В школах Ушаччины прозвенел первый звонок

Наши дети

Сёлетні Дзень ведаў на радасць школьнікам, іх бацькам і настаўнікам выдаўся надзвычай светлым і ўзнёслым. Яшчэ адорвала цеплынёй асенняе сонейка, а будні дзень не перашкодзіў родным і блізкім вучняў раздзяліць з імі знакавую падзею. Цікавы, насычаны новымі сустрэчамі, марамі і надзеямі свет ведаў у гэты чацвер упершыню расчыніў дзверы для 122 хлопчыкаў і дзяўчынак Ушаччыны. Усяго ж за парты ў раёне сёлета селі 1256 школьнікаў.Свята першага званка ва Ушацкай школе хоць і праходзіла на звыклым месцы, аднак стварыла для ўсіх яго ўдзельнікаў асаблівы настрой. На цэнтральнай плошчы гарпасёлка, якая ў апошні час набыла абсалютна новы выгляд, сабралася нямала народу. І вельмі прыемна, што менавіта падчас гэтай урачыстасці на ўстаноўленым днямі флагштоку ўпершыню быў узняты дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь. Патрыятычныя матывы прысутнічалі і ў іншых дэталях. Так, напрыклад, пасля заканчэння лінейкі самыя маленькія школьнікі і вучні 11 класаў па добрай традыцыі ўсклалі кветкі да помніка загінуўшым воінам і партызанам. А гэта, безумоўна, дастойны прыклад паважлівых адносін да гісторыі, пераемнасці пакаленняў.

Раздзяліць з калектывам Ушацкай школы свята прыйшло ў гэты дзень нямала гасцей. Звяртаючыся да прысутных, старшыня райвыканкама В.В.Родзіч адзначыў, што і раённая ўлада, і педагагічныя калектывы, і бацькоўскія камітэты робяць усё магчымае, каб дзеці ў камфортных умовах, утульных класах атрымлівалі веды, умацоўвалі здароўе. Віктар Віктаравіч пажадаў школьнікам выдатнага настрою і высокіх адзнак, будучым выпускнікам – добра падрыхтавацца да экзаменаў, настаўнікам – поспехаў, а бацькам – цярпення.

Шмат у гэты дзень было віншаванняў, цёплых слоў і падарункаў ад прадстаўнікоў лясгаса, прамкамбіната, ПМС, ДРБУ­-105, райаддзелаў міліцыі і па надзвычайных сітуацыях.

Запамінальна праходзіла свята першага званка ў Глыбачанскай школе. Павіншаваць вучняў з пачаткам новага навучальнага года, даць наказ быць годнымі грамадзянамі сваёй краіны завітаў на мерапрыемства часты госць установы Дзям’ян Уладзіміравіч Крупеня. Ветэран Вялікай Айчыннай вайны, а таксама прадстаўнікі райвыканкама, сельскага Савета дэпутатаў, КУСГП “Глыбачаны” і іншых арганізацый раёна разам з дружным калектывам альма­матэр парадаваліся хоць і нязначнаму, ды ўсё ж павелічэнню колькасці навучэнцаў. Так, сёлета за парты тут селі 52 вучні (летась было 51). “Ну а наконт колькасці дашкольнікаў, дык увогуле сітуацыя выдатная! – расказвае дырэктар установы Віктар Пятровіч Котаў. – Сёлета ў дзіцячы садок прыйшлі ажно 17 хлопчыкаў і дзяўчынак – такога ў Глыбачцы даўно не было! Давялося нават крыху паламаць галаву, як усіх размясціць. І ўсё ж гэта былі прыемныя клопаты!”.

Працягнуць эстафету сваіх папярэднікаў, стаўшы пераможцамі шматлікіх конкурсаў і алімпіяд, пажадаў вучням дырэктар Ільюшынскай СШ Аляксандр Мікалаевіч Азевіч. Святочнага настрою дадало школьнікам і педагогам ААТ “Ільюшынскі”, якое выдзеліла да Дня ведаў 6 тон зерня школе і 3 тоны дзіцячаму саду. За добрасумленную працу падчас летніх канікул кіраўніцтва гаспадаркі ўручыла многім хлопчыкам і дзяўчынкам грашовыя прэміі.

Ва ўсіх навучальных установах, як заўсёды, Дзень ведаў праходзіў па­рознаму, але ўсюды ён быў насычаны на радасныя ўсмешкі і шчырыя словы. Завяршыў жа ўрачыстыя лінейкі першы званок, які абвясціў аб надыходзе цікавых, часам цяжкіх, але такіх неабходных для вучняў будняў.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *