Работники ушачского лесхоза отпраздновали 80-летие предприятия

К профессиональному празднику

Для лесу 80 год не так і многа – ёсць ва ўшацкіх барах дрэвы і большага ўзросту. А вось для чалавека гэты тэрмін з’яўляецца вельмі значным. Такая спецыфіка лясной гаспадаркі, што карыстаюцца пладамі працы леснікоў прадаўжальнікі іх справы. Прадстаўнікі самых розных пакаленняў лесаводаў сабраліся ў мінулую пятніцу ў раённым Доме культуры на ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае прафесійнаму святу, юбілею галіны і прадпрыемства.

І няхай не ўсе змаглі адгукнуцца на запрашэнне, зала запоўнілася хутка – калектыў ДЛГУ “Ушацкі лясгас” ва ўсе часы быў адным з буйнейшых у раёне. Прадпрыемства ўваходзіць у спіс бюджэтаўтваральных, таму ад яго стабільнай працы залежыць дабрабыт не толькі саміх работнікаў арганізацыі. Пра гэта казаў напачатку ўрачыстасці дырэктар лясгаса Віктар Іванавіч Палынскі, які коратка ахарактарызаваў стан спраў на прадпрыемстве. На сённяшні дзень за лясныя ўгоддзі плошчай звыш 73 тысяч гектараў адказвае 268 чалавек. За паўгоддзе нарыхтавана амаль 31 тысяча кубаметраў драўніны. Нягледзячы на аб’ёмы высечак колькасць пакрытых лесам тэрыторый пастаянна расце. На пачатак 2011 года гэты паказчык складаў 61168 гектараў, а сёння лясы рознага ўзросту займаюць плошчу 62664 гектары – вядзецца пастаянная работа па лесааднаўленні. Лічбамі прысутных кіраўнік не перагружаў, бо яскрава пра прадпрыемства расказваў фільм, спецыяльна зняты да юбілею. Значнае месца ў ім адведзена і працы ўшацкіх лесаводаў за межамі нашага раёна. Сёлета, як і ў папярэднія гады, працаўнікам лясгаса даводзіцца выратоўваць драўніну, пашкоджаную ўраганам у іншых рэгіёнах краіны. У камандзіроўках на Міншчыне ўжо пабывала 89 чалавек з усіх лясніцтваў акрамя Сарочынскага, нарыхтавана каля 6400 кубаметраў лесу. На выездзе працуе і тэхніка прадпрыемства, машыністы лесанарыхтоўчых комплексаў, вадзіцелі, а ў тым, што яны амаль усе аказаліся адзначанымі да прафесійнага свята, заслуга не юбілейнага года, а ўласнага прафесійнага майстэрства і працаздольнасці. Але галоўнымі героямі ўрачыстасці сталі ветэраны лясгаса. Яны дзякавалі кіраўніцтву прадпрыемства за прадстаўленую магчымасць сабрацца. Некаторыя заслужаныя працаўнікі з розных лясніцтваў пасля выхаду на пенсію не бачыліся вельмі даўно – напрыклад, толькі на сцэне ў момант ушанавання ветэранаў сустрэ­ліся праз многія гады былы вальшчык лесу Ушацкага лясніцтва з 40-гадовым стажам Віктар Дзмітрыевіч Пячэннікаў і яго калега з Касарскога Валерый Васільевіч Пугачоў.

Шмат цёплых слоў было сказана ў адрас працаўнікоў і ветэранаў. Лесаводаў віншавалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Вольга Мікалаеўна Захарэнка і намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Вітальевіч Галяковіч, які працоўную дзейнасць пачынаў майстрам лесу Ушацкага лясніцтва, 35 гадоў аддаў справе служэння лесу яго бацька Віталь Мікалаевіч. Словы віншаванняў ад генеральнага дырэктара Віцебскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання, дэпутата абласнога Савета дэпутатаў Сяргея Аляксандравіча Даніловіча лесаводам зачытала яго намеснік па эканоміцы Ларыса Уладзіміраўна Бельчыкава. Прадстаўнік галаўнога прадпрыемства пажадала ўшацкім калегам працоўных поспехаў і разам з В.І.Палынскім прыняла ўдзел ва ўзнагароджанні лепшых працаўнікоў і ветэранаў.

Сярод іх – вядомыя ў раёне людзі, былыя і сённяшнія работнікі ўсіх структурных падраздзяленняў. А мерапрыемства атрымалася яркім і запамінальным, раённага маштабу. Як і дзейнасць людзей, занятых у лясной галіне, што працавалі і працуюць на карысць усіх жыхароў раёна, бо цяжка адшукаць чалавека, які б не любіў лес, яго скарбы і таямніцы.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



1 комментарий по теме “Работники ушачского лесхоза отпраздновали 80-летие предприятия

  1. Почему на фото нет Александра Рудасова?

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *