Сёлета спаўняецца 80 гадоў з моманту стварэння на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь органа кіравання лясной гаспадаркай. Пастановай Цэнтральнага выканаўчага камітэта СССР ад 2 чэрвеня 1936 года арганізавана беларускае ўпраўленне лясной аховы і лесанасаджэнняў. У гэтым жа годзе – і Ушацкі лясгас плошчай 29779 гектараў.
Ушацкі лясгас у час стварэння ўключаў у сябе ўсяго 4 лясніцтвы: Глыбачанскае, Плінскае, Ушацкае і Вялікадолецкае. Апошняе займала 15291 гектар – большую палову ўсёй тэрыторыі, таму для эфектыўнасці вядзення гаспадаркі ў сярэдзіне 1949 было арганізавана Весніцкае лясніцтва, але ліквідавана Глыбачанскае, якое адноўлена ў жніўні 1960 года.
У даваенны час дырэктарам лясгаса з’яўляўся Захар Пятровіч Тамашэвіч. Пасля вызвалення тэрыторыі раёна прадпрыемства ў розныя часы ўзначальвалі Павел Іванавіч Пашута, Іван Іванавіч Пудаў, і дырэктар Лепельскага лясгаса Павел Давідавіч Біркан, бо ў верасні 1954 года Ушацкі быў ліквідаваны і яго плошчы адышлі ў склад суседняга.
У верасні 1960 года зноў арганізаваны наш лясгас, а яго ўгоддзі пашырыліся да 32,4 тысячы гектараў. У склад увайшлі 5 лясніцтваў: Вялікадолецкае, Весніцкае, Глыбачанскае, Плінскае і Ушацкае. У маі 1969 года арганізавана Кубліцкае лясніцтва, а Весніцкае перайменавана ў Касарское, па месцы знаходжання канторы. З 1961 па 1969 гады лясгасам кіраваў Міхаіл Барысавіч Казлоўскі, а пасля яго на працягу дваццаці васьмі гадоў – Мікалай Дарафеевіч Бабаедаў, заслужаны лесавод БССР. Менавіта ў гэты час інтэнсіўна ішло развіццё механізацыі вытворчых працэсаў, абнаўленне і нарошчванне матэрыяльнатэхнічнай базы прадпрыемства. Дастаткова сказаць, што ў першую пяцігодку незалежнасці краіны менавіта ўшацкія лесарубы аднымі з першых сталі выкарыстоўваць пры рабоце новыя бензапілы замежнай вытворчасці.
Канчаткова сучасная структура нашага лясгаса склалася 31 студзеня 2000 года, калі загадам Мінлясгаса на базе кварталаў Ушацкага і Глыбачанскага лясніцтваў і прынятых на баланс у 19981999 гадах былых зямель гаспадарак арганізавана сёмае лясніцтва – Сарочынскае.
Значны ўклад у развіццё прадпрыемства ўнёс Аляксандр Паўлавіч Рудасаў, які быў дырэктарам са жніўня 1997 года па красавік 2013, атрымаўшы за час працы званне ганаровага лесавода Рэспублікі Беларусь. Пасля яго непрацяглыя тэрміны гэту пасаду займалі Міхаіл Мікалаевіч Лёля, Сяргей Паўлавіч Лапатка, а са студзеня бягучага года ДЛГУ “Ушацкі лясгас” узначальвае Віктар Іванавіч Палынскі.
У лясгасе памятаюць не толькі кіраўнікоў. Дзякуючы самаадданай працы знакавымі фігурамі для калектыву сталі многія яго работнікі. Варта прыгадаць узнагароджанага ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга вадзіцеля Тома Іванавіча Пугачова. Ляснік Вялікадолецкага лясніцтва Мікалай Іванавіч Правада мае знак “За бездакорную службу”, медаль “За доблесную працу”. Такую ж узнагароду заслужылі інжынер лесакарыстання Надзея Паўлаўна Вішанкова, інжынер аховы лесу і паляўнічай фаўны Васіль Дзмітрыевіч Марковіч. За бездакорную службу ў дзяржаўнай лясной ахове адпаведныя знакі атрымалі ляснік Вялікадолецкага лясніцтва Фёдар Пракоф’евіч Дальчанін, памочнік ляснічага Плінскага лясніцтва Уладзімір Паўлавіч Каўнурка. Заслужанымі лесаводамі БССР, а пазней Рэспублікі Беларусь сталі галоўныя ляснічыя Мікалай Васільевіч Хамічонак і Алег Сцяпанавіч Рахманенка.
Многіх заслужаных працаўнікоў ужо няма ў жывых, а ўсе астатнія ветэраны, да якіх адносяцца работнікі, аддаўшыя прадпрыемству 25 і больш гадоў, адзначаны да прафесійнага свята. Памятным нагрудным знакам Міністэрства лясной гаспадаркі краіны “80 год лясной гаспадарцы Рэспублікі Беларусь” і каштоўным падарункам узнагароджаны былыя работнікі лясгаса Я.В.Дунец, Л.Ц.Лабызнова, Г.З.Дунец, А.П.Рудасаў, Л.М.Міцкевіч, Л.В.Апёнак, Т.М.Смаргун, Л.М.Хамічонак, Л.Р.Севярын, Г.С.Варапаева; Касарскога лясніцтва – А.С.Рахманенка; Плінскага – Я.П.Мірановіч; Глыбачанскага – Л.С.Бурэнь; Ушацкага – В.М.Галяковіч, Я.П.Булаўка; Вялікадолецкага – М.Е.Тарасевіч. За добрасумленную шматгадовую працу ў лясной гаспадарцы краіны, дасягненне высокіх паказчыкаў у дзейнасці па выкарыстанні, ахове і абароне ляснога фонду і ў сувязі з прафесійным святам Ганаровай граматай прадпрыемства і каштоўным падарункам адзначана дзейнасць ветэранаў лясгаса В.І.Бабаедавай, В.І.Пашкевіча, Н.П.Вішанковай; Кубліцкага лясніцтва – Н.Я.Івашчанкі, Ушацкага – В.Д.Пячэннікава, І.П.Грака; Касарскога – І.С.Прытыкі, В.В.Пугачова, П.П.Алексяёнка; Плінскага – В.С.Мірановіч, У.П. Каўнуркі; Вялікадолецкага – В.М.Хамічонка.
Многія ветэраны і зараз у страі, сваёй дзейнасцю паказваюць прыклад моладзі – да прафесійнага свята 16 работнікаў з розных падраздзяленняў таксама ўзнагароджаны памятным нагрудным знакам “80 год лясной гаспадарцы Рэспублікі Беларусь” і грашовай прэміяй. Вартыя мінулых пакаленняў і сённяшнія работнікі. Ганаровымі граматамі галаўнога прадпрыемства ўзнагароджаны вадзіцелі аўтамабіляў на вывазцы лесу Алег Мікалаевіч Харэвіч і Ігар Віктаравіч Жогаль, раённага выканаўчага камітэта – Пётр Іванавіч Палонскі, Ушацкага лясгаса – Генадзь Вячаслававіч Данішэўскі. Сумленна, адказна працуюць і многія іншыя. Ганаровымі граматамі Віцебскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання ацэнена дзейнасць вальшчыка лесу Ушацкага лясніцтва Міхаіла Віктаравіча Карабаня, леснікоў Кубліцкага і Ушацкага лясніцтваў Пятра Пятровіча Качана і Генадзя Пятровіча Коршуна, 12 працаўнікоў атрымалі граматы прадпрыемства, пецярым аб’яўлена Падзяка дырэктара лясгаса.
Д.Раманоўскі.