На поўным ГАЗе! Менавіта такі стыль кіравання аўтамабілем дазволіў Уладзіміру Жарнасеку стаць першым “тысячнікам” сёлетняга жніва. Ён не вадзіцель шматтоннага МАЗа – улічваючы той факт, што знакавы рубеж у 1000 тон адвезенага ад камбайнаў збожжа Уладзімір Дзмітрыевіч пераадолеў на старэнькім “ГАЗ-53”, заслуга вопытнага працаўніка тым больш важкая.
Калгасны “стаж” аўтамабіля большы, чым увесь працоўны яго гаспадара – звыш чатырох дзясяткаў гадоў. За такі час эксплуатацыі з “родных” заводскіх дэталей у машыне засталіся толькі кабіна ды рама, але ва ўмелых руках вадзіцеля тэхніка працягвае спраўна служыць.
– Раней я амаль пастаянна адвозіў зерне ад Мікалая Яловіка, – расказваў шафёр старшыні райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзіміру Мікалаевічу Кругліку, які ў панядзелак прыехаў на поле за Стаямі павіншаваць перадавіка з працоўнай перамогай. – Больш тысячы тон я меў на рахунку і па выніках мінулага года, але тады ўраджайнасць была значна большай і тэмпы жніва былі вышэй. Сёлета ж значныя паказчыкі, як не дзіўна казаць, абумоўлены… непагаддзю! Не дазваляе яна камбайнерам разгарнуцца, таму паспяваю адвозіць ад розных экіпажаў – вось і вынік высокі.
Здаецца, нічога складанага. Толькі не расказвае вадзіцель, што з апошнім рэйсам на склады рабочы дзень у яго не заканчваецца, бо кожны вечар ён аглядае свой аўтамабіль, рыхтуе да ранішняга выезду. І амаль заўсёды трэба нешта падрамантаваць, падціснуць. У залежнасці ад віду збожжа і яго вільготнасці невялікі ГАЗ53 бывае бярэ на борт звыш шасці тон! Ехаць жа даводзіцца не толькі па асфальце: “Палі вялікія, і добра, калі сігнальная лямпачка аб запаўненні бункера замільгае над камбайнам на блізкім да дарогі ўскрайку. А часта прыходзіцца па пераўвільготненай глебе літаральна “вырываць” на першай перадачы некалькі соцень метраў”, – дзеліцца спецыфікай свайго нялёгкага “хлеба” У.Д.Жарнасек.
Работы яму хапае на працягу года. Невялікі па габарытах аўтамабіль заедзе туды, дзе магутныя МАЗы прымяніць не атрымаецца – Уладзімір Дзмітрыевіч задзейнічаны і на абслугоўванні складской гаспадаркі, з’яўляецца пастаянным удзельнікам веснавых кампаній, падвозячы насенне сейбітам.
У.М.Круглік падзякаваў перадавіку за працоўнае дасягненне, уручыў заслужаныя дыплом і грашовую прэмію. А яшчэ пажадаў, каб станоўча вырашылася пытанне з набыццём аўтамабіля, якім гаспадарка плануе замяніць зношаны ГАЗ53. Ён, праўда, таксама не новы, але значна маладзей. “Добра было б, але калі не атрымаецца, буду падтрымліваць у спраўным стане гэтага “коніка” – запэўніў вадзіцель, пляскаючы шырокай напрацаванай далонню па капоце аўтамабіля, наматаўшага на восі незлічоную колькасць кіламетраў. А праз некалькі імгненняў ГАЗ53 падставіў барты пад новы струмень зерня, павёўшы адлік другой тысячы тон збожжа новага ўраджаю.
Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.