Тэатралізаванае прадстаўленне прайшло ў раённым Доме культуры. Яно стала незвычайнай пастаноўкай і дэманстрацыяй сцэнічных здольнасцей выхаванцаў дашкольных устаноў, удзельнікаў гурткоў пры РДК, танцавальнага аддзялення дзіцячай школы мастацтваў, школьнікаў.
Яшчэ да пачатку мерапрыемства дзеці лічылі сябе артыстамі. Хадзілі па зале ў прыгожым адзенні, праяўлялі пяшчотныя адносіны да акружаючых і адзін да аднаго, адчувалі сябе жаданымі гасцямі на свяце, наладжаным дарослымі.
– Не так даўно мы прыводзілі сюды дзяцей на так званую “Вясёлку талентаў”, – расказала кіраўнік фізвыхавання дзіцячага сада №1 Ніна Іванаўна Шмацёнак. Яна пералічыла дзяцей, якія падрыхтавалі канцэртныя нумары і да гэтага мерапрыемства: Віялета Птушко, Віка Гулюта, Лера Стуканава, Аня Раманоўская, Святаслаў Марковіч, Уладзіслаў Баркоўскі, Радыён Маслоўскі, Марат Клачок. Асноўную падрыхтоўку дзяцей да выступлення вяла музычны кіраўнік Таццяна Сцяпанаўна Раманоўская.
Падрыхтаваліся і іншыя дзіцячыя сады-яслі.
Шырокая праграма чакала дзяцей. Вядучыя, работнікі РДК Алена Жаваранак і Дзіна Пенкальская, якая выступала ў ролі казачнага персанажа Бабы Ягі, задалі са сцэны атмасферу цёплага кантакту з залай. Жыхарка лясных нетраў імкнулася з дапамогай дзяцей авалодаць алфавітам, навучыцца танцаваць так, як танцуюць яны, праводзіла гульні, павіншавала імянінніка Кірыла Шалыгу з яго днём.
Прыгожа спявалі Мікіта Саўчанка, Надзея Гірсёнак, Каця Шабанава, Жэня Жалязноў, Лена Карабань.
Асаблівых апладысментаў заслужыла Каця Клопава за эцюд з абручамі. Натрэніраванасць і прыроджаная гібкасць даюць добры сцэнічны эфект.
Асноўнымі ж нумарамі былі танцы. На добрым узроўні выканалі ўдзельнікі харэаграфічнага аддзялення школы мастацтваў беларускую польку. Цікавай была кампазіцыя “Тачанка”, “Белая Русь” і танец матрошак дзіцячага сада-ясляў №2. Не маглі не спадабацца ўсходні танец, падрыхтаваны Аленай Жаваранак з удзельніцамі гуртка пры РДК, а таксама танец з парасонамі ў выкананні першакласнікаў Ушацкай сярэдняй школы.
У адной з выконваемых дзецьмі песень былі такія словы: “Снова в этом зале звёзды засияли, ты даже не ждёшь, на тебя прольётся звёздный дождь». І сапраўды за тыя дзве гадзіны, на працягу якіх праходзіла тэатралізаванае прадстаўленне, зіхацелі зорачкі талентаў дзяцей, асвятляючы залу сваімі гарачымі промнямі. А сярод гледачоў былі дзеці, іх бацькі і бабулі з дзядулямі, выхавальнікі, настаўнікі. І ўсе яны разыходзіліся пасля мерапрыемства з вельмі добрым настроем, дарослыя – з радасцю за дзяцей.