Две семьи из агрогородка Глыбочка соревновались за звание лучшей на районном этапе семейного сельскохозяйственного проекта «Властелин села»

Общество

“Ці здрабняюць салому за Быстрыкамі?” – па мабільным тэлефоне ў пазамінулую суботу ўдакладняла “вытворчыя моманты” Алена Камовіч. Было гэта ўсяго за некалькі хвілін да пачатку конкурснай праграмы, у якой брыгадзір КУСГП “Глыбачаны” прымала ўдзел разам з мужам Васілём і дачушкамі Аляксандрай і Дар’яй. Гаспадар толькі на паўтары гадзіны пакінуў кабіну камбайна. Такая спецыфіка дзейнасці ў працаўнікоў сельскай гаспадаркі, што нават на непрацяглы час нельга адкласці ў бок справы. Але “старажылы” раённага этапу сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла” да такога рэжыму прывыклі і паспяваюць усюды – і ў полі працаваць, і ў конкурсах перамагаць.

Мерапрыемства, арганізатарамі якога выступілі райкам “БРСМ”, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, у чарговы раз праходзіла на гасціннай глыбачанскай зямлі. За права называцца “Уладарамі сяла” з Камовічамі спаборнічалі Арцём і Таіса Церашкавец. Паўнапраўным удзельнікам іх сямейнай каманды стала дачушка Ксенія, бо пры выкананні разнастайных умоў конкурсу роляў хапае ўсім. Хоць іх сферай дзейнасці і не з’яўляецца сельская гаспадарка – муж і жонка Церашкавец працуюць педагогамі Глыбачанскай школы – але канкурэнцыю сям’і Камовічаў яны склалі сур’ёзную. А рашаючым фактарам пры выяўленні пераможцы стала… двухручная піла. Менавіта вастрыня і добры развод зуб’яў “Дружбы­2” (так жартаўліва называлі пілу гледачы) дазволіў Васілю і Алене Камовічам з адрывам выйграць выпрабаванне “Па дровы” і ўвесь конкурс. На астатніх жа этапах сямейныя каманды выступалі роўна: аднолькава прывабна і з запалам выконвалі заданні. Пры шматгалосай падтрымцы родных і аднавяскоўцаў, якіх у выхадны дзень сабралася шмат.

На першых этапах прыкметна хваляваліся Арцём і Таіса Церашкаўцы. Дата правядзення мерапрыемства амаль супала з сёмай гадавінай нараджэння іх сям’і, прэзентацыя якой стала задачай конкурсу “Вітаем па­беларуску”. Сваю візітоўку педагогі падрыхтавалі ў выглядзе відэакліпа, а Камовічы выйшлі на суд журы і расказалі пра захапленні ўласныя і сваіх блізкіх, пра сямейныя традыцыі.

У выставе дасягненняў сваёй гаспадаркі ўдзельнікі дэманстравалі здольнасці і хобі, творчасць дзетак. Усё гэта, а таксама нарыхтоўкі на зіму, саленні і варэнні гаспадынь, ацэньвалі члены журы, у склад якога ўвайшлі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана Васільеўна Азевіч, галоўны спецыяліст аддзела Таццяна Мікалаеўна Клімашэўская, старшыня Глыбачанскага сельвыканкама Людміла Валянцінаўна Вялюга і ўдзельнік конкурсу “Уладар сяла­-2014” Анастасія Залатая.

“Ніколі не бачыла, каб так хутка дзерлі бульбу!” – шчыра здзіўлялася Л.В.Вялюга спрыту мужчын падчас конкурсу “Дранікі”. Перад гэтым усе члены сям’і збіралі рассыпаную бульбу ў вёдры, потым гаспадыні чысцілі па тры клубні, а іх моцныя палавінкі гатавалі мяздру – сям’я Камовічаў крыху хутчэй справілася з гэтым толькі дзякуючы большай колькасці членаў.

Яшчэ больш розных навыкаў патрабавала ад удзельнікаў эстафета. Разам бацькі акунуліся ў вобразы казачных папялушак і сартавалі крупы, потым мужчыны спаборнічалі ў традыцыйных і не вельмі для гаспадара справах –  забівалі цвікі, прышывалі гузікі і спавівалі ляльку. Тут была зафіксавана ўмоўная нічыя – надзвычай хутка з шыццём справіўся Арцём Церашкавец, але гэта не здзівіла вяскоўцаў, бо яны ведалі, што малады чалавек значны час адслужыў ва Узброеных Сілах краіны. А вось ляльку ў пялёнкі больш “якасна” адзеў Васіль Камовіч. Давялося мужчынам апранаць і сваіх дачушак, выбіраючы для гэтага адзенне з завязанымі вачыма. Гаспадыні ж навобмацак вызначалі садавіну і агародніну. Былі і яшчэ цікавыя і вясёлыя заданні, пры выкананні якіх удзельнікі конкурсу павесялілі і гледачоў, і членаў журы.

На ўзнагароджанні пераможцаў конкурсу С.В.Азевіч дзякавала членам абедзвюх сямей, якія з’яўляюцца прыкладамі для пераймання і на працы, і дома. А сям’я Церашкавец, нягледзячы на тое, што пераможцамі стаць у іх не атрымалася, не сумавала. “У наступным годзе навастру пілу і пераможам!” – запэўніваў галава сямейства”. Застаецца пажадаць поспехаў ім, а нашым вяскоўцам – пабольш такіх землякоў: маладых, крэатыўных і здатных. Сапраўдных “Уладароў сяла”.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *