Мікалаю Іванавічу Северыну 5 верасня споўнілася дзевяноста пяць год! І ў гэтыя дні мужчына не можа не думаць над непрадказальнасцю лёсу. У раннім дзяцінстве ён так моцна хварэў, што бацькі ўжо падрыхтавалі для яго труну… Каб ведалі яны, якім доўгім акажацца яго жыццё.
Гэта лічба беспамылкова гаворыць, што чалавек не абмінуў вайну. Мікалай Іванавіч – ветэран Вялікай Айчыннай, прайшоў яе салдатам дзеючай Чырвонай Арміі, быў вязнем канцэнтрацыйнага лагера. Аднак насуперак усяму выжыў.
Зусім мала застаецца з намі абаронцаў радзімы, і раённая ветэранская арганізацыя вырашыла зрабіць юбілейныя дні ветэранаў асаблівымі – а таму М.І.Северына чакаў сюрпрыз. У цёплы і сонечны вераснёўскі дзень, які выдаўся сёлета на юбілей Мікалая Іванавіча, павіншаваць яго накіраваліся прадстаўнікі савета ветэранаў, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і піянерскай арганізацыі, ад імя якой здароўя ветэрану жадаў Яўген Багрэц.
У доме Мікалая Восіпавіча Федарэнкі ў Кублішчыне да свята дзядзькі падрыхтаваліся загадзя і чакалі гасцей. Гаспадыня сядзібы Ніна Піліпаўна сустрэла старшыню раённага савета ветэранаў Ф.Р.Пацэйку наступнымі словамі: “Як было б добра, каб вы завіталі да нас яшчэ і на стогадовы юбілей!” Спецыяльна для Мікалая Іванавіча падрыхтавалі музычнае выступленне. На баяне іграў Сяргей Уладзіміравіч Мядзведзеў – кіраўнік гуртка “Захапленне” пры аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту. Ну а спявалі яго наведвальнікі Лідзія Міхайлаўна Малаткавец, Уладзімір Ільіч Мамаеў. Гучалі самыя вядомыя кампазіцыі ваенных часоў і лірычныя мелодыі, якія выдатна ведаў імяніннік і таму ахвотна падпяваў. Увогуле ж жыццялюбству і пазітыўнаму настрою гэтага чалавека можна толькі пазайздросціць: на сваім прыкладзе ён даказвае, што гэтыя якасці падаўжаюць жыццё.
В.Северына
На здымку: М.Севярын (чацвёрты справа) і яго госці.
Этим летом исполнилось 95 лет Клопову Василию Маркияновичу.