Ни себе, ни людям. Некоторые молокосдатчики грубо нарушают нормы реализации молока

Личное подсобное хозяйство

Здача лішкаў малака з’яўляецца для вясковых жыхароў значнай, а то і асноўнай крыніцай прыбытку. Грашовыя сродкі за здадзеную прадукцыю выплачваюцца своечасова, і за мінулы год малаказдатчыкі атрымалі каля двух мільярдаў рублёў. Прычым звыш 220 мільёнаў склалі надбаўкі са сродкаў абласнога бюджэту, што павялічвала кошт здадзенага малака.

Практычна няма нараканняў і на работу прыватных прадпрыемстваў “Стаўр” (С.П.Палякоў) і “Сямёныч” (А.С.Казачонак), якія займаюцца зборам прадукцыі ў грамадзян. А вось у іх пытанні да грамадзян застаюцца. За жнівень зафіксавана пяць выпадкаў вяртання малака з перапрацоўчага камбіната з­-за наяўнасці ў ім антыбіётыкаў. Апошні такі выпадак адбыўся 2 верасня. Забракаванай аказалася тона малака, прынятага ў грамадзян работнікамі “Стаўра”. Нясуць страты малаказборшчыкі. І дзясяткі вяскоўцаў не атрымаюць цяжка заробленыя грошы з­за асобнага неахайнага гаспадара. Яшчэ больш крыўдна і шкада тых грамадзян, для якіх “малочны” рубель наогул з’яўляецца адзінай магчымасцю зарабіць. І няцяжка зразумець, напрыклад, Валянціну Леанідаўну Вальвачову з Дубраўкі, якая трымае чатыры каровы і за адзін выпадак звароту страчвае больш 60 рублёў, бо здае праз дзень па 150 літраў! “Чаму не выяўляеце несумленных гаспадароў?!” – тэлефанавала жанчына ў райсельгасхарч.

Зрабіць гэта не так проста, бо працэдура аналізу каштуе нятанна і калі малаказборшчык будзе штодзённа правяраць надой з кожнага падворка, то наогул прымаць малако стане нявыгадна. Аналіз робіцца перыядычна. А вось сумленнасць і прыстойнасць кожнаму малаказдатчыку трэба “ўключаць” пры кожнай дойцы. Калі карова раптам захварэла і ёй неадкладна спатрэбілася медыкаментознае лячэнне з прымяненнем антыбіётыкаў, то надоенае малако ад такой каровы трэба выліць. Яго нават не рэкамендуецца выкарыстоўваць на корм жывёле. Наўрад ці засталіся яшчэ ў раёне гаспадары, якія не ведаюць пра гэта – матэрыялы па тэме мы друкавалі неаднойчы, ды і самі малаказборшчыкі пра гэта напамінаюць пастаянна, на сходах грамадзян праблему ўздымаюць старшыні сельвыканкамаў.

Але ж, як бачна, знаходзяцца адзінкі, якія ў пагоні за спакуслівай выручкай груба парушаюць нормы рэалізацыі малака. Пры паступленні яго на прамысловую перапрацоўку пры лабараторным даследаванні проб на заводзе адразу выяўляюцца рэшткі прымянення антыбіётыкаў. З малака з утрыманнем антыбіётыкаў немагчыма выпусціць якасную прадукцыю. Мікраарганізмы, якія выкарыстоўваюцца ў кісламалочнай вытворчасці, надзвычай адчувальныя да гэтых лекавых прэпаратаў. У выніку траплення нават мізэрнай колькасці антыбіётыку ў вялікую партыю малака непазбежная сітуацыя, якую можна характарызаваць “Ні сабе, ні людзям”.

– Па аператыўнай інфармацыі ў асабістых падсобных гаспадарках грамадзян утрымліваецца 323 каровы, – расказвае галоўны спецыяліст райсельгасхарча Людміла Міхайлаўна Міхаль. – На пачатак жа года “асабісты” раённы статак налічваў 350 галоў. І хоць колькасць буйной рагатай жывёлы скарачаецца, але аб’ём здадзенага малака на адну карову расце. Здатчыкаў зараз не так і многа, на вёсцы яны людзі вядомыя, таму заклікаю іх паважаць працу адзін аднаго. Пры лячэнні жывёлы пракансультуйцеся ў спецыялістаў райветстанцыі. Па нумары 2­72­84 вам падкажуць, якімі сродкамі гэта эфектыўней рабіць і які час пасля прымянення прэпарата нельга здаваць малако, бо асобныя антыбіётыкі маюць значны тэрмін каранціну.

Калі ж заклікі да свядомасці і сумлення не падзейнічаюць, давядзецца пераняць метад зборшчыкаў з Гродзеншчыны. Тут індывідуальны прадпрымальнік пры заключэнні дагавораў унёс у іх дадатковы дысцыплінарны пункт, па якім у выпадку выяўлення парушальніка ўсю забракаваную партыю малака той аплачвае са сваёй кішэні. Такая карэкціроўка павінна стрымаць “імпэт” некаторых вяскоўцаў зліць у агульны бітон няякаснае малако.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *