12 сентября белорусские следователи отмечают свой профессиональный праздник

Общество

За сваю даўнюю гісторыю следства і да­знанне даказалі важнасць і з’яўляліся элітай органаў унутраных спраў. І ўсё ж новы час дыктаваў новыя ўмовы. У сувязі з гэтым пяць гадоў таму Прэзідэнт краіны падпісаў Указ “Аб стварэнні Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь”. З тых часоў менавіта 12 верасня беларускія следчыя адзначаюць сваё прафесійнае свята, хоць дзейнасць новаўтвораная структура пачала 1 студзеня 2012­-га.

– Свой першы, хоць і невялікі юбілей сустракаем у прыўзнятым настроі, – прызнаецца начальнік Ушацкага раённага аддзела Следчага камітэта Алег Канстанцінавіч Крахотка. – Вывядзенне следства з­-пад падпарадкавання МУС паспела даказаць сваю мэтазгоднасць – за пяць гадоў дзейнасці нашай структуры відавочна палепшыліся якасць разгляду матэрыялаў, раскрыццё крымінальных спраў.

Вядома, за ўсім за гэтым – штодзённая карпатлівая работа калектыву – падрыхтаванага, згуртаванага, актыўнага. Усяго ў штаце Ушацкага РАСК дзевяць чалавек. Тут не размяжоўваюць работнікаў на прызнаных экспертаў следчай справы і навічкоў – усе працуюць супольна, дзелячыся адзін з адным вопытам і маладым задорам.

У сярэднім на аднаго следчага адначасова даводзіцца расследаванне пяці крымінальных спраў. Тэрмін, выдзелены на гэта, можа дасягаць 2 месяцаў. Аднак у нашым аддзеле ў 52 працэнтах выпадкаў (па вобласці – у 42­х) часу патрабуецца ўдвая менш. Дарэчы, па гэтым і іншых паказчыках ушачане знаходзяцца на дастаткова высокім месцы ў рэйтынгу падраздзяленняў Следчага камітэта Віцебшчыны. Гэта пацвярджаюць і шматлікія ўзнагароды нашых следчых. Сярод нядаўніх – Падзяка начальніка ўпраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці, аб’яўленая Аляксандру Уладзіміравічу Напрыенку.

За восем месяцаў бягучага года на разглядзе ва Ушацкім РАСК знаходзілася 145 заяў і паведамленняў, а ў вытворчасці – 110 крымінальных спраў. З ліку апошніх скончана расследаванне па 49­ці, узбуджаных у адносінах 60 чалавек. Матэрыяльны ўрон, прычынены за адзначаны перыяд дзяржаве, юрыдычным і фізічным асобам, склаў каля 39 тысяч дэнамінаваных рублёў – больш за 19 тысяч пакрыта, накладзены арышт на маёмасць абвінавачаных на суму каля 65 тысяч.

– У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, колькасць крымінальных спраў зменшылася ў нас працэнтаў на 10, – кажа А.К.Крахотка. – Пераважаюць крадзяжы з жылых памяшканняў, запазычанасць па аліментах, кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення і некаторыя іншыя “нецвярозыя” злачынствы.

Хацелася б звярнуць увагу ўшачан на тое, што РАСК фарміруе рэзерв кадраў. Калі вы маеце юрыдычную адукацыю і марыце звязаць сваё жыццё са следчай справай, прыходзьце па адрасе: г.п.Ушачы, вул.Савецкая, 5 (адміністрацыйны будынак ПМК­66, трэці паверх). Па словах Алега Канстанцінавіча, следчы павінен выдатна ведаць крымінальнае права і крымінальны працэс, крыміналістыку і судовую медыцыну, псіхалогію і логіку, валодаць добрай памяццю, назіральнасцю, вытрыманасцю, уменнем наладзіць кантакт з людзьмі. Перавага аддаецца прадстаўнікам моцнай паловы.

– Усіх супрацоўнікаў і ветэранаў следчых органаў віншую з пятай гадавінай з дня стварэння Следчага камітэта, – кажа А.К.Крахотка. – Дзякую кожнаму за добрасумленную службу і вернасць абранай прафесіі. Жадаю вам і вашым сем’ям моцнага здароўя, энергіі, выдатнага настрою, поспехаў ва ўсіх справах на карысць роднай Беларусі.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *