Начальнік упраўлення Следчага камітэта па Віцебскай вобласці Уладзімір Шалухін правёў 2 верасня ва Ушачах “прамую тэлефонную лінію” і выязны прыём грамадзян.
Усе пытанні, з якімі звярнуліся да яго ўшачане, датычыліся юрыдычных момантаў. Так, падчас прыёму жыхар райцэнтра выказаў просьбу аб азнаямленні з матэрыяламі праверкі, якую праводзіць следчае ўпраўленне УСК па Віцебскай вобласці па факце смерці блізкага яму чалавека.
Таксама паступіла заява ад грамадзяніна аб неабгрунтаваным прыцягненні яго да адміністрацыйнай адказнасці за перадачу права кіравання сваім транспартным сродкам асобе, якая знаходзілася ў стане алкагольнага ап’янення. Дадзенае пытанне мае права вырашаць толькі суд, куды У.Шалухін параіў звярнуцца заяўніку.
На “прамую тэлефонную лінію” паступіў званок ад грамадзянкі, якая пасля набыцця транспартнага сродку сутыкнулася з цяжкасцямі па пастаноўцы яго на ўлік. Гэта было звязана з тым, што супрацоўнікі МРЭА падчас візуальнага агляду выявілі змену нумара кузава аўтамабіля. Паколькі гэты транспартны сродак праходзіць па крымінальнай справе, следчы канфіскаваў тэхнічны пашпарт на яго.
“Усе пытанні, якія паступілі падчас прыёму, вырашаны на месцы. Грамадзяне атрымалі адказы. Па пытанні, агучаным падчас “прамой лініі”, дадзена адпаведнае даручэнне падначаленым супрацоўнікам”, – падвёў вынікі выязнога прыёму У.Шалухін.
УСК Віцебскай вобласці