатніх гаспадарак пакуль толькі КУСГП “Арэхаўна” не пачало закладку кукурузнага сіласу. Каралева палёў – культура капрызная і патрабуючая значных затрат, але пры належным доглядзе і гаспадарчым падыходзе з’яўляецца вельмі добрым пастаўшчыком кармавых адзінак.
Добры вынік атрымліваюць з пачатку ўборкі ў КУСГП “Вялікадолецкае”. Тут з аднаго гектара адвозяць на траншэю ў сярэднім звыш 460 цэнтнераў зялёнай масы! Асаблівага сакрэту ў такіх паказчыках няма – 180 гектараў своечасова былі пасеяны з унясеннем азоту, атрымала расліна неабходны для росту карбамід у перыяд развіцця. Зараз на асобных участках кукуруза дае нават звыш 500 цэнтнераў. У сераду з 12 скошаных гектараў у гаспадарцы атрымалі 530 тон зялёнай масы. Зрэшты, у “Вялікадолецкім” у пазамінулым годзе на асабліва ўрадлівых землях атрымлівалі і па 600 цэнтнераў з гектара.
Неблагая кукуруза сёлета і ў ААТ “Ільюшынскі”, дзе таксама двойчы быў унесены азот. Мясцовыя аграрыі маюць амаль удвая большыя чым у вялікадальчан і самыя вялікія ў раёне плошчы – убраць неабходна 352 гектары. Але ж і статак у гаспадарцы налічвае больш двух тысяч галоў. Пакуль ураджайнасць у “Ільюшынскім” 313,6 цэнтнера з гектара, скошана амаль трэцяя частка пасеваў кукурузы, закладзена каля 4 тысяч тон “зялёнкі”. Калі справіцца з уборкай у сціслыя тэрміны, то заданне па нарыхтоўцы звыш 11 тысяч тон сіласу будзе выканана.
– Зараз пасевы кукурузы знаходзяцца ў стане малочнавасковай і поўнай спеласці і ўбіраць яе – аптымальная пара, – пракаменціраваў ход восеньскай корманарыхтоўкі першы намеснік начальніка райсельгасхарча С.А.Белагрыўцаў. – Да таго ж расліны маюць яшчэ не высахлае сакавітае лісце. Каб не страціць пажыўны сок, у гаспадарках пры трамбоўцы зялёнай масы далучаюць салому ячменю, аўса і яравой пшаніцы, якая ўпітвае яго.
Сяргей Аляксандравіч зазначыў, што неблагіх паказчыкаў пры вырошчванні кукурузы можна дабіцца і без прымянення дарагіх мінеральных угнаенняў. Як прыклад – КУСГП “Глыбачаны”, дзе ўдала падабралі землі, і пад сяўбу кукурузы густа ўнеслі арганіку. Для развіцця расліны спрыяльным аказалася і надвор’е – дажджы дапамаглі засваенню ўгнаення, бо эфект унясення гною пры засушлівым леце быў бы куды меншым. А так на першых участках у “Глыбачанах” атрымалі ўраджайнасць 333,3 цэнтнера з гектара, усяго неабходна ўбраць плошчу ў 145 гектараў.
– Падбор палёў пад кукурузу адыгрывае вялікую ролю, – працягвае С.А.Белагрыўцаў. – Расліна любіць цяпло і пажадана, каб схіл поля быў у паўднёвы бок. Таму пад кукурузу неабходна адводзіць пясчаныя ўчасткі, якія добра праграваюцца. З гэтай прычыны гліністыя глебы кукурузе слаба падыходзяць. Напрыклад, поле ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс” ля Вярхоўя для каралевы палёў ледзь не ідэальнае, а вось ля комплексу “Завячэлле”, дзе гаспадарка ўпарта працягвае яе сеяць – наадварот. Зразумела, гэта дазваляе эканоміць паліва пры транспарціроўцы зялёнай масы, але добра, калі ёсць што вазіць.
У “Райаграсэрвісе” на сераду было скошана больш паловы ад запланаваных плошчаў, пры ўраджайнасці ўсяго каля 140 цэнтнераў з гектара. А першымі да ўборкі кукурузы прыступілі ў ААТ “АграСелішча”, куды мы наведаліся да пачатку “зялёнага канвеера” – на поле непадалёк ад цэнтральнай сядзібы гаспадаркі. У сельгаспрадпрыемстве ўжо ўбрана больш двух трэціх з пасеяных 180 гектараў. На КВК800 працуе нязменны ўдзельнік гэтага віду работ Пётр Феліксавіч Караткевіч. На невялікім палетку на першы погляд кукуруза была нядрэнная. Месцамі кормаўборачны агрэгат амаль поўнасцю хаваўся з вачэй за высокімі сакавітымі сцяблінамі. Яго месцазнаходжанне выдавалі толькі гул рухавіка ды “гусак”, з якой здробненая маса сыпалася ў прычэп трактара Генадзя Хадасевіча. Але на асобных участках расліны выглядалі не так прывабна. Паведамілі мне мужчыны, што ўраджайнасць гэтага поля дзесьці пад 200 цэнтнераў з гектара, а вось на папярэдніх плошчах была горш, таму яе сярэдні паказчык у гаспадарцы значна ніжэй – каля 130 цэнтнераў.
Спяшаюцца механізатары, каб убраць кукурузу ў аптымальныя тэрміны, але гэта не павінна адбівацца на якасці. Не ўпрыгожваюць убраныя палі няскошаныя і прыціснутыя да зямлі асобныя расліны. Механізатары тлумачылі, што тут “пастараліся” дзікі, якія прымялі кукурузу – вось яна і не трапіла пад нажы агрэгата, ды і зношанасць яго здрабняючага механізма таксама не спрыяе чыстай уборцы. Але сустракаюцца і агрэхі: на краях палёў тонкія стужкі няскошанай кукурузы паміж праездамі. Гэта ўжо тэхнічнымі або прыроднымі фактарамі не апраўдаеш, такія хібы – на сумленні механізатараў.
Усяго па раёне пад кукурузай было занята 1270 гектараў, 420 з іх па стане на 22 верасня ўбраныя, нарыхтавана 9690 тон зялёнай масы. Пакуль надвор’е дазваляе закладаць сілас без кансервантаў і ў выйгрышы акажуцца тыя, хто максімальна хутка справіцца з гэтай задачай.
Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.