Заблудившегося в лесу дачника из деревни Вотьковичи искали сотрудники Ушачского РОВД

Профилактика и безопасность

Працягваецца ягадна-­грыбны сезон. І таму звяртаем увагу аматараў ціхага палявання, што ў бягучым годзе пачасціліся выпадкі знікнення грамадзян падчас паходаў за дарамі прыроды. Хтосьці, паблукаўшы 2­3 гадзіны, знаходзіць дарогу да дома самастойна, а кагосьці даводзіцца шукаць усім светам: лес прачэсваюць і міліцыя, і выратавальнікі, і леснікі, і жыхары навакольных вёсак. Зрэшты, заблукаць можа кожны, але часцей за ўсё праблемы з арыентаваннем узнікаюць у людзей сталага ўзросту.

Апошні выпадак у нашым раёне адбыўся не так даўно. У раённы аддзел унутраных спраў патэлефанавала жанчына, якая паведаміла, што яе муж, прыехаўшы з горада на дачу ў Воцькавічы, адправіўся ў лес і дадому пад вечар не вярнуўся. Сітуацыя ўскладнялася тым, што пенсіянер меў праблемы з каленным суставам. Выехаўшыя на месца здарэння супрацоўнікі міліцыі даволі хутка ўстанавілі сувязь са згубіўшымся па мабільным тэлефоне. На шчасце, з пенсіянерам нічога не здарылася – не рызыкуючы з хворай нагой ісці па цемры, ён рыхтаваўся да начлегу ў лесе. Аказваецца, за няўдалы паход мужчына зблудзіў двойчы – першы раз выбіўся да Бычкоў, але па дарозе вяртацца ў родную вёску не стаў. Зарыентаваўшыся на мясцовасці, вырашыў ісці напрамкі і… зноў заблукаў.

На гэтым прыкладзе бачна, як важна ў лесе мець з сабой мабільны тэлефон. Зараз ён не з’яўляецца прадметам раскошы і маецца ў большасці пажылых людзей. Вось толькі не кожны бярэ яго з сабой, маўляў “дзеці падарылі, а я яшчэ згублю!”. А ўзяць трэба абавязкова, папоўніўшы баланс і зарадзіўшы акумулятар. Нярэдка ў паход па ягады­грыбы грамадзяне апранаюцца так, нібы збіраюцца там партызаніць. Камуфляж надзейна маскіруе чалавека, што значна ўскладняе пошукі. Вядома, адзенне павінна быць шчыльным, але лепш – яркім. Для таго каб не згубіцца, калі вы ідзяце кампаніяй, можна скарыстацца свістком. Яго гук чутны за 2­3 кіламетры.

Правільна паступіў мужчына, застаўшыся ў лесе ў чаканні светлага часу сутак: пачынае цямнець — лепш займіцеся падрыхтоўкай месца для начлегу.

Калі чалавек не вярнуўся з лесу, паведамляйце аб здарэнні ў міліцыю. Пры неабходнасці міліцыянеры прыцягнуць да пошукаў кінолагаў, выратавальнікаў, неабходную тэхніку, бо ў такой сітуацыі дарагая кожная гадзіна. Не адкладвайце званок надоўга, каб потым не было позна.

Л.Клачок, начальнік аддзялення крымінальнага вышуку Ушацкага РАУС.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *