Выгодные условия приобретения товаров предлагает ушачанам райпо

Калейдоскоп

Як вы думаеце, які самы выгадны крэдыт? Канечне той, які можна браць на неабмежаваную суму і не плаціць пры гэтым працэнтаў. Скажаце, так не бывае. Памыляецеся. Пра выгадныя формы набыцця тавару наша гутарка нават не з банкірамі, а з намеснікам старшыні праўлення райспажыўтаварыства Юрыем Феадасеевічам Хомічам.

– Калі ласка, крыху падрабязней пра такі дзіва­крэдыт.

– Для пакупнікоў ён сапраўды самы выгадны, па якім практычна нічога не пераплачваеш за набыты тавар і вяртаеш доўгі тэрмін. Крэдыт выдаецца пад 0,01 працэнта, па сутнасці гэта пакупка тавару ў растэрміноўку тэрмінам на год. Пакупнік выбірае тавар, гэта можа быць як адзенне, абутак, так і складаная бытавая тэхніка або будаўнічыя матэрыялы, атрымлівае рахунак. Там правяраюць яго плацежаздольнасць і ён вяртаецца ў магазін за пакупкай. Па сутнасці пакупніку патрэбны два асноўныя дакументы – пашпарт і даведка аб заработнай плаце.

– Бясплатны сыр бывае толькі ў мышалоўках. Павінен быць нейкі падвох.

– Яго няма. За пакупніка працэнты плацім банку мы. Такім крэдытам  толькі ў жніўні скарысталіся 22 нашых пакупнікі. Не вельмі вялікая лічба абумоўлена тым, што не ўсе пра яго ведаюць. Аднак не скажу, што прыйшоў, узяў і можна не вяртаць. За запазычанасць па пагашэнні сум растэрміноўкі прадугледжана пеня, таксама як і па дагаворах, калі і тавар адпускаецца ў растэрміноўку. Гэта адзінае, пра што трэба памятаць. Астатняе – дагаворныя ўмовы паміж банкам і райспажыўтаварыствам. Акрамя таго, крэдыт выдаецца без усялякіх камісій і плацяжоў за карыстанне, якія часта бяруць у камерцыйных банках ці магазінах.

– Такія пазыкі выдаюць у абодвух банках, што працуюць ва Ушачах?

–Так, аднак “Беларусбанк” выдае на тавары любога вытворцы, а “Белаграпрамбанк” толькі на беларускія.

– Тавар у растэрміноўку выдае і райспажыўтаварыства, навошта пакупніку ісці яшчэ і ў банк?

– Так, мы даём тавар у растэрміноўку, аднак на іншых умовах. Ёсць абмежаванні па кошце пакупкі, ад гэтага залежыць і тэрмін растэрміноўкі. Напрыклад, пры набыцці мэблі ад 600 да 900 рублёў – на 6 месяцаў, абутку ад 150 рублёў і вышэй – да двух. У нас выгадна ўзяць тавар у растэрміноўку, праўда, тэрмін вяртання сумы пакупкі меншы. Самы вялікі – таксама год пры пакупцы мэблі коштам 1500 рублёў і вышэй. У банку ж існуе мяжа толькі на максімальную суму крэдыту: 200 базавых велічынь, а тэрмін растэрміноўкі – 12 месяцаў.

– Што ўсё ж выгадней, дачакацца акцыі, якія вы праводзіце кожны месяц, або браць у растэрміноўку?

– Гэта кожны выбірае для сябе. Па акцыі сума на тавар меншая на 15 працэнтаў, аднак яе ўносіш адразу. У растэрміноўку тавар набываеш па поўным кошце. Акцыя на акцыю не накладаецца, пакупнік не зможа аформіць тавар у растэрміноўку па паніжаным на 15 працэнтаў кошце.

Хачу звярнуць увагу пакупнікоў на тое, што тавар у растэрміноўку мы прапаноўваем не толькі ў магазінах “Тэхнасвет”, “Мэбля”, “Універмаг”, “Абутак”, “Гаспадар”, “Будаўнічыя матэрыялы” гарпасёлка, але і ў “Пралесцы” аграгарадка Глыбачка.

– Раней акцыі вы праводзілі кожны месяц, аднак у самым канцы, а зараз правялі ў сярэдзіне.

– Акцыю мы прымеркавалі да паступлення тавару, а ў канцы правядзём яшчэ адну. Акрамя таго, звяртаю ўвагу ўшачан, што вельмі часта ідуць акцыі на тавары пэўных вытворцаў. Так, актыўна супрацоўнічае з намі пінскі трыкатаж “Палессе”, “Калінка”, калі цану скідвае як вытворца, так і мы. На 15 працэнтаў са скідкай прадаецца зараз увесь абутак “Марка”. Існуе пяціпрацэнтная скідка для імяніннікаў, пастаянная акцыя “Шанс”, – пры пакупцы тавару з 10 да 11 гадзін. Па дысконтных картках прадаецца тавар у “Родным куце”, мяркуем камп’ютарызаваць у хуткім часе таксама магазіны “Цэнтральны і “На Віцебскай”. Мы шукаем розныя варыянты, каб зацікавіць ушацкага пакупніка, зрабіць нават набыццё дарагой рэчы неадчувальнай для сямейнага бюджэту.

Гутарыла Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *