15 верасня ў Беларусі скончыўся афіцыйны купальны сезон. Трэба адзначыць, што сёлета абстаноўка ў месцах адпачынку нашага раёна была спакойнай, гібелі людзей не дапушчана, што стала ў тым ліку плёнам дзейнасці выратавальнікаў, прафілактычнай работы рэйдавых груп, якія перасцерагалі людзей ад заплывання за буйкі, купання ў нецвярозым стане і іншых парушэнняў правілаў бяспечнага адпачынку.
У цяперашні час выратавальны пост на пляжы возера Вечалле спыніў сваю дзейнасць, УП ЖКГ правяло работу па кансервацыі пляжнага абсталявання. Ушачанам, якія зараз прыязджаюць на гэты вадаём, варта мець на ўвазе, што цяпер побач няма спецыялістаў, якія ў экстрэмальным выпадку могуць хутка прыйсці на дапамогу, а таму неабходна яшчэ больш пільна захоўваць правілы бяспекі пры знаходжанні на вадаёмах.
Усяго з пачатку года ў Беларусі патанула 277 чалавек, 375 патэнцыяльных тапельцаў удалося выратаваць, больш 14 тысяч адпачываючых атрымалі папярэджанні за небяспечныя паводзіны. Сталі ахвярамі вады 52 жыхары Віцебскай вобласці, 14 з іх патанулі падчас купання. Папоўніў гэты сумны спіс бягучы месяц. Так, 5 верасня на возеры Прудок ля вёскі Бор Лепельскага раёна патануў мужчына, які на драўлянай лодцы перавозіў жанчыну. Калі плавальны сродак пачаў напаўняцца вадой, пасажырка паплыла да берага і засталася жывая, мужчына ж, імкнучыся выратаваць лодку, загінуў. На жаль, трагічны выпадак зафіксаваны і на тэрыторыі нашага раёна: 7 верасня ў аграгарадку Глыбачка знік 36-гадовы мужчына, які праз дзень быў знойдзены патанулым у бетонным пажарным рэзервуары. Як сведчаць вынікі экспертызы, мужчына быў у нецвярозым стане. Усё гэта яшчэ раз пацвярджае вядомую ісціну, што вада нясе вялікую небяспеку і не даруе легкадумства. Прычым развітацца з жыццём можна нават не на глыбокім возеры ці паўнаводнай рацэ – для трагедыі часам можа хапіць нават “вядра” вады.
Э.ВЕРТАШОНАК, старшыня раённага таварыства выратавання на водах.