Менавіта такога прынцыпу прытрымліваецца ў сваёй дзейнасці ляснічы Кубліцкага лясніцтва Вадзім Васільевіч Кальчэўскі, які сёлета ўзнагароджаны Ганаровай граматай раённага выканаўчага камітэта. У гэтым заслуга, канечне, усяго калектыву, які па выніках работы прызнаны пераможцам спаборніцтва сярод лясніцтваў Ушацкага лясгаса. Гэтыя людзі ўмеюць не толькі браць ад лесу, але і аддаваць яму – свае сілу, энергію, душу.
“Лес трэба шчыра любіць, служыць яму, а не проста працаваць – тады і наступіць гармонія”, – кажа Генадзь Пятровіч Коршун, ляснік з 22гадовым стажам, які ўвайшоў у пяцёрку працаўнікоў лясгаса, узнагароджаных Ганаровай граматай Віцебскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання. Вотчына кубліцкіх лесаводаў, пакрытая зялёнымі насаджэннямі, складае 8132 гектары. Не самыя вялікія сярод лясніцтваў тэрыторыі, але выкарыстоўваюцца эфектыўна і пагаспадарску. Менавіта такімі адносінамі да работы характарызуюцца трактарысты на падрыхтоўцы лесасек, тралёўцы і вывазцы лесу Сяргей Лабёнак і Васіль Быкаў, вальшчык Дзмітрый Куксёнак, адзначаныя кіраўніцтвам лясгаса. Добрыя словы выказаў В.В.Кальчэўскі ў адрас леснікоў Алега Пабойнева, Аляксандра Вацьковіча, Віктара Шыкняева, якія вызначаюцца стараннем і руплівасцю. Належна выконвае свае абавязкі вадзіцель Анатоль Весніч, удала ўліліся ў калектыў колькасцю ў два дзясяткі чалавек маладыя майстры лесу Віталь Хадасевіч і Вікторыя Дарашкевіч.
Галоўныя паказчыкі ў рабоце лясніцтва – гэта нарыхтоўка і вывазка драўніны, лесаўзнаўленне і яго ахова. За першае паўгоддзе бягучага года кублічане нарыхтавалі 5990 метраў кубічных драўніны. Высечкі догляду ў маладняку праведзены на дваццаці двух, работы па лесаўзнаўленні і лесаразвядзенні – на 38 гектарах. Пройдзе 3050 гадоў – і тут зашумяць стройныя сосны, разгалістыя елкі.
Не дапушчана пажараў, практычна знікла браканьерства, пастаянна вядзецца праца па ачыстцы лясных угоддзяў ад засмечанасці.
Па асноўных паказчыках дзейнасці калектыў апярэдзіў калег з Ушацкага і Вялікадолецкага лясніцтваў, якія занялі адпаведна другое і трэцяе месцы. “Жадаем усім, хто прысвяціў сваё жыццё служэнню лесу, моцнага здароўя, аптымізму, дабрабыту і поспехаў у працы. Няхай ва ўсіх калектывах пануе добры мікраклімат – гэта дапамагае нашай справе!” – казалі на развітанне кубліцкія лесаводы, якія мінімум на год сталі прыкладам яе паспяховасці.
Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.