11 сентября — выборы в Палату представителей Национального собрания Республики Беларусь. Сделайте свой выбор!

Общество

Заўтра ў краіне з васьмі гадзін раніцы адчыняцца ўсе выбарчыя ўчасткі і будуць чакаць выбаршчыкаў да 8 гадзін вечара. На ўчастках для галасавання, утвораных у воінскіх часцях, санаторыях, прафілакторыях, дамах адпачынку, бальніцах і іншых арганізацыях аховы здароўя, што аказваюць медыцынскую дапамогу ў стацыянарных умовах, участковыя камісіі могуць аб’явіць галасаванне завершаным і раней за 20 гадзін, калі прагаласавалі ўсе выбаршчыкі, уключаныя ў спіс.

І хоць традыцыйна на ўчастках у гэты дзень людна і святочна, гучыць музыка, 11 верасня – умоўны дзень цішыні. У дзень выбараў забаронена агітацыя. Свой выбар вы робіце самастойна, ніхто не можа ні падказваць, за каго галасаваць, ні рабіць адзнаку за вас. Выключэнне складаюць грамадзяне, якія не маюць магчымасці самастойна запоўніць бюлетэнь. Яны маюць права запрасіць у кабіну іншую асобу, акрамя членаў участковай і вышэйшай камісій, кандыдатаў у дэпутаты, іх давераных асоб, наглядальнікаў і журналістаў.

Ушачане атрымаюць бюлетэнь з пяццю прозвішчамі кандыдатаў і шостай графой “супраць усіх”. Паставіць адзнаку вы павінны толькі ў адным пустым квадраце справа ад прозвішча кандыдата, за якога галасуеце. Прычым, у бюлетэні ставяць любую адзнаку. Гэта можа быць не толькі “птушка”, а крыжык, клічнік ці нават слова “за”. Калі вы зробіце некалькі адзнак у пустых квадратах – бюлетэнь будзе прызнаны несапраўдным.

У выпадку, калі выбаршчык лічыць, што пры запаўненні бюлетэня зрабіў памылку, ён мае права звярнуцца да члена ўчастковай камісіі, які выдаў бюлетэнь, з просьбай выдаць яму новы бюлетэнь узамен сапсаванага. Член участковай камісіі, атрымаўшы сапсаваны бюлетэнь, на якім павінен быць уласнаручны подпіс выбаршчыка, выдае яму новы бюлетэнь, робячы адзнаку аб гэтым у спісе грамадзян, маючых права ўдзельнічаць у выбарах. Сапсаваны бюлетэнь пагашаецца, аб чым складаецца акт.

Бюлетэні будуць выдавацца пасля прад’яўлення пашпарта або даведкі органаў унутраных спраў аб страце пашпарта, для ваеннаслужачых тэрміновай службы – пасля прад’яўлення ваеннага білета, а таксама на падставе іншых дакументаў, якія пацвярджаюць асобу – гэта можа быць, напрыклад, пасведчанне інваліда, дзяржаўнага служачага, вадзіцельскае, пенсійнае з фотакарткай, студэнцкі білет.

Калі выбаршчык па стане здароўя або па іншых уважлівых прычынах не можа ў дзень выбараў прыйсці ў памяшканне для галасавання, ён мае права пісьмова або вусна звярнуцца ў адпаведную ўчастковую камісію з просьбай арганізаваць галасаванне па месцы яго знаходжання. Выбаршчык можа перадаць такую просьбу ва ўчастковую камісію пры садзейнічанні іншых асоб, напрыклад, сваякоў, суседзяў. Афіцыйнага пацвярджэння прычын немагчымасці прыйсці ў памяшканне для галасавання не патрабуецца. Выбаршчык можа звярнуцца з просьбай аб арганізацыі галасавання па месцы свайго знаходжання ў любы час пасля стварэння ўчастковай камісіі, а ў дзень выбараў не пазней, чым за дзве гадзіны да заканчэння часу галасавання, гэта значыць да 18 гадзін.

Выбары прызнаюцца праведзенымі, калі ў галасаванні прынялі ўдзел больш як палавіна выбаршчыкаў акругі, уключаных у спісы грамадзян, маючых права ўдзельнічаць у выбарах. Абраным лічыцца кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, які атрымаў найбольшую колькасць галасоў выбаршчыкаў, прыняўшых удзел у галасаванні. Абавязкова прыходзьце на выбарчыя ўчасткі!

Участковыя камісіі працуюць 11 верасня з 8 да 20 гадзін.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *