Каляндар адлічвае апошнія імгненні летніх канікул. Яшчэ крыху – і пералівісты школьны званок паведаміць аб пачатку новага навучальнага года. Дарэчы, да Дня ведаў зараз рыхтуюцца не толькі вучні, але і педагогі. Для настаўніцкай грамадскасці канец жніўня – час традыцыйных канферэнцый, на якіх падводзяцца вынікі зробленага, вызначаюцца прыярытэты на будучыню. У мінулую пятніцу для такога дыялогу ў адкрытым фармаце сустрэліся педагогі Ушаччыны.
Сёлетняя канферэнцыя, як і ў мінулым годзе, распачалася ва Ушацкай школе. Там установы адукацыі раёна прэзентавалі сваю работу, дзяліліся напрацоўкамі і творчымі знаходкамі. Кожны педагог мог азнаёміцца з матэрыяламі сваіх калег, пачэрпнуць для сябе штосьці цікавае.
Пазней, у вялікай зале Дома Саветаў, размова ішла аб павышэнні якасці навучальнага працэсу, яго поспехах і праблемах. У сваім справаздачным дакладзе начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Іна Фёдараўна Сыроўчанка спынілася на ўсіх накірунках работы навучальных устаноў Ушаччыны.
На працягу двух апошніх гадоў сетка ўстаноў дашкольнай адукацыі заставалася стабільнай. Забяспечанасць дзяцей месцамі ў іх складае больш за 200 працэнтаў, што з’яўляецца вельмі высокім паказчыкам. 88 працэнтаў хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 2 да 6 гадоў ахоплены дашкольнай адукацыяй. З мэтай павелічэння гэтага паказчыку на базе ясляў-садоў №1 і №2 г.п.Ушачы працуюць платныя адаптацыйныя группы – іх наведваюць дзеці ва ўзросце ад года да двух. Дарэчы, з верасня 2016га на базе ясляўсада №4 будзе адноўлена работа “Матчынай школы”.
Зараз у дашкольнай адукацыі раёна актыўна ўкараняюцца новыя тэхналогіі і методыкі. На працягу двух апошніх гадоў у ясляхсадзе №2 рэалізуецца абласны творчы праект па развіцці матэматычнага мыслення дзяцей праз выкарыстанне гульнявых дапаможнікаў. Значная ўвага надаецца грамадзянскапатрыятычнаму, духоўнамаральнаму выхаванню дашкольнікаў.
Не сакрэт, што важнейшым фактарам эфектыўнасці работы сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі з’яўляецца яе выніковасць. І.Ф.Сыроўчанка адзначыла стабільнасць якасці ведаў нашых школьнікаў. І пацвярджаюць гэта многія факты. Так, на працягу трох апошніх гадоў названая велічыня складае па раёне 40 працэнтаў. Вышэйшая за гэты паказчык якасць ведаў у вучняў Вялікадолецкай, Ільюшынскай і Арэхаўскай школ. Па выніках мінулага навучальнага года 13 вучняў раёна ўзнагароджаны пахвальнымі лістамі за асаблівыя поспехі ў вывучэнні асобных прадметаў. Залаты медаль атрымала навучэнка Ушацкай школы – зараз яна з’яўляецца студэнткай прэстыжнай установы вышэйшай адукацыі. Пасведчанне асаблівага ўзору атрымалі сёлета два дзевяцікласнікі Вялікадолецкай і Ільюшынскай школ.
Умацавалі ўшачане і свае пазіцыі ў алімпіядным руху. Усе навучэнцы раёна, якія прынялі ўдзел у абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды, сталі пераможцамі, заваяваўшы адразу чатыры дыпломы. Пры гэтым варта адзначыць, што другі год запар абсалютным пераможцам на вобласці па нямецкай мове стаў дзесяцікласнік Ушацкай школы, які годна выступіў на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды, заваяваўшы дыплом трэцяй ступені.
На жаль, з кожным годам расце колькасць дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Для забеспячэння паспяховай інтэграцыі іх у асяроддзе аднагодкаў развіваецца сетка спецыяльнай адукацыі. У раёне летась функцыянавала 22 класы, 11 груп інтэграванага навучання і выхавання, 6 пунктаў карэкцыйна-педагагічнай дапамогі. Прыемна, што ўжо выправілі псіхафізічныя парушэнні каля 50 працэнтаў дзяцей.
Ва ўстановах адукацыі раёна склалася стабільная сістэма ідэалагічнага, грамадзянскага і патрыятычнага выхавання. Важнейшымі падзеямі 2016 года сталі святкаванне 71-й гадавіны Перамогі беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, а таксама адкрыццё пасля рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу “Прарыў”. Дарэчы, удзел у добраўпарадкаванні тэрыторыі комплексу прынялі ўсе навучальныя ўстановы Ушаччыны.
Станоўчыя здабыткі адукацыйнай галіны адзначыў у сваім прывітальным выступленні і старшыня раённага выканаўчага камітэта В.В.Родзіч. Разам з тым Віктар Віктаравіч нагадаў аб тым, што няма межаў для ўдасканалення. Як і ў любой іншай сферы, заўсёды трэба імкнуцца да новых вяршынь!
