Охотничье хозяйство — не менее важное направление деятельности Ушачского лесхоза

Общество

Паляўнічая гаспадарка лясгаса – важны складнік дзейнасці прадпрыемства і адзін з выканаўцаў задання па экспарце турыстычных паслуг у раёне. Летась лясгас адолеў даведзены па ім план, імкнецца зрабіць гэта і сёлета. З пачатку года зароблена 168 мільёнаў недэнамінаваных рублёў – арганізаваны 4 паляўнічыя туры з удзелам замежных грамадзян, не пуставаў, асабліва па выхадных, Дом паляўнічага ў Мірным. Паказчыкі маглі б быць і больш важкімі, каб не шэраг аб’ектыўных прычын, сярод якіх забарона на вываз здабытага мяса дзікоў, прывязаны да еўра і, адпаведна, даволі высокі кошт паляўнічых пуцёвак для замежных грамадзян. Зрэшты, па словах інжынера па паляўнічай гаспадарцы А.М.Скарабагатага, з 1 кастрычніка цэны будуць вызначацца па курсе беларускага рубля і стануць прыкладна на 30 працэнтаў дзешавейшымі.

Дарэчы, Андрэй Мікалаевіч сёлета адзначае не толькі юбілей прадпрыемства, але і круглую дату ўласнай працоўнай дзейнасці на ім – прайшло дзесяць год, як выпускнік Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта кіруе паляўнічай гаспадаркай Ушацкага лясгаса. І гэта той шчаслівы выпадак, калі захапленне чалавека стала яго прафесіяй. “Ужо гадоў з сямі ездзіў з татам на паляванне. У самім працэсе, канечне, не ўдзельнічаў, аднак прасякнуўся духам гэтай мужчынскай справы”, – расказвае Андрэй. Напэўна, ужо тады ён вырашыў, што працягне сямейную дынастыю (бацька быў ляснічым Бярозаўскага лясніцтва Докшыцкага лясгаса). Работа ў паляўнічай гаспадарцы патрабуе не толькі спецыфічных ведаў, а і асаблівых якасцяў характару – прынцыповасці, уважлівасці, цярплівасці (іншы раз на вышцы даводзіцца сядзець гадзінамі), а таксама ўмення выклікаць прыхільнасць, каб паляўнічыя пажадалі вярнуцца на Ушаччыну. Часта гэта атрымліваецца – пастаяннымі кліентамі нашага лясгаса з’яўляюцца госці з Санкт­Пецярбургу, Францыі, якіх прываблівае паляванне на лася, аленя высакароднага, казулю, глушца. А дзічына ў нашых мясцінах багатая: пазалетась паляўнічы з Казахстана здабыў ва ўгоддзях лясгаса аленя, заплаціўшы за трафей у казну прадпрыемства 5300 еўра.

Аднак не толькі арганізацыяй палявання займаецца А.Скарабагаты. У абавязкі інжынера ўваходзіць улік паляўнічай жывёлы і “чырвонакніжнікаў”, барацьба з браканьерствам, арганізацыя прыёму экзаменаў у паляўнічых раёна і замена пасведчанняў на права палявання, абмежаванне колькасці шкодных драпежнікаў – так, за мінулую зіму было здабыта 4 ваўкі, больш паўсотні ліс і янотападобных сабак, якія з’яўляюцца патэнцыяльнымі пераносчыкамі шаленства, знішчаюць кладкі птушак. У рабоце інжынеру дапамагаюць вопытныя егеры Сяргей Міхайлавіч Пугач, Дзмітрый Мікалаевіч Карчэўскі і Міхаіл Герасімавіч Касцючонак. Гэтыя людзі дастойна выконваюць свае абавязкі, імкнуцца, каб паляўнічая гаспадарка лясгаса лічылася “моцным звяном” прадпрыемства.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *