Полковник в отставке, журналист и общественный деятель Василий Иванович Шалак презентовал своим землякам-матыринцам книгу «О тех, кто дорог мне»

Общество

“Хоць і кажуць, што “кожны кулік сваё балота хваліць”, але мая малая радзіма – наша, дарагія землякі, – сапраўды лепшая ў свеце!” Такімі словамі 7 жніўня ва ўтульным Матырынскім сельскім клубе вітаў вяскоўцаў Васіль Іванавіч Шалак. Дзякуючы дзейнасці гэтага чалавека пра яго землякоў, пра вёску на далёкай Ушаччыне ведаюць у Паўночна-Заходнім рэгіёне Расіі. Тут, у Санкт-Пецярбургу, палкоўнік у адстаўцы, журналіст, публіцыст і грамадскі дзеяч В.І.Шалак жыве і працуе большую частку сваёй цікавай біяграфіі, але любоў да бацькоўскай старонкі, да яе людзей пранёс праз дзесяцігоддзі. Пра гэта кажа і назва кнігі – “Аб тых, хто дарагі мне”, якую аўтар прэзентаваў сваім землякам.

Галоўнае багацце любога населенага пункта – яго людзі. Гэтыя словы метадыста раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Галіны Сяргееўны Рудзёнак, якая была вядучай мерапрыемства, прыйшліся па душы матырынцам. Іх сабралася шмат, самага рознага ўзросту, а большасць В.І.Шалака ведаюць асабіста. Ён нарадзіўся ў 1948 годзе ў Матырыне ў простай сялянскай сям’і. Скончыў мясцовую васьмігодку, у 1963 годзе – Мінскі політэхнічны інстытут па спецыяльнасці “оптыка-механіка”, а неўзабаве і Ленінградскае вышэйшае артылерыйскае вучылішча, доўгі час служыў у войсках аднайменнай ваеннай акругі. У 1986 годзе неаднойчы быў у камандзіроўках на ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Ваенную службу скончыў у 1998 годзе ў званні палкоўніка і з’яўляецца пенсіянерам Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі. За ўзорнае выкананне службовых абавязкаў узнагароджаны двума ордэнамі і шматлікімі медалямі. Таленавітаму камандзіру ўдавалася сумяшчаць бездакорную службу з творчай дзейнасцю, бо пісаць Васіль Іванавіч пачаў даўно, а зараз з’яўляецца пазаштатным карэспандэнтам газеты “На варце Радзімы”, супрацоўнічае з некалькімі іншымі рэгіянальнымі выданнямі і газетай “Голас Радзімы”, што арыентуецца на чытацкую аўдыторыю з ліку беларусаў замежжа, мае шэраг публікацый у часопісе “Абарона і бяспека” і газеце “Неўскі край”. У 2012 годзе Васіль Іванавіч заваяваў званне лаўрэата конкурсу творчых работ “Беларусь-Расія. Крок наперад”, заснаванага пастаянным камітэтам Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, тройчы прымаў удзел у прэс-турах карэспандэнтаў расійскіх рэгіянальных газет па нашай краіне. Гэта не першая кніга аўтара – у 2014 годзе свет убачыла выданне “Лёс вызначае час”, прысвечанае Герою Сацыялістычнай Працы Таццяне Міхайлаўне Захаравай.

Хоць і на рускай мове кніга, але не забыў Васіль Іванавіч і родную: “На вокладцы – наша возера з боку цагельні”. Складаецца зборнік з трох частак. У адну ўвайшлі асобныя публікацыі аўтара ў сродках масавай інфармацыі, асабістыя назіранні падчас паездак, прэс-канферэнцый. Яшчэ адна частка прысвечана аднапалчанам-саслужыўцам, а самы вялікі раздзел апавяданняў і нарысаў “Землякі” – жыхарам Матырына і навакольных вёсак, цікавым людзям і гісторыям з іх жыцця.

Старшыня Ушацкага сельвыканкама Васіль Іванавіч Шнітко на мерапрыемстве выступаў не ў якасці прадстаўніка мясцовай улады, а на некаторы час стаў простым чытачом, дэкламаваў урыўкі апавяданняў прысутным. Імёны герояў прыведзены ў тых транскрыпцыях, як іх прывыклі вымаўляць вяскоўцы і, па-словах аўтара, зменены. Але людзі, асабліва старэйшага пакалення, ужо праз некалькі абзацаў гумарыстычнага апавядання “Вось дык з’ездзіў!” заўсміхаліся і зала загудзела – пазналі, пра каго ідзе гаворка, у каго было вяселле, хто няўдала наведваў Полацк, забыўшыся выканаць жончын наказ.

У раздзеле ёсць і апавяданні-роздумы, і вельмі цёплыя словы пра старых і малых, калгаснікаў і рабочых, пра настаўнікаў, цудоўных людзей, якія поўнасцю аддаваліся справе. Ківалі галовамі матырынцы, згаджаліся і ўспаміналі дзяцінства, а аўтару шчыра жадалі, каб яго не пакідаў творчы запал. Ён у сваю чаргу дзякаваў людзям за тое, што сабраліся, і многім падарыў экземпляр зборніка, выдадзенага, дарэчы, за ўласныя сродкі.

Намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Марыя Аляксееўна Шаўчэнка назвала выхад кнігі знакавым і значымым не толькі для матырынцаў, а і для ўсяго раёна, адзначыла, што ўраджэнцы Ушаччыны жывуць па ўсім свеце і многія, як і В.І.Шалак, не забываюць свае карані, з’яўляюцца сапраўднымі патрыётамі. А Г.С.Рудзёнак пры ўсіх іншых годных рысах характару “сапраўднага палкоўніка” адзначыла бадай што галоўную – хоць і прыйшлося Васілю Іванавічу пакачаваць па розных краінах, ён ніводнага водпуску не правёў у Егіпце ці ў санаторыі, а берагам Матырынскага возера і ракі Ушачы заўсёды аддаваў перавагу перад курортамі Чорнага ці Чырвонага мораў.

Таму на мерапрыемствах, якія работнікі культустановы праводзяць да розных святаў, ён часты госць. І не толькі госць, але і памочнік, бо робіць фотаздымкі, рыхтуе відэаматэрыялы, якія потым перадае клубным работнікам, яго фатаграфіі не адзін раз выкарыстоўваліся пры афармленні выстаў. З задавальненнем выступілі на мерапрыемстве маленькія ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці, якія выканалі некалькі побытавых танцаў, не абышлося і без спеваў фальклорнага калектыву “Матырынская спадчына”, пра які ў кнізе таксама напісана. Як і пра іншыя традыцыі, заядлых рыбакоў, вадзіцеляў і прадстаўнікоў іншых прафесій, іх нялёгкую працу. Ёсць нават апавяданне, прысвечанае клёцкам! Яны дарэчы, упрыгожылі сталы пасля заканчэння мерапрыемства – адпачываць матырынцы ўмеюць не горш, чым працаваць.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *