Не лавіце вугра
У рыбалоўных угоддзях дазволена аматарскае рыбалоўства ўсіх відаў рыбы, за выключэннем вугра і відаў рыб, у адносінах да якіх заканадаўствам устаноўлены абмежаванні ці забароны або яны ўключаны ў Чырвоную кнігу. Калі вы злавілі такую рыбу, то яна павінна быць выпушчана ва ўгоддзі ў жывым выглядзе. За незаконны вылаў, здабычу рыбы ў забароненых месцах, забароненымі прыладамі і спосабамі, у непадыходзячы тэрмін і час прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу ад 20 да 50 базавых велічынь. Аднак такія ўнушальныя штрафы часам не спыняюць некаторых грамадзян незаконна лавіць рыбу. Так, напрыклад, жыхар Ушацкага раёна на возеры Оталава ажыццяўляў здабычу рыбы перамётам, злавіў пры гэтым адну асобіну вугра вагой 0,4 кілаграма. Мужчына быў затрыманы супрацоўнікамі інспекцыі. Урон, нанесены навакольнаму асяроддзю, склаў 1575 дэнамінаваных рублёў.
Паляванне на гусей
З 17 верасня пачынаецца сезон палявання на белалобую і шэрую гусь, гусака-гуменніка, канадскую казарку. Паляваць можна ў светлы час сутак ружэйным спосабам з засады, падыходу або пад’езду з маламерных суднаў. Паляванне дазволена з гладкаствольнай зброяй з выкарыстаннем патронаў, зараджаных дробам, з паляўнічымі сабакамі ўсіх груп, акрамя гончых і хартоў. Маламерныя судны павінны быць без рухавіка ці з непрацуючым рухавіком. Працягнецца сезон палявання да 11 снежня.
І.КАРАГА, дзяржінспектар Лепельскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету