Тэма добраўпарадкавання сельскіх населеных пунктаў пастаянна на слыху, а тым больш сёлета – у Год культуры, які падразумявае ў тым ліку і культуру землекарыстання. Але лепш адзін раз убачыць, чым шмат разоў чуць – слушнасць гэтага выслоўя пацвердзіла выязное пасяджэнне прэзідыума Ушацкага раённага Савета дэпутатаў, якое прайшло на мінулым тыдні ў адным з самых лепшых у плане добраўпарадкавання сельсаветаў раёна – Вялікадолецкім. На мерапрыемства былі запрошаны старшыні сельвыканкамаў, кіраўнікі службаў, актыў Вялікадолецкага сельскага Савета дэпутатаў.
Трымаюць марку
Першыя ж хвіліны прабывання на гэтай зямлі яскрава сведчылі як пра гасціннасць гаспадароў, так і пра тое, што ім сапраўды ёсць што паказаць і чым здзівіць. Вытворчыя і сацыяльныя аб’екты аграгарадка Вялікія Дольцы, на якіх пабывалі ўдзельнікі мерапрыемства, пакінулі самыя яркія ўражанні. Ёсць чым пахваліцца мясцоваму лясніцтву. Падчас невялікай, але захапляльнай экскурсіі, якую правёў ляснічы Сяргей Пятровіч Клопаў, прысутныя змаглі ўбачыць, як па фінскай тэхналогіі зялёнага чаранкавання вырошчваюцца ў цяпліцах саджанцы розных парод дрэў, зрабіць агляд усёй тэрыторыі лясніцтва: вядома ж, для гэтага не трэба было ладзіць падарожжа па навакольных гаях – сістэма відэаназірання, устаноўленая на вышцы, перадае на манітор выяву практычна любога куточка лесу. Канечне, галоўная функцыя сістэмы – аператыўна выяўляць узгаранні, але з дапамогай яе і ўстаноўленых на мясцовасці фотапастак можна “запеленгаваць” і парушальнікаў прыродаахоўнага заканадаўства, прычым, пад увагу работнікаў лясніцтва могуць трапіць не толькі браканьеры, але і несумленныя людзі, якія выкідваюць у лесе смецце. Такім чынам узброеныя сучаснымі тэхналогіямі работнікі лясной гаспадаркі ўносяць і такую лепту ў захаванне чысціні і парадку на тэрыторыі сельсавета.
Сапраўдным жа яго ўпрыгожваннем з’яўляецца Вялікадолецкая школа – здавалася б, нічога тут ужо ўдасканаліць немагчыма, аднак да кожнага новага навучальнага года калектыў пад кіраўніцтвам дырэктара ўстановы Рымы Леанідаўны Аніскевіч абавязкова дадае нешта яскравае, крэатыўнае. Што ж, “Каралева прыгажосці”, як называюць вялікадальчане сваю школу, абавязана выглядаць адпаведна!
Не менш уражвае і мясцовая бальніца сястрынскага догляду – прычым, як звонку, бо яе тэрыторыя літаральна буяе кветкамі, так і знутры. У 2009 медустанова была прызнана лепшай вясковай бальніцай у рэспубліцы, трымае яна высокую планку і зараз. Для многіх гасцей было прыемным адкрыццём убачыць тут сучасную лабараторыю, абсталяванне для ўльтрагукавога даследавання, зубаўрачэбны кабінет. Галоўнае ж “упрыгожанне” гэтай установы – яе персанал, у асаблівасці ўрачы Аляксандр Уладзіміравіч і Ала Мікалаеўна Крыштопенкі, якія не толькі выдатна лечаць хворых, але і клапатліва, пагаспадарску паўсюдна наводзяць парадак.
Вялікая работа па добраўпарадкаванні вядзецца і ў іншых мясцовых арганізацыях – КУСГП “Вялікадолецкае”, Касарской школе, Вялікадолецкім сельскім Доме культуры. Дарэчы, работнікі і наведвальнікі гурткоў гэтай установы з усёй шчырай гасціннасцю прывіталі ўдзельнікаў мерапрыемства, падрыхтавалі для іх выставу вырабаў народнай творчасці, цудоўны канцэрт.
Справа гонару
Калі ж запытаць у жыхароў аграгарадка, што яны лічаць яго галоўнай славутасцю, яны хутчэй за ўсё прыгадаюць помнік на брацкай магіле воінаў і партызан. Калі малады старшыня сельвыканкама Алег Леанідавіч Сыс паставіў перад сабой задачу кардынальна абнавіць манумент, яна многім здавалася цяжкавырашальнай. Аднак прадуманыя планамерныя дзеянні прывялі да пазітыўнага выніку: у мінулым годзе быў устаноўлены новы помнік, на сёлетні Дзень Незалежнасці ля яго з’явіўся Вечны агонь, днямі ж кампазіцыю манумента дапоўніў апошні штрых – прыгожая новая агароджа.
