Па дарозе да Царкавішча і ў вёсцы не знойдзеш ніводнага “аазісу” баршчэўніку, якія, на жаль, сталі звыклымі краявідамі для вялікадалеччыны. Нават адзінкавыя расліны зялёнага захопніка на пачатковых стадыях развіцця не атрымліваюць шансу на далейшы рост. У той час, як цэлыя гаспадаркі не могуць даць рады гэтай праблеме, у Царкавішчы з яе вырашэннем спраўляецца ўсяго адзін чалавек – старэйшына.
Наваколле роднай вёскі і яе насельніцтва Аляксандр Аляксандравіч Бука ведае выдатна. Ён карэнны царкаўлянін, як клічуць сябе тутэйшыя жыхары і іх суседзі з іншых населеных пунктаў. Неабыякавасць і прыроджаная цяга да парадку не дазволілі мужчыне адмовіцца ад пасады старэйшыны – у маі вяскоўцы аднагалосна зацвердзілі яго кандыдатуру на сходзе.
– У вёсцы ў нас у асноўным добрасумленныя жыхары, якія сочаць за парадкам ля сваіх сядзіб, але ёсць жа і знямоглыя людзі, ды і агульныя тэрыторыі патрабуюць догляду, – расказвае старэйшына. – Калі падтрымліваць чысціню пастаянна, то і суботнікі праводзіць, старэнькіх бабулек збіраць на іх не трэба. Я вось каля магазіна абкашу, глядзіш, і смецця менш становіцца – у траву ж паперу кідаюць, а як чыста, то ў многіх і рука не падымаецца гэта зрабіць…
Зразумела, што з такімі адносінамі на ўласнай сядзібе ў гаспадара таксама ўсё ў “ажуры”. А яго агароду, саду, дзе галіны ломяцца ад пладоў, і парнікам пазайздросцілі б іншыя гаспадыні. Пра захапленне Аляксандра Аляксандравіча вінаградарствам мы аднойчы расказвалі. Справу ён не закінуў, працягвае эксперыментаваць, вырошчваць розныя сарты цеплалюбівай культуры. І “Агат Данскі” ў яго расце не горш чым у мясцовасці, якая дала назву сорту. Год гэты не вельмі ўраджайны, ды і вялікі ўчастак лазы прыйшлося выразаць з-за хваробы, але колькасць сакавітых гронак, якія даспяваюць як у цяпліцах, так і на вуліцы, усё роўна ўражвае.
Трымае А.А.Бука і 15 ставак пчол. Бывае, вывозіць іх у лес – і стаўкі ніхто пакуль не чапаў. “У нашай вёсцы людзі добрыя і чэсныя”, – высока ацэньвае маральныя якасці сваіх землякоў старэйшына. На ўчастку ля хаты ён сее для пчолак разнатраўе, якое па восені трэба скасіць. А вось сена яму не патрэбна – жывёлу не трымае.
– У вёсцы жыўшы, можна было б качак якіх, або трусоў завесці: вунь браты Правады – сапраўдныя гаспадары, не тое, што я, – скромнічае мужчына і паказвае рукой у напрамку суседскіх дамоў. – У іх каровы, свінні, куры. Але ж жывёлу забіваць трэба – інакш навошта гадаваць! А я не магу, не падымаецца рука – гэта ж не баршчэўнік ссякаць, жывыя істоты! Буду ўжо лепш з раслінамі капацца, больш падабаецца, ды і атрымліваецца няблага.
Займаецца Аляксандр Аляксандравіч не толькі агароднінай. У мінулую нядзелю мог смела адзначаць Дзень работнікаў лесу – кожны год ён садзіць на пустэчы непадалёк ад дому па 100150 бярозак і там ужо шуміць сапраўдны бярозавы гай. Пад тымі дрэвамі, якія прыжыліся першымі, ужо можна збіраць падасінавікі ды абабкі. На ўваходзе ў двор дагледжанай сядзібы гасцей сустракаюць прыгожыя дрэвы, здалёк падобныя на туі, але гэта звычайны лясны ядловец перасаджаны з лесу і за трыццаць гадоў дасягнуў значных памераў і набыў прывабную форму.
Пакуль размаўляў з гаспадаром, у яго некалькі разоў звінеў мабільны тэлефон – вяскоўцы цікавіліся, ці прыйдзе камбайн на абмалот. “Во нажыў сабе пасаду, няма спакою!” – без злосці “бурчыць” Аляксандр Аляксандравіч і перазвоньвае старшыні Вялікадолецкага сельвыканкама Алегу Леанідавічу Сысу. З ім у старэйшыны наладжаны добрыя дзелавыя адносіны – Аляксандр Аляксандравіч на працягу ўсяго летняга сезона абкошваў не толькі Царкавішча, але і Весніцк, Вялікія Дольцы. А свае ўражанні ад дзейнасці А.А.Букі старшыня сельвыканкама выразіў коратка і вельмі ёміста: “Каб у кожным населеным пункце быў такі старэйшына, то мне і рабіць бы нечага было!”
Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.