“Прамая лінія” па пытаннях падрыхтоўкі і правядзення выбараў дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання не выклікала вялікага ажыятажу сярод нашых чытачоў. Але ж некаторыя грамадзяне скарысталіся магчымасцю задаць пытанні начальніку аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Вользе Мікалаеўне Шахноўскай і начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлане Васільеўне Азевіч.
Жанчына, якая перыядычна скардзіцца на высокі ціск, выказала меркаванне, што ў дзень выбараў таксама могуць узнікнуць праблемы са здароўем: “Ці могуць у такім выпадку прыехаць да мяне на дом? Да суседа ў мінулым годзе прыязджалі, бо ён інвалід, але ж я не на групе…” В.М.Шахноўская патлумачыла, што згодна заканадаўства выбаршчыкі, якія па стане здароўя ці іншых уважлівых прычынах не могуць прыйсці ў дзень выбараў на ўчастак для галасавання, маюць права звярнуцца з просьбай арганізаваць галасаванне па месцы знаходжання ў дзень выбараў – на доме. С.В.Азевіч дадала, што такі зварот можна накіраваць самастойна або праз сяброў ці родных ва ўчастковую выбарчую камісію свайго ўчастка для галасавання ў любы час пасля яе ўтварэння, а ў дзень галасавання – не пазней чым за дзве гадзіны да закрыцця ўчастка – да 18.00. Можна прыйсці прагаласаваць датэрмінова. З 6 па 10 верасня гэта магчыма зрабіць на ўчастках, дзе выбарчыя камісіі будуць працаваць у зручным і звыклым для грамадзян рэжыме – з 10 да 14 і з 16 да 19 гадзін. Пры гэтым афіцыйна пацвярджаць прычыну немагчымасці наведвання памяшкання для галасавання 11 верасня не патрэбна. Прадстаўлена права прагаласаваць у дзень выбараў і тым, хто будзе знаходзіцца на стацыянарным лячэнні – члены ўчастковых выбарчых камісій, на тэрыторыі якіх знаходзяцца бальніцы, 11 верасня наведаюць іх пацыентаў.
У яшчэ адным тэлефанаванні мужчына пытаўся, ці можа ён прагаласаваць за свайго бацьку, які мае праблемы са зрокам. Прычым, пажылы чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй участак для галасавання падчас папярэдніх выбарчых кампаній абавязкова наведваў, пры галасаванні карыстаўся лупай. Але сёлета пасля правядзення аперацыі зрабіць гэта не зможа. Грамадзянін атрымаў адмоўны адказ – за сваіх бацькоў і іншых блізкіх атрымаць бюлетэнь нельга. Кожны выбаршчык галасуе за сябе асабіста, за другіх асоб, няхай і родных, рабіць гэта забаронена.
Незвычайнае і цікавае пытанне датычылася памылкі пры запаўненні бюлетэня – “ці можна яе паправіць?” Як патлумачыла В.М.Шахноўская, калі пры галасаванні вы памыліліся радком і “птушка” разам з вашым голасам “паляцела” да іншага кандыдата, то неабходна папрасіць новы бланк, а сапсаваны экземпляр з уласным подпісам трэба аддаць членам камісіі. Вам выдадуць новы бюлетэнь і зробяць адзнаку ў спісах насупраць вашага прозвішча аб дапушчанай памылцы і паўторнай выдачы бланка. А папярэдні бюлетэнь пагашаецца, аб чым складаецца акт.
Цікавіць выбаршчыкаў і пытанне, чаму ў дзень выбараў на ўчастках для галасавання няма праграм кандыдатаў. С.В.Азевіч аргументавала гэты факт тым, што згодна дзеючага выбарчага заканадаўства праграмы кандыдатаў адносяцца да агітацыйных матэрыялаў. Яны могуць размяшчацца ў памяшканні ўчастковай камісіі, але з 6 па 10 верасня не павінны знаходзіцца ў тым пакоі, дзе праводзіцца датэрміновае галасаванне. У дзень жа выбараў, 11 верасня, размяшчэнне агітацыйных друкаваных матэрыялаў як у памяшканнях для галасавання так і ў будынку, дзе знаходзіцца ўчастковая камісія, забаронена. У дзень выбараў у памяшканні для галасавання захоўваецца раней аформлены стэнд з агульнымі плакатамі, дзе ўказаны біяграфічныя звесткі аб кандыдатах у дэпутаты. А вось агітацыйныя друкаваныя матэрыялы, вывешаныя паза памяшканнямі ўчасткаў для галасавання раней, захоўваюцца на былых месцах і 11 верасня.
Падрыхтаваў Дзмітрый РАМАНОЎСКІ