Грамадска-патрыятычная акцыя Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі “Мы разам” у мінулым годзе наведала 57 гарадоў і сабрала каля 100 тысяч гледачоў, сёлета ж яна абяцае быць не менш маштабнай і яскравай. Галоўныя мэты сёлетняй акцыі – прыцягненне грамадзян да ўдзелу ў прафсаюзным руху і ў выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Са жніўня па кастрычнік удзельнікамі акцыі стануць жыхары дзясяткаў гарадоў краіны, у тым ліку і рэгіёнаў Віцебшчыны. Нядаўна яна ўжо стартавала ўдзелам у Дні горада Новалукомля, 3 верасня падобнае мерапрыемства пройдзе і ў Лепелі. На раённай педагагічнай канферэнцыі ў Верхнядзвінску, урачыстасцях з нагоды Дня настаўніка ў Расонах, абласным фестывалі-кірмашы “Дажынкі-2016” у Сянно прадстаўнікі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі будуць ушаноўваць працоўныя дынастыі, адзначаць лепшых ветэранаў і маладых спецыялістаў, а вопытныя майстры вытворчасці ўручаць прафсаюзныя білеты малодшаму пакаленню працаўнікоў. У праграме акцыі “Мы – разам” выступленні зорак айчыннай эстрады і аматарскіх калектываў, фіналістаў творчага конкурсу “Новыя імёны Беларусі”. Гледачы таксама атрымаюць інфармацыю пра прафсаюзны адпачынак, спорт і прававую культуру.