Усяго ж на тэрыторыі сельсавета маецца 13 месцаў воінскай славы – і ўсе яны ўтрымліваюцца ў належным стане дзякуючы пастаяннай комплекснай рабоце замацаваных арганізацый. Можна сказаць, што гэта справа гонару і для старшыні сельвыканкама, і для жыхароў маючай слаўную баявую гісторыю Далеччыны. Пастаянна падтрымліваецца парадак і на 16 грамадзянскіх могілках сельсавета.
Надзейныя памочнікі
Вялікую работу па сваіх акругах праводзяць дэпутаты сельскага Савета дэпутатаў А.У.Крыштопенка, М.П.Хоміч і іншыя. Неацэнную дапамогу сельвыканкаму ў пытаннях добраўпарадкавання аказваюць старэйшыны населеных пунктаў – арганізацыі суботнікаў па ўборцы звалак, ачыстцы могілак, абкошванні тэрыторый і высечцы кустоўя, а таксама ў пошуку і прыцягненні да гэтай работы родных і блізкіх пажылых сялян, уладальнікаў пустуючых дамоў. Сёлета на тэрыторыі сельсавета праведзена 6 суботнікаў, у тым ліку 3 мясцовыя. Добра папрацавалі старэйшыны і па зборы сродкаў самаабкладання: пры плане 7 мільёнаў недэмінаваных рублёў сёлета сабрана 8,9 мільёна, якія накіраваны на набыццё астранамічнага рэле часу для вулічнага асвятлення, што дасць значную эканомію электраэнергіі. Сярод самых актыўных сваіх памагатых, здольных на месцы вырашаць многія праблемы аднавяскоўцаў, старшыня сельвыканкама называе А.А.Буку (в.Царкавішча), В.І.Шышову (в.Казімірова і Новае Жыццё), А.Д.Гузёнка (п.Мірны), А.М.Падасінавік (в.Заазер’е), А.Л.Зянюк (в.Ветча), Н.М.Піскун (агр.В.Дольцы). Прынамсі, заахвочваюць лепшых старэйшын за актыўнасць і матэрыяльна.
Вынік сістэмнай работы
Пра гэта і многае іншае А.Л.Сыс расказаў у зале сельскага Дома культуры, калі дзяліўся з калегамі і гасцямі вопытам работы органаў мясцовага кіравання і самакіравання, арганізацый і насельніцтва Вялікадолецкага сельсавета па добраўпарадкаванні тэрыторыі населеных пунктаў. Пачатку дзейнасці па навядзенні парадку тут штогод папярэднічае вялікая інфармацыйная работа з людзьмі, складанне плана мерапрыемстваў, які распрацоўваецца сумесна з дэпутатамі, старэйшынамі, кіраўнікамі арганізацый і службаў. Вядома ж, гэты план не з’яўляецца догмай: па выніках падваравых абходаў, сустрэч у працоўных калектывах ён дапаўняецца.
Сярод асноўных напрамкаў работы – пытанне рамонту дарог. Так, у маі мясцовае сельгаспрадпрыемства па просьбе сельвыканкама падсыпала дарогу ў Садках, плануецца такі рамонт у некаторых іншых вёсках. Увогуле літаральна ўсе арганізацыі, размешчаныя на тэрыторыі сельсавета, аказваюць значную дапамогу ў рабоце па добраўпарадкаванні. Добрыя словы варта адрасаваць і шэфам, сярод якіх прамкамбінат, ДЮСШ, ПМК66, дзіцячая школа мастацтваў, музей народнай славы імя У.Е.Лабанка, аўтабаза райспажыўтаварыства. Змагаліся сёлета ў сельвыканкаме і з баршчэўнікам – хімічным спосабам апрацавана 3 гектары плошчаў, 11 скошана, аднак відавочна, што гэта работа праводзіцца недастаткова. Актывізацыі патрабуе таксама дзейнасць па зносе трухлявых дамоў – іх з пачатку года разабрана два. І хоць далёка не ўсё яшчэ зроблена па навядзенні парадку на зямлі, няма сумненняў, што мясцовае кіраўніцтва ідзе ў правільным накірунку. “Усё ўбачанае тут сведчыць пра мэтанакіраваную і сістэмную работу, якая вядзецца ў сельсавеце па добраўпарадкаванні”, – падкрэсліла намеснік старшыні раённага Савета дэпутатаў Іна Фёдараўна Сыроўчанка.
А вось як выказала свае ўражанні член прэзідыума райсавета, старшыня пастаяннай камісіі па пытаннях аграпрамысловага комплексу і экалогіі Тамара Васільеўна Зімніцкая: “У час экскурсіі па школе, якую, дарэчы, я калісьці сама заканчвала, па іншых аб’ектах аграгарадка мяне не пакідала пачуццё гонару. Наводзячы парадак і ствараючы прыгажосць на нашай зямлі, мы робім яе больш прывабнай і тым самым умацоўваем надзею, што па гэтых вуліцах будуць гуляць людзі, у клубах – гучаць песні, а ў школьных калідорах – дзіцячы смех”.
Наталля БАГДАНОВІЧ.