23 августа свой профессиональный праздник отмечают работники статистики

К профессиональному празднику

У аўторак сваё прафесійнае свята адзначаць работнікі дзяржаўнай статыстыкі. Менавіта па даных, якія акумулюе і апрацоўвае ведамства, кіруючыя органы адсочваюць паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў і краіны ў цэлым, карэкціруюць яго дынаміку. Аб тым, якімі справамі жыве аддзел статыстыкі Ушацкага раёна Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Віцебскай вобласці, сёння і пойдзе гаворка.

У 2013 годзе ва ўстанове прайшла аптымізацыя рабочага працэсу, без таго невялікі калектыў скараціўся амаль удвая, аднак не стаў менш кампетэнтным і прафесійным. Зараз у аддзеле працуюць тры дзяржаўныя служачыя і два спецыялісты па правядзенні абследаванняў. Першыя ў асноўным курыруюць зводкі ад юрыдычных асоб і могуць  падрабязна апісаць развіццё Ушаччыны. З нядаўняга часу ім у гэтым дапамагае адмысловая камп’ютарная праграма “Адзіная інфармацыйная сістэма дзяржаўнай статыстыкі”, якая дазваляе арганізацыям супрацоўнічаць з аддзелам у аператыўнай і зручнай форме. Спецыялісты па абследаваннях робяць зрэз матэрыяльнага становішча хатніх гаспадарак па гарпасёлку і раёне. Сёлета для маніторынгу адабрана 40 домаўладанняў ва Ушачах і 13 у сельскай мясцовасці. Статыстыкі рэгулярна праводзяць апытанне і запаўняюць спецыяльны дзённік – так збіраюцца звесткі аб харчаванні і выдатках на яго канкрэтнай сям’і, аб патрэбе ў буйных пакупках і рамонце, аб агульнай якасці жыцця. Таксама ў 30 домаўладаннях на сяле даследуецца падсобная гаспадарка: пасяўныя плошчы, ураджайнасць, наяўнасць жывёлы. Такая інфармацыя мае лакальны характар, аднак з яе потым складаецца рэспубліканская. А вось штомесячныя звесткі па фінансавым, паліўна-энергетычным, сельскагаспадарчым і іншых комплексах накіроўваюцца да раённай улады. Самай жа напружанай парой для работнікаў статыстыкі можна назваць перапіс насельніцтва, які праводзіцца раз у дзесяць год.

Значную частку свайго жыцця такой скрупулёзнай і няпростай прафесіі прысвяціла начальнік райаддзела Святлана Пятроўна Ядрэўская. Яна прыйшла ў статыстыку ў перыяд камп’ютарызацыі – у 1998 годзе. Выпускніца цяперашняга Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі (былога МРТІ) лёгка ўлілася ў калектыў і з 2005 года ўзначаліла яго.

– Амаль усе, хто стаў працаваць у сферы больш за 20 год таму, і сёння застаюцца вернымі сваёй справе, – зазначае Святлана Пятроўна. – З нагоды свята віншую сваіх супрацоўнікаў: намесніка начальніка аддзела Наталлю Уладзіміраўну Кудраўцаву, вядучага спецыяліста Тамару Адамаўну Каваленку, старшых спецыялістаў па правядзенні абследаванняў Наталлю Генадзьеўну Машчонак і Наталію Сяргееўну Барысаву.

Канечне, словы ўдзячнасці хачу сказаць і былым работнікам-ветэранам Сяргею Пятровічу Долгаму, Людміле Васільеўне Усцінавай, Галіне Міхайлаўне Носік і многім іншым. Усім калегам жадаю здароўя, паспяховасці, аптымізму!

Вольга СЕВЕРЫНА.

На здымку: Т.Каваленка, Н.Кудраўцава, Н.Машчонак; С.Ядрэўская, Н.Барысава.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *