Уборочная кампания в КУСХП «Глыбочаны»

Сельское хозяйство

Здаецца, і недалёка напрамкі ад Усвіцы да аграгарадка Глыбачка, але на самой справе шлях аўтамабіляў на адвозцы зерня ад камбайнаў вызначаецца двухзначнымі лічбамі кіламетражу ў адзін бок – ехаць прыходзіцца вакол возера. Між тым, збожжаўборачныя агрэгаты не прастойваюць, бо ўборка ідзе складана, выбіраюцца ўчасткі, дзе можна заехаць на пераўвільготненую глебу. Стараюцца механізатары, разумеючы, што зыходзяць тэрміны ўборкі, але не ўсё залежыць ад іх, і няўбранымі ў ­КУСГП “Глыбачаны” застаюцца яшчэ амаль палова плошчаў.

Але ўлічваючы ўмовы, у якіх даводзіцца працаваць механізатарам, можна сказаць не “яшчэ”, а “ўжо”. Адзін са старажылаў гаспадаркі Андрэй Пятровіч Літвін, якога сустрэў з раніцы, прыгадвае, што за ўсю яго багатую хлебаробскую дзейнасць не было такой цяжкай уборачнай. Яго “Ліда­1600” стаяла на мехдвары. За некалькі сезонаў практычна новы камбайн так і не стаў па­сапраўднаму “баявой” адзінкай жніва – выходзяць са строю вузлы і дэталі, якія і дастаць няпроста, і каштуюць яны дорага. Нягледзячы на гэта Андрэй Пятровіч з’яўляецца паўнапраўным удзельнікам уборачнай кампаніі. Зараз МТЗ­3022, на якім А.Літвін разам з Аляксеем Шкодзіным мянялі гуму, працуе на ўзворванні глебы, а да гэтага дзяжурыў на палях, дапамагаў выцягваць камбайны з вымачак. У некаторых выпадках нават энерганасычанаму трактару аднаму зрабіць гэта не пад сілу і ў счэпе даводзілася задзейнічаць некалькі адзінак тэхнікі, прычым не толькі сваёй – падключалі бульдозер ПУП “Ляснеўшчына” і нават выратавальнікаў з мясцовага паста – без іх ЗіЛа­131 таксама не абышлося.

У сераду з раніцы на месцы быў і яшчэ адзін камбайн. Аляксандр Мартыненка напярэдадні на КЗС­1218 убіраў цімафееўку на насенне, планаваў выехаць на травы і ў гэты дзень. Такім чынам на жніве заставаліся задзейнічаны збожжаўборачныя агрэгаты Аляксандра Малахава і Васіля Камовіча.

– Вырашылі на пару дзён адзін камбайн накіраваць на цімафееўку, – расказвае аб стратэгіі жніва дырэктар гаспадаркі Сяргей Іванавіч Кірпічонак. – Хоць і невялікі ў нас працэнт уборкі зерневых і зернебабовых, але і травы страціць нельга, тым больш што кошт насення цімафееўкі амаль у дзясяткі разоў вышэй за зерне. Ды і за Усвеяй яшчэ сыра – не факт, што камбайны там пойдуць, бо амаль кожны дзень ідзе дождж, але хлопцы будуць спрабаваць выязджаць – камбайны пакідалі там на ноч, паліва эканомім.

За ўказанай вёскай сустрэў толькі адзін збожжаўборачны агрэгат, бо А.Малахаў накіраваўся пад Бальбінава. Ля Усвеі ж рыхтаваў камбайн да працы экіпаж В.Камовіча. У час уласнага водпуску вырашыў падзарабіць і  прыйшоў яму на дапамогу работнік камунгаса Арцём Маслюк. Хлопцы таксама скардзіліся на непагадзь, якая стрымлівае тэмпы ўборкі: “Пайшло пустазелле па ячмені, месцамі палі зусім зялёныя – нібы сянаж, а не збажыну малоцім! Але ж убіраць неабходна”.

Дапамога гаспадарцы вельмі дарэчы, сваіх механізатараў не хапае. І калі Генадзь Качан, абвяргаючы выраз “адзін у полі не воін”, спраўляецца з прасаваннем саломы, то на яе адвозцы дапамагае тэхніка вайскоўцаў, бо МАЗы Васіля Тускенуса і Генадзя Чыграя задзейнічаны на многіх відах работ. З­за кадравага дэфіцыту за механізатарамі “Глыбачан” замацавана па некалькі адзінак тэхнікі. Той жа А.Мартыненка пры неабходнасці садзіцца за руль “Амкадора”, убірае збожжа на камбайне бацькі, пакуль Сямён Міхайлавіч Мартыненка нарыхтоўвае кармы на КЗР­10, рыхтуе да восеньскіх палявых работ МТЗ­3022. На зернесушыльнай гаспадарцы таксама сапраўдны “інтэрнацыянал”: побач з працаўнікамі гаспадаркі і работнікамі ўчастка ЖКГ завіхаецца і моладзь – дапамагчы аграрыям і падзарабіць падчас летняга адпачынку вырашылі Саша Сайко і Валодзя Маханаў.

Пасля абеду работы ў гаспадарцы разгарнуліся на поўную моц. А назаўтра аграрыі атрымалі магчымасць выкарыстаць увесь светлавы дзень – рэдкі па гэтым жніўні выпадак, але і на наступныя суткі не было дажджу, паўгадзіны якога спыняюць тэхніку на вельмі працяглы тэрмін, бо большасць плошчаў “Глыбачан” знаходзіцца на нізкіх меліяраваных землях. А вось прафесійны ўзровень механізатараў сельгаспрадпрыемства, якія працуюць насуперак неспрыяльным абставінам, іх працавітасць нізкімі ніяк не назавеш.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *