Датэрміновае галасаванне па выбарах у Палату прадстаўнікоў стартавала ўчора ў Беларусі. Скарысталіся гэтым правам, прыйшлі на выбарчыя ўчасткі і многія ўшачане. Сярод першых прагаласаваўшых на ўчастку №60 былі Мікалай Ягоравіч і Людміла Мікалаеўна Эртман (на здымку). “Муж у нядзелю працуе, я ж планую правесці выхадныя на дачы, таму нам больш зручна прагаласаваць датэрмінова”, – патлумачыла журналістам Людміла Мікалаеўна. А вось тлумачыць прычыну датэрміновага галасавання пры атрыманні бюлетэня непатрэбна. Дарэчы, каб дзень выбараў быў больш памятным, тыя, хто галасуюць упершыню, атрымліваюць сімвалічныя паштоўкі. На некаторых ушацкіх участках прадугледжаны таксама сувеніры выбаршчыкам, якія прагаласавалі самымі першымі.
Трэба сказаць, што датэрміновае галасаванне – распаўсюджаная сусветная практыка. Прагаласаваць раней дня выбараў можна ў ЗША, Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Японіі і многіх іншых краінах. Пры гэтым існуюць розныя формы галасавання, у тым ліку дыстанцыйныя – напрыклад, поштай або факсам. Наяўнасць у беларускім заканадаўстве механізму датэрміновага галасавання служыць істотнай гарантыяй забеспячэння ключавога прынцыпу выбарчага права – усеагульнасці ўдзелу ў выбарах, паколькі не ўсе выбаршчыкі змогуць у дзень галасавання прыбыць на ўчасткі.
У Беларусі датэрміновае галасаванне праходзіць толькі ў памяшканні ўчастковай камісіі ў прысутнасці не менш як двух яе членаў. Выбаршчык, атрымаўшы на ўчастку бюлетэнь, распісваецца і пазначае дату датэрміновага галасавання. Бюлетэнь выдаецца пры прад’яўленні пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь або іншых дакументаў (іх пералік маецца на ўчастках для галасавання). Бюлетэнь запаўняецца галасуючым у кабіне або пакоі для тайнага галасавання. Неабходна паставіць у бюлетэні любы знак у пустым квадраце, размешчаным справа ад прозвішча таго кандыдата, за якога галасуеце. Пры галасаванні супраць усіх кандыдатаў трэба паставіць любы знак у пустым квадраце, размешчаным справа ад радка “Супраць усіх кандыдатаў”. Нагадаем чытачам, што прагаласаваць датэрмінова можна з 6 па 10 верасня з 10.00 да 14.00 і з 16.00 да 19.00.