Вельмі прыемна было педагогам пачуць у гэты святочны дзень і віншаванні ганаровага госця канферэнцыі – старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ад Докшыцкай выбарчай акругі №22 Уладзіміра Паўлавіча Андрэйчанкі.
У тым жа, што на Ушаччыне працуюць адказныя, таленавітыя педагогі, сумнявацца не прыходзіцца. Сёлета быў складзены рэйтынг сярод навучальных устаноў раёна, які ўлічыў асноўныя паказчыкі работы калектываў. Сярод дашкольных устаноў першае месца заняў яслі-сад №2, другое – яслі-сад №1, трэцяе – яслі-сад №3 г.п.Ушачы. Сярод школ на лідарскіх пазіцыях аказаліся Вялікадолецкая, Ушацкая і Ільюшынская.
Шчырымі апладысментамі віталі прысутныя і пераможцаў раённага аглядуконкурсу па падрыхтоўцы адукацыйных устаноў да новага навучальнага года. Сёлета імі сярод школ сталі Вялікадолецкая (першае месца), Вяркудская і Кубліцкая (другое), Глыбачанская, Ушацкая і Плінская (трэцяе). Сярод дашкольных устаноў першынство – за Ільюшынскім яслямісадам, другое месца прысуджана яслямсаду №2, трэцяе – яслям-саду №3 г.п.Ушачы. За якасную падрыхтоўку ўстановы адукацыі да 2016/2017 навучальнага года Падзяка аб’яўлена раённаму цэнтру дзяцей і моладзі, а яслі-сад №1 атрымаў падарунак ад раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”.
Шмат узнагарод атрымалі за сваю працу і асобныя педагогі. Ганаровыя граматы ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама ўручаны Ірыне Генадзьеўне Марковіч (Плінская школа), Ларысе Уладзіміраўне Шарыпа (Ільюшынская), Іне Аляксандраўне Лёля (прыёмная мама); Ганаровыя граматы Ушацкага райвыканкама – Ірыне Альфрэдаўне Кісель (аддзел адукацыі, спорту і турызму), Ніне Канстанцінаўне Спірыдовіч і Уладзіміру Мікалаевічу Лапіцкаму (Вялікадолецкая школа); Ганаровыя граматы раённага Савета дэпутатаў – Святлане Уладзіміраўне Аўдошка, Тамары Міхайлаўне Русак (аддзел адукацыі, спорту і турызму), Кацярыне Фёдараўне Касцюковіч (Плінская школа), Святлане Фёдараўне Папко (Арэхаўская); Ганаровыя граматы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама – Яўгеніі Юр’еўне Пацэйка (Арэхаўская), Таццяне Уладзіміраўне Крахотка (Ушацкая), Святлане Уладзіміраўне Сафонавай (Вялікадолецкая), Але Мікалаеўне Долгай (яслі-сад №1 г.п.Ушачы), Алене Мечыславаўне Жук і Аксане Віктараўне Мацкевіч (аддзел); Ганаровая грамата абкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі – Рыме Леанідаўне Аніскевіч (Вялікадолецкая) і райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі – Пятру Аляксандравічу Алексяёнку (раённы цэнтр дзяцей і моладзі); Падзяка старшыні райвыканкама аб’яўлена Івану Сямёнавічу Кулагу і Людміле Рыгораўне Карабань (ветэраны педагагічнай працы), а Падзяка раённага Савета дэпутатаў – Людміле Васільеўне Давыдавай (раённы цэнтр дзяцей і моладзі).
Раздзяліць з настаўнікамі Ушаччыны радасць ад пачатку новага навучальнага года на мерапрыемства прыйшлі ветэраны педагагічнай працы Іван Сямёнавіч Кулага, Людміла Рыгораўна Карабань, Тамара Ягораўна Мажынская, Ірына Кляменцьеўна Пасах, Уладзімір Леанідавіч Сіняўскі, Людміла Ягораўна Федарэнка, Вольга Спірыдонаўна Касцюковіч, Вера Ульянаўна Долгая. Шчырыя апладысменты доўга не змаўкалі ў зале, а ў знак пашаны і ўдзячнасці гэтым людзям былі ўручаны кветкі.
З пачаткам працоўнай дзейнасці віншавалі ў гэты дзень і маладое папаўненне педагогаў. У гэтым навучальным годзе сеяць разумнае, добрае, вечнае пачнуць дзевяць маладых спецыялістаў, якія папоўнілі калектывы Ушацкай, Вялікадолецкай, Кубліцкай, Арэхаўскай, Вяркудскай школ, ясляў-сада №1 г.п.Ушачы, а таксама аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.
Павіншаваць усіх іх з пачаткам новага навучальнага года, прадэманстраваць свае таленты завіталі на ўрачыстасць выхаванцы дашкольных устаноў і школьнікі. Іх выступленне, а таксама арганізаваная выстава “Свет захапленняў педагогаў” стварылі на мерапрыемстве пасапраўднаму святочны настрой.
Старт новаму навучальнаму году на канферэнцыі быў дадзены пасля сімвалічнага званка. Пасля ж усе жадаючыя былі запрошаны на цікавую экскурсію на мемарыяльны комплекс “Прарыў”. Яшчэ адным прыемным момантам гэтага дня для педагогаў раёна стала ўрачыстае адкрыццё пасля капітальнага рамонту ясляў-сада №4 г.п.Ушачы.